Міні-музей “Космас” створаны ў дзіцячым садзе № 46 Оршы па ініцыятыве маладой выхавальніцы Юліі Рудзь. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кожны дарослы тут можа азнаёміцца з незвычайнымі фактамі пра космас, а дзіця — паглядзець яркія ілюстрацыі, акунуцца ў займальную атмасферу Сусвету, выканаць цікавыя заданні.
Юлія Генадзьеўна правяла экскурсію разам са сваім выхаванцам, будучым касманаўтам Кірылам Дзікавым. Наведванне міні-музея пачынаецца з парада планет. У цэнтры — Сонца, вакол якога рухаюцца 8 планет. Круцяцца яны не толькі вакол Сонца, але і вакол сваёй восі. На небе бачны сузор’і Вялікай і Малой Мядзведзіцы. І спадарожнік Зямлі — Месяц, паказаны ўсе яго фазы. Разгледзець прыгожае зорнае неба можна пры дапамозе тэлескопа.
— З вялікай радасцю і творчым падыходам нашы выхаванцы дапамагалі нам афармляць “Касмічную выставу”, — гаворыць Юлія Рудзь. — Байканур — месца, дзе пачынаецца падрыхтоўка да касмічнага палёту і сам палёт. У музеі прадстаўлены партрэты першых касманаўтаў, у тым ліку беларусаў, першай жанчыны, якая заваявала космас, і, вядома, першай беларускай жанчыны-касманаўта Марыны Васілеўскай.
Працягваюць падарожжа фатаграфіі сабак Белкі і Стрэлкі, макет Спадарожніка-5, на якім быў здзейснены першы касмічны палёт. Тут жа прадстаўлены паменшаныя мадэлі спадарожнікаў. Дзеці могуць убачыць “касмічную ежу” ў цюбіках. А калекцыя іншапланетных жыхароў перанясе малых у свет фантастыкі. Пераўвасобіцца ў касманаўта дапаможа скафандр, побач з якім размешчана інфармацыя пра яго гісторыю. Дзякуючы растамеру, будучыя пакарыцелі Сусвету могуць даведацца, ці дараслі яны да палёту ў космас. Ёсць падборка творчых і інтэлектуальных заданняў: рэбусы, галаваломкі, лабірынты, размалёўкі, пазлы, вершы.
— Кожны выхаванец дзіцячага сада мае свой пашпарт касманаўта з серыяй і асабістым нумарам, дзе адзначаюцца яго поспехі. З дапамогай простых, але эфектных доследаў (“Ці ёсць жыццё на Марсе?”, “Ці свецяцца зоркі днём?” і інш.) мы расказваем дзецям пра космас, — адзначае педагог. — Такі музей дазваляе сфарміраваць у дашкольнікаў праектна-даследчыя ўменні і навыкі, пазнавальныя здольнасці, спрыяе развіццю творчага і лагічнага мыслення, уяўлення. Тут праводзяцца заняткі, экскурсіі і святы.
Стварыць інтэрактыўную касмічную адукацыйную прастору, дзе кожны можа дзейнічаць самастойна з улікам сваіх інтарэсаў і магчымасцей, Юліі Рудзь дапамагала яе мама, сапраўдная майстрыха. Ва ўсім падтрымлівала кіраўніцтва дзіцячага сада на чале з Аксанай Жукоўскай. Касмічныя малюнкі выканала інспектар па кадрах установы Алёна Яноўская, далучаліся да агульнай справы і бацькі выхаванцаў.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара