Партызанскі камандзір Павел Пранягін працаваў педагогам да вайны і пасля вызвалення Беларусі

- 13:061944: путь к освобождению

Настаўнік з Татарстана Павел Пранягін воляй лёсу аказаўся ў вайну на беларускай зямлі, арганізаваў партызанскі атрад.

У пасляваенны час папрацаваў загадчыкам Брэсцкага аблана, потым вярнуўся ў Паволжа — ды паклікалі да сябе зноў былога камандзіра (ужо як педагога) тыя мясціны і людзі, з якімі ў вайну парадніўся. Імем героя названы вуліцы ў Брэсце, Слоніме, Косаве. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сцежкамі памяці

Розум наш мае дзівосную ўласцівасць выбіраць: што памятаць, пад якім ракурсам і “соусам” глядзець на мінулае. Таму так важна збіраць, выбіраць і аналізаваць праўдзівыя дакументы, запісваць жывыя ўражанні, успаміны сведак падзей: дзеля таго, каб з часам, з гадамі гістарыяграфія не надта разыходзілася з рэальнай гісторыяй. Але ж бывае так, што і выпадковыя нібыта факты самі “робяць выбар”, падказваюць нам, на што варта звярнуць увагу. Так было і ў выпадку з педагогам, героем вайны Паўлам Пранягіным.

Чытачы, магчыма, памятаюць тэкст “З Волгі шлях на “Лістапад” пра сясцёр-аніматараў Алену і Эліну Абызавых з Татарстана, якія прывезлі на XXIX Мінскі міжнародны кінафестываль фільм “Вечарынка”. Цікавасці маладых татарак да творчасці Янкі Купалы, увогуле Беларусі паспрыяла памяць у Паволжы пра тое, што ў вайну Пясняр жыў там некаторы час. Маці аніматараў кіруе пад Казанню музеем Янкі Купалы — ён адзіны такі ў Расіі.

Анімацыяй сёстры захапіліся на факультэце кіно і тэлебачання Казанскага інстытута культуры, зрабілі свае дыпломныя праекты пра сувязі з Беларуссю. Алена, у прыватнасці, абаранялася анімацыйным фільмам пра земляка — у вайну партызана Паўла Пранягіна. “Партызанскі атрад, якім кіраваў Пранягін, вызваляў-ратаваў яўрэяў з Косаўскага і Слонімскага гета, якім пагражала смерць”, — патлумачыла мне Алена.

Як сёстры Абызавы даведаліся пра Паўла Пранягіна?

Родам Павел Пранягін быў з вёскі Антонаўкі Камска-Усцьінскага раёна Татарскай АССР

“Мы з Элінай вучыліся ў той школе ў сяле Верхні Услон, дзе Пранягін пасля вайны некаторы час быў дырэктарам, — прыадкрывае таямніцу Алена. — Цяпер і наш тата Яўген Валянцінавіч, і мама Рыма Юр’еўна — дырэктары ў Пячышчах, адпаведна школы і музея. А жывуць у Верхнім Услоне”.

Нейкімі патаемнымі лініямі лёсу паяднаны Купала і Пячышчы, Пранягін, Беларусь і прыволжскі Верхні Услон, сям’я педагогаў Абызавых, Алена і Эліна. Усе ў тым сілавым полі.

На мітынгу ў Косаве

Шукаючы матэрыялы пра беларускую частку жыцця Паўла Пранягіна, у музеі 4-й слонімскай школы імя П.І.Батава я пацікавіўся: ці маюць нешта? Школа ж стаіць практычна ў тым месцы, дзе было Слонімскае гета. Кіраўнік музея Марыя Зенава паказала здымак на стэндзе, прысвечаны партызанскаму атраду імя Мікалая Шчорса, які быў створаны вясной 1942-га. Падпісана пад фота, што Пранягін — “камандзір партызанскай групы № 12, начальнік штаба Брэсцкага партызанскага злучэння”. Гарталі папкі з матэрыяламі Рыгора Самсоніка, сувязнога таго атрада, які пасля называўся “Советская Белоруссия”. Ёсць там характарыстыка, падпісаная каматрада Пранягіным.

Зберагае народны школьны музей бая­вой і працоўнай славы імя А.С.Жукоўскага і ўнікальны тэкст, які перадалі на захаванне баявыя сябры героя: “Выступление бывшего командира отряда им. Щорса, начальника штаба Брестского партизанского соединенния Пронягина Павла Васильевича на митинге в гор.Косове 2-го августа 1992 года”. Гэта было 50-годдзе важнай падзеі ў гісторыі партызанскага руху на Брэстчыне: разгрому буйнога косаўскага нямецка-фашысцкага гарнізона атрадамі імя М.А.Шчорса, імя Г.Дзімітрава, імя К.Я.Варашылава. У гарнізоне, казаў П.Пранягін, налічвалася каля 300 фашыстаў, у ходзе боя знішчана 88 немцаў і палі­цаяў, іншыя пахаваліся і разбегліся. Цытую: “Партизаны полностью овладели городом. Освобождены граждане еврейского гетто, которые были обречены фашистами на полное уничтожение в самое ближайшее время. Их было там несколько сотен человек. Все они вместе с партизанами ушли в лес, и многие из них потом воевали с фашистами в составе партизанских отрядов”. Так званая Косаўская аперацыя закончылася перамогай, прытым партызаны захапілі яшчэ і вялікія трафеі: зброю, боепрыпасы, прадукты, абмундзіраванне. І цэлы месяц потым гарадок знахо­дзіўся пад кантролем партызан!

Камандзір прыводзіць іншыя факты пра паспяховыя баявыя аперацыі атрада імя М.А.Шчорса, якія вымусілі ворага кінуць некалькі дывізій на барацьбу з народнымі мсціўцамі. А гэта, нагадвае П.Пранягін, была рэальная дапамога Чырвонай Арміі ў перыяд Сталінградскай бітвы.

У тэксце прыведзена шмат імён, прозвішчаў паплечнікаў, з якімі разам змагаўся з ворагам камандзір. Гэта характарызуе і Паўла Пранягіна: напэўна, хацеў, каб герояў зналі ўсіх па імёнах.

Па ходзе выступлення згадаў і загінулых, памяць іх ушанавалі мінутай маўчання. Словы ўдзячнасці камандзір адрасуе мясцовым жыхарам, падпольшчыкам са Слоніма, якія былі з партызанамі заадно, іх падтрымлівалі, у тым ліку зброяй, прадуктамі. Далей па тэксце: “Значительное количество оружия и боеприпасов мы получили от подпольщиков Слонимского гетто. Работая на складе трофейного оружия, в бойте-лагере, они по частям выносили его, а потом через связных переправляли нам. От них же получали очень нужные нам радиоприемники и медикаменты. Для них это было связано со смертельным риском”. Далей Павел Васілевіч называе прадстаўнікоў гераічнага падполля, запрошаных на мітынг, і сціпла паведамляе: у чэрвені — ліпені 1942 года ўсе яны прыбылі ў атрад імя М.А.Шчорса і адважна ваявалі з акупантамі да поўнага вызвалення Беларусі. А “прыбыццё” ж тое было адной з працяглых партызанскіх аперацый. У кнізе “У самой границы” (Мінск, 1979), якую напісаў і з вялікімі цяжкасцямі выдаў Павел Пранягін, ёсць шмат добрых слоў у адрас падпольшчыкаў. І такі факт: са Слонімскага гета са снежня 1941 па ліпень1942 года ў лес да партызан атрада імя М.А.Шчорса было перапраўлена больш за 500 чалавек!

Напрыканцы выступлення на мітынгу ў Косаве гучаць словы прызнання косаўцам за гасцінны прыём, народную дапамогу партызанам, якую адчувалі яны ў хо­дзе барацьбы з ворагам. І паколькі гэта ўжо 1992 год, то адпаведна, прычым і сёння да месца, гучаць апошнія заклікі ў прамове камандзіра: “Да здравствует наша победа над фашизмом — злейшим врагом человечества! Да здравствует интернациональная дружба! Пусть живет и процветает свободная Беларусь в сотрудничестве со всеми прогрессивными людьми всех стран и народов!”

…Рыхтуючы тэкст, я парадаваўся: не аднаго мяне зацікавіў лёс Паўла Пранягіна. Вось і Дзяржархіў Брэсцкай вобласці прадаставіў дакументы пра яго журналістам тэлерадыёкампаніі “Брэст” для падрыхтоўкі сюжэта цыкла “Незабытыя Героі”, які ствараецца пры ўдзеле пракуратуры вобласці, музейных устаноў. Там ёсць і аўтабіяграфія героя ад 8 кастрычніка 1944 года, і даведка. На той час “предоставляемый для утверждения в ЦК ВКП(б)” Павел Пранягін працуе загадчыкам Брэсц­кага абласнога аддзела народнай адукацыі — з 1 кастрычніка. У радку пра яго адукацыю бачым “вышэйшая”, пра спе­цыяльнасць — “педагог”.

Калі П.Пранягін праходзіў на тэрыторыі Беларусі вайсковую службу, то ў 1940—1941 гадах вучыўся на курсах лейтэнантаў запасу. І перад вайной быў пераведзены ў мотамеханізаваную часць. Ужо на другі дзень вайны часць аказалася ў акружэнні — на тое, відаць, былі прычыны. Варожая армада рвалася да Мінска, які бамбілі самалёты ад пачатку вайны да 27 чэрвеня, а 28-га ў горад увайшлі захопнікі.

Была ў акружэнцаў няўдалая спроба прарвацца цераз лінію фронту, і далей, па аўтабіяграфіі: “…я направился в знакомые мне районы Брестской области (где в 1940 г. дислоцировался 107 с.п.) с целью активного участия в партизанской войне”. У лютым — маі 1942-га лейтэнант П.Пранягін з групай таварышаў арганізаваў там, у раёне Воўча-Норскіх лясоў, партызанскі атрад імя М.А.Шчорса. У аўтабіяграфіі прыведзена лічба: “численностью в 500 человек”. І камандаваў атрадам Павел Пранягін да красавіка 1943 года. Шчорсаўцы разграмілі варожыя гарнізоны ў Косаве, Гавенавічах, Чамялах…

Жорсткая праўда вайны

Павел Пранягін (у цэнтры) і яго баявыя таварышы-партызаны

“Деревня Волчьи Норы, находясь на перекрестке партизанских путей, была основной базой отряда имени Щорса, а затем и отряда “Советская Белоруссия”. Павел Иванович Павловский — коренной житель этой деревни — был вдохновителем и первым организатором партизанской борьбы в нашем крае,” — гаварыў П.Пранягін з удзячнасцю Паўлоўскаму ў згаданым выступленні ў Косаве. І ні слова, на жаль, не сказаў тады пра хатынскі лёс згаданага паселішча…

Паспрабаваў я знайсці — Воўчых Нор няма на карце Івацэвіцкага раёна. Фашысты жорстка расправіліся з партызанскай вёскай, з усімі яе жыхарамі. 17 верасня 1942 года, засведчыла пазней партызанская сувязная Паўлоўская, у агні загінула 465 чалавек, а расстраляных ні­хто і не лічыў. Паводле матэрыялаў Нацыянальнага архіва Беларусі, мая калега пісала: “Гитлеровцы загоняли в дома по 30—40 человек: стариков, женщин, детей. Дома вспыхивали один за другим. Люди умирали мученической смертью. Два дня оккупанты расправлялись с мирными жителями. От деревни, кроме пепла, ничего не осталось…”

І такую жорсткую, жудасную праўду нам варта ведаць, згадваючы пра партызанскі рух у Беларусі, прамаўляючы словы “рэспубліка-партызанка”. Што хаваць: рызыкавалі жыццём не толькі партызаны, але і ўсе, хто хоць неяк меў да іх дачыненне.

Уся Беларусь тады стала вялізным скрыжаваннем, для многіх тут быў наканаваны цяжкі крыж гора і пакут. І цэлыя вёскі, сотні, тысячы так званых мірных людзей расплачваліся жыццямі за ўдалыя партызанскія акцыі. Часта хатынскі лёс яны мелі толькі за тое, што былі побач, траплялі карнікам пад гарачую руку. Аднак былі таксама і старанна спланаваныя акцыі вынішчэння, запалохвання ўсіх тубыльцаў. І, вядома ж, у некаторых ахвяр карных аперацый, якія пацярпелі самі ці страцілі родных і блізкіх, аднавяскоўцаў, не хапала мудрасці, разважлівасці, здаровага розуму, каб не вінаваціць партызан у падобных трагедыях, зверствах з боку фашыстаў. Каб зразумець і не асуджаць партызанскіх камандзіраў…

Павел Пранягін з братам

Пра той перыяд, калі П.Пранягін з атраднага камандзіра стаў начальнікам штаба Брэсц­кага партызанскага злучэння (красавік 1943-га), у аўтабіяграфіі напісана сцісла. У той час Павел Васілевіч “вместе с командиром соединения т.Сикорским руководил всей боевой работой Брестских партизан” — да злучэння з Чыр­вонай Арміяй у ліпені 1944 года. А колькі ўсяго давялося перажыць яму — хто сёння зможа зразумець? Яго спрабавалі нават забіць, свае ж партызаны, таму верныя лю­дзі, ёсць звесткі, аберагалі П.Пранягіна… Яму ставілі ў віну прыўладныя “таварышы” як яго шчырае каханне да польскай яўрэйкі Дзіны, так і тое немаўлятка, што ў іх нарадзілася. Урэшце Дзіну з малым адправілі ў іншы атрад, сын іх заразіўся дыфтэрыяй і ў хуткім часе памёр… Жанчына выжыла, трапіла ў ЗША — і стала там выкладчыцай аднаго з універсітэтаў. Можа, мела крыўду на каханага, які так жорстка з ёй паступіў. А калі стала магчыма, то яны праз доўгія гады пачалі перапісвацца, і была іх цёплая сустрэча ў Брэсце ў 50-ю гадавіну Перамогі. Дзіна зразумела: так паступіць яго вымусілі тады і прыўладныя людзі, што былі над атрадам, і акалічнасці ваеннага часу.

З партызан — у педагогі

У некаторых крыніцах знаходзім рамантычныя словы, нібыта сям’і ў П.Пранягіна больш не было. Аднак жа пасля вайны герой-партызан ажаніўся з дзяўчынай з яго атрада і пражыў з ёй жыццё: гэта была Настасся Пятроўна Новік. У іх нарадзіліся дзеці — Валянціна і Віктар, потым унучкі — Таццяна і Настасся.

Чаму не ўтрымаўся доўга партызанскі камандзір-афіцэр на пасадзе загадчыка Брэсцкага аблана? Чаму паехаў працаваць у Паволжа, і менавіта ў Верхні Услон? Якім дырэктарам быў там, а таксама, ёсць звесткі, загадчыкам райаддзела адукацыі? Як зарэкамендаваў сябе потым, вярнуўшыся, у школах Бярозаўскага і Баранавіцкага раёнаў Брэстчыны? Пытанні пакідаем адкрытымі.

Мяркуючы па тым, што кавалеру ордэнаў Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны І ступені, ушанаванага медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, у 1974-м было нададзена і званне “Ганаровы грамадзянін горада Брэста”, Павел Васілевіч годна прайшоў наканаваныя выпрабаванні.

У 1971 годзе ён выйшаў на пенсію і пасяліўся ў Брэсце. А ганаровым яго жыхаром стаў “за актыўны ўдзел у партызанскім руху ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў, у аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі горада і вобласці”. Не стала героя 1 снежня 1997 года.

Я спрабаваў высветліць дэталі яго работы дырэктарам школы ў Вялікіх Луках, што пад Баранавічамі, тэлефанаваў туды. Мне сказалі: ой, даўно тое было. Да таго ж і школа, цяпер базавая, сёлета перастае існаваць: вучні з настаўнікамі будуць ез­дзіць у Русіноўскую сярэднюю. А пра час яго работы ў Верхнім Услоне Алене Абызавай удалося высветліць наступнае. Настаўніца Лідзія Мікалаеўна Бабушкіна згадвала, што П.Пранягін быў “вельмі строгім кіраўніком, які патрабаваў дысцыпліну і парадак”. За тое, расказвала, многія, хто не ведаў вайну, ваенны парадак і дысцыпліну, яго не любілі. Што ж, як кажуць у народзе, чалавек не цукерка — усім салодкім не будзе…

Што застаецца, калі сыходзяць гады, людзі, школы? Толькі памяць. То будзем памятаць! Светла і з удзячнасцю. Нават строгіх і “не салодкіх” — бо не ведаем жа ўсіх акалічнасцей іх жыцця.

Іван ЖДАНОВІЧ