У Дзень горада Мінска юныя госці і жыхары сталіцы сталі ўдзельнікамі фестывалю прафесій у Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага. Пабывала там і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Актуальныя спецыяльнасці былі прадстаўлены ў 15 тэматычных зонах: “Служба выратавання”, “Медыцынскі пункт”, “Ветэрынарны пункт”, “Манетны двор”, “Арт-тэрыторыя” і інш.

— Ужо другі раз у гэтым выдатным месцы фестываль прафесій сустракае сваіх сяброў. Ён дае магчымасць забыць пра сумныя лекцыі і акунуцца ў чароўны свет больш як 50 прафесій, — падкрэсліла падчас урачыстага адкрыцця намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.
Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама член Савета Рэспублікі Марына Ільіна адзначыла:
— Пляцоўкі, якія арганізаваны тут, раскрыюць у кожным удзельніку новыя грані і новыя таленты, а ў далейшым гэта паспрыяе росквіту нашай любімай сталіцы і ўсёй Беларусі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел 35 УВА, 20 каледжаў і 10 прадпрыемстваў. У іх інтэрактыўных зонах можна было азнаёміцца з запатрабаванымі спецыяльнасцямі — ад ратавальніка, урача і настаўніка да інжынера, дызайнера і праграміста.

Кожнаму госцю ўручылі яго першую “працоўную кніжку”, запоўніўшы якую можна было атрымаць памятныя падарункі.
Так, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Мінскага дзяржаўнага лінгвагуманітарнага каледжа Вольга Закржэўская расказала, што наведвальнікі свята маюць магчымасць падрабязней даведацца пра спецыфіку работы настаўніка англійскай мовы.

— Навучэнцы спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці” падрыхтавалі паказ, у якім яны ў традыцыйных касцюмах той ці іншай краіны звяртаюцца да гледачоў на французскай, іспанскай, кітайскай і нямецкай мовах.

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава да ўвагі гасцей прапанаваў адразу некалькі прафесій: юрыста-крыміналіста, праграміста і педагога пачатковых класаў. Адказны за выставачную і інавацыйную дзейнасць гэтай УВА Аляксандр Дудараў прадэманстраваў распрацоўкі ВДУ па біялогіі, біяхіміі і геаэкалогіі. У тэматычнай зоне праходзіла віктарына пра змяненні клімату ў Беларусі і разгортваўся генетычны дэтэктыў.

На пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа юныя мінчане маглі адчуць сябе кухарамі і прадэгуставаць свае стравы.

— У рамках знаёмства з профілем “Грамадскае харчаванне” дзеці ўдзельнічалі ў майстар-класах па ўпрыгожванні пернікаў, выпечаных навучэнцамі каледжа, і ў гатаванні бліноў з рознымі начынкамі, — расказала дырэктар установы Святлана Андрэева. — Прафарыентацыя павінна пачынацца з ранняга дзяцінства, каб да 9 класа хлопцы і дзяўчаты дакладна разумелі, чаго яны хочуць ад будучай прафесіі. Чым раней яны паспрабуюць той ці іншы напрамак, тым больш усвядомленым будзе іх выбар.

Стаць на пэўны час юным садоўнікам ці агароднікам можна было разам з педагогамі Мінскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва. На пляцоўцы прапанавалі распазнаць рознае насенне, пасадзіць кветкі або адчаранкаваць расліну. Педагог-арганізатар выкладчыца эканомікі Наталля Батурына адзначыла, што пасля леташняга ўдзелу ў фестывалі ў каледжы ўбачылі вялікі водгук ад дзяцей і атрымалі моцную зваротную сувязь.

Загадчыца кафедры праграмнага забеспячэння сетак тэлекамунікацый Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Вольга Гарбадзей азнаёміла са спецыяльнасцю “Тэхнік па тэлекамунікацыях”:
— Нашы выкладчыкі падрыхтавалі майстар-клас па зварцы оптавалакна, віктарыну па гісторыі сувязі і фотазону з рознымі мадэлямі тэлефона і радыё.

Цікава на фестывалі было не толькі школьнікам і студэнтам, але і дарослым.

Прымераць форму ратавальніка, павучыцца кройцы і шыццю, узяць адбіткі пальцаў ці сабраць фотаробат, адтачыць сталярныя навыкі — кожны наведвальнік змог знайсці сабе занятак па душы.
Ульяна КАСЦЮНІНА
Фота аўтара





