Пашыць спадніцу, спячы шарлотку, высадзіць расаду — гэтаму і не толькі вучыць малады педагог з Ашмян

- 16:15Первое рабочее место

Другі год у гімназіі № 1 Ашмян працуе настаўніцай абслуговай працы мэтавік Аляксандра Лукашэвіч. Выпускніца сярэдняй школы № 1 імя М.М.Гружэўскага, атрымаўшы прафесію ў Ваўкавыскім каледжы, вярнулася ў родны горад. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У пошуках сябе

Акрамя ўрокаў абслуговай працы ў дзяўчынак з 5 па 9 класы, 19-гадовая настаўніца вя­дзе заняткі аб’яднання па інтарэсах “Вучэбная бізнес-кампанія”, якія ў тым ліку наведваюць хлопчыкі, якія хочуць навучыцца гатаваць. Таксама пад кіраўніцтвам педагога ў гімназіі рэалізуецца стартап па вырабе сувеніраў: прыхватак, сурвэтак, футляраў для акуляраў, мяшкоў-заплечнікаў для зменнага абутку. Частка сувенірнай прадукцыі ідзе ў дар ветэранам педагагічнай працы, да якіх гімназісты спраўна наведваюцца ў госці ці запрашаюць ва ўстанову адукацыі на святочныя або памятныя даты. Атрымаць у якасці знака ўвагі пенал, падстаўку або арганайзер для канцтавараў, выкананыя рукамі дзяцей, пенсіянерам заўсёды прыемна.

Аляксандра нарадзілася ў сям’і настаўнікаў пачатковых класаў і фізічнай культуры і здароўя, таму аб атрыманні педагагічнай прафесіі задумалася яшчэ ў 7 класе.

— Я з дзяцінства займалася музыкай, пяць гадоў наведвала студыю малявання і заўсёды лічыла сябе чалавекам творчым, — успамінае дзіцячыя гады Аляксандра Лукашэвіч. — Калі надышоў момант выбіраць прафесію, вырашыла пасля 9 класа пайсці вучыцца ў Ваўкавыскі каледж — філіял ГрДУ імя Янкі Купалы. Сярод педагагічных спецыяльнасцей выбрала, на мой погляд, адну з найбольш крэатыўных — “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”.

Падчас вучобы ў каледжы Аляксандра зацікавілася дэкаратыўна-прыкладной творчасцю ў аб’яднанні па інтарэсах “Умелыя ручкі”, а кройкай і шыццём — у аб’яднанні “Канструяванне і ма­дэляванне адзення”. Дзяўчыне таксама падабаліся заняткі па жывапісе. Яна займала прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх творчых спаборніцтвах. На выпускным курсе перамагла ў спаборніцтве “Лепшы па прафесіі”, які право­дзіўся сярод навучэнцаў каледжа. Будучыя педагогі дэманстравалі тэарэтычныя веды і прафесійныя навыкі, праяўлялі асабістыя якасці, расказваючы пра сябе і право­дзячы адкрытыя ўрокі.

У Ваўкавыскім каледжы будучыя педагогі асвойваюць методыкі працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва, вывучаюць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, абсталяванне швейнай вытворчасці, тэхналогію апрацоўкі тэкстыльных матэрыялаў і харчовых прадуктаў, канструяванне і мадэляванне швейных вырабаў, малюнак, жывапіс і г.д.

Набіраючыся вопыту

— Першы прафесійны вопыт я атрымала, праводзячы класныя і інфармацыйныя гадзіны на ўроках у малодшых класах, — успамінае педагагічную практыку Аляксандра Андрэеўна. — Вядома, спачатку было боязна. Асабліва хвалявалася выходзіць на ўрокі да дзяцей старэйшага ўзросту. Не пакідала адчуванне, што, напрыклад, дзевяцікласнікі не ўспрымуць мяне сур’ёзна з-за малой розніцы ва ўзросце. Таму ўзмоцнена рыхтавалася, прапрацоўваючы вялікі аб’ём інфармацыі. Хацелася, каб урокі праходзілі на адным дыханні. Старэйшыя педагогі падказвалі, падтрымлівалі мяне, таму з кожным новым урокам хвалявання станавілася менш. І прыйшло разуменне, што я на правільным шляху і зай­маюся справай, якая мне вельмі падабаецца, а зна­чыць, усё абавязкова атрымаецца. Дарэчы, да канца практыкі я зразумела, што са старэйшымі школьнікамі камунікаваць нават прасцей, чым з малымі, бо яны больш спакойныя, разважлівыя. Да малышоў-непасед даводзілася даўжэй шукаць падыход, траціць час на тое, каб іх супакоіць, вынаходзіць розныя хітрыкі, каб заняткі, на якіх выконваецца манатонная работа, праходзілі займальна.

Таксама навучэнцы каледжа могуць прымераць на сябе ролю важатага падчас практыкі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах, настаўніка — на пробных уроках у школах. Пабываць памочнікам класнага кіраўніка ёсць магчымасць падчас псіхолага-педагагічнай практыкі. Да таго ж выпускнікі каледжа атрымліваюць разрад швачкі.

Сёння на ўроках працы са сваімі выхаванцамі Аляксандра Лукашэвіч сустракаецца раз на тыдзень. У першай чвэрці на кожнай паралелі вывучаецца раз­дзел “Кулінарыя”, затым — “Выраб швейных вырабаў”, пасля — “Дамаводства” і “Асновы вырошчвання раслін”.

Мудрасці гатавання ежы, прыбірання, раслінаводства, а таксама швейнай справы дзяўчынкі асвойваюць паступова. У 5 класе, напрыклад, вучацца сервіраваць стол да снедання і гатаваць простыя ранішнія стравы: заварваць гарачыя напоі, рабіць бутэрброды, адварваць яйкі. У 7 класе яны ўжо ўмеюць сервіраваць стол да абеду, варыць, запякаць, смажыць, тушыць мяса, гатаваць салаты і гарніры з агародніны. А дзевяцікласніцы выпякаюць торцікі і іншыя прысмакі з цеста, ведаюць, як сервіраваць банкетны стол, авалодваюць правіламі этыкету і знаёмяцца з прафесіямі пекара, кандытара.

Рабочыя моманты

Крок за крокам дзяўчынкі набываюць і швейныя навыкі. Спачатку для іх дасягненнем з’яўляюцца роўныя злучальныя машынныя швы, а ў 9 класе некаторыя ўжо распрацоўваюць мастацкі эскіз вырабу, падбіраючы матэрыял, від апрацоўкі, умеюць здымаць меркі, будаваць чарцёж, могуць раскроіць тканіну і пашыць, скажам, хатні халат.

Гаворачы пра тое, як прахо­дзяць заняткі, педагог адзначае, што выкарыстоўвае сучасныя метады і формы ра-
боты:

— Люблю прымяняць на ўроках гексанальнае навучанне. Метад шасцівугольнікаў падыхо­дзіць пры тлумачэнні новай тэмы. Ён дазваляе перайсці ад пасіўнага слухання да актыўнай работы вучняў на ўроку, што павышае эфектыўнасць заняткаў. Выкарыстанне шасцівугольнікаў — гэта добры спосаб развіцця такіх навыкаў, як здольнасць выбі­раць, класіфікаваць і звязваць інфармацыю, веды, доказы. Кожны гекс (шасцівугольная картка) утрымлівае ў сабе інфармацыю па вызначаным аспекце тэмы, якая вывучаецца. Карткі злучаюцца паміж сабой пры дапамозе пэўных паняційных або па­дзейных сувязей. У выніку гексы складаюцца ў адзіную структуру і збіраецца пазл, а вучні тлумачаць атрыманую ўзаемасувязь, прадстаўляючы канкрэтны вынік сваёй дзейнасці, фармулюючы высновы, даказваючы свой пункт гледжання.

Таксама настаўнік выкарыстоўвае ў рабоце прэзентацыі, якія дапамагаюць наглядна растлумачыць новы тэарэтычны матэрыял. Яны карысныя пры самастойным знаёмстве дзяцей з тэмай.

Малюючы партрэт ідэальнага педагога, да якога імкнецца суразмоўніца, яна падкрэслівае:

— Думаю, ідэальны настаўнік — гэта стрыманы, доб­ры, цярплівы прафесіянал, які ўвесь час развіваецца асобасна і ўдасканальваецца ў педагагічным майстэрстве.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара