Паспяховая прафарыентацыйная работа дазваляе амаль на 100% укамплектаваць кадрамі ўстановы адукацыі на Ашмяншчыне. Маладыя спецыялісты апошніх гадоў — мясцовыя жыхары. Аб асаблівасцях сістэмы адукацыі на розных яе ўзроўнях карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з начальнікам упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святланай Баркоўскай.

— Святлана Мікалаеўна, як вы ацэньваеце развіццё сістэмы адукацыі раёна за апошнія гады?
— Па шэрагу крытэрыяў наш раён мае даволі добрыя паказчыкі. Паспяховая прафарыентацыйная работа дазваляе нам амаль на 100% укамплектаваць кадрамі ўстановы адукацыі. Пры гэтым усе маладыя спецыялісты апошніх гадоў — ураджэнцы Ашмянскага раёна.
Нядрэнны паказчык па паступленні нашых выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны: апошнія пяць гадоў ён складае каля 73%. Большасць дзяцей раёна (прыкладна 75%) знаходзіць сабе захапленне па душы, наведваючы заняткі дадатковай адукацыі. Забяспечаны стапрацэнтны ахоп спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай усіх дзяцей, у якіх выяўлены асаблівасці псіхафізічнага развіцця.
— Чым можа ганарыцца сістэма дашкольнай адукацыі? Да чаго варта яшчэ імкнуцца?
— Сістэма дашкольнай адукацыі стабільна функцыянуе і развіваецца. За апошнія гады атрымалася рэалізаваць запыты бацькоў і адкрыць групы кароткачасовага знаходжання для 247 дзяцей (49 груп) ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў. У пачатку наступнага года ў райцэнтры завершыцца будаўніцтва дзіцячага сада на 190 месцаў у мікрараёне вуліцы Барунскай. У сельскай мясцовасці мы папрацуем над павелічэннем ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй.
Радуе, што ўдасканальваецца навукова-педагагічны бок адукацыйнага працэсу ў нашых установах дашкольнай адукацыі. Рэсурсны цэнтр па патрыятычным выхаванні адкрыты ў гарадскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці. Абласны рэсурсны цэнтр па выкарыстанні нетрадыцыйных тэхнік выяўленчай дзейнасці працуе на базе дзіцячага сада № 7 Ашмян. Там жа адкрыты філіял кафедры прыватных методык факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ. Дарэчы, паміж універсітэтам і Ашмянскім раённым выканаўчым камітэтам падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве.
А вось у дзіцячым садзе № 6 Ашмян паспяхова рэалізуецца рэспубліканскі адукацыйны праект “Інфарматыка без разеткі”, у якім удзельнічаюць 12 дзетак.
Выхаванцы дашкольных устаноў паспяхова займаюцца і даследчай дзейнасцю. З апошніх дасягненняў — дыплом І ступені выхаванкі дзіцячага сада № 7 Софіі Юшко (педагог А.А.Бортнік) у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”. Думаю, гэтую дзейнасць трэба развіваць і маштабаваць.
— Як вы ацэньваеце якасць адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі? У чым адметнасці вучэбнага працэсу?
— Параўнальны аналіз вынікаў выпускных экзаменаў дазваляе гаварыць, што за апошнія некалькі гадоў колькасць навучэнцаў, якія атрымалі адзнакі высокага і дастатковага ўзроўню, вышэйшая за сярэдні паказчык па вобласці. У 9-х класах такіх дзяцей каля 53%, а ў 11-х — больш за 80%.
Сярод 28 устаноў адукацыі раёна — гімназія, 11 сярэдніх, 2 базавыя, 10 дашкольных устаноў адукацыі, установа дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр з аддзяленнем сацыяльнага прытулку, ЦКРНіР, аздараўленчы лагер “Дружба”.
У 2023 годзе вучнямі атрыманы тры стабальныя вынікі на ЦЭ і адзін на ЦТ. Пры гэтым 67% прэтэндэнтаў на медаль атрымалі вышэйшую адзнаку — 10. Увогуле, адзнакі высокага ўзроўню за ЦЭ па беларускай і рускай мовах атрымалі 52% выпускнікоў, па іншых прадметах — 60,7%.
Ва ўстановах адукацыі раёна актыўна развіваецца навукова-даследчая дзейнасць. За мінулы навучальны год 52 школьнікі прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Два выпускнікі сталі студэнтамі педагагічных вышэйшых устаноў адукацыі па выніках універсітэцкіх алімпіяд, яшчэ адна выпускніца паступіла ў БДУ па рэкамендацыі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.
Магу дадаць, што навучэнцы гарадскіх сярэдніх школ №№ 2, 3 і гімназіі № 1 дэманструюць добрыя вынікі і ў алімпіядным руху. Так, у мінулым годзе юнакі і дзяўчаты заваявалі 8 прызавых месцаў і пахвальную грамату на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. На заключным этапе дыплом III ступені па беларускай мове і літаратуры атрымала вучаніца ашмянскай сярэдняй школы № 3 Лізавета Лабачэўская.
Выніковым стаў мінулы навучальны год і ў даследчай дзейнасці. Дыплом I ступені ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячых навукова-даследчых праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы” атрымала навучэнка Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.К.Багушэвіча Надзея Садоўская (настаўнік Л.С.Юхневіч). У скарбонцы вучаніцы — дыплом III ступені па выніках рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ, дыплом III ступені на заключным этапе рэспубліканскага навуковага конкурсу біёлага-экалагічных работ і праектаў.
Поспехі звычайна дэманструюць навучэнцы тых устаноў адукацыі, дзе выбудавана сістэмная работа з адоранымі навучэнцамі і ёсць педагогі (аб вопыце сярэдняй школы № 3 Ашмян падрабязней чытайце неўзабаве ў адным з кастрычніцкіх нумароў газеты. — Заўвага аўтара.).
— А як будуецца прафарыентацыйная і профільная работа ва ўстановах адукацыі?
— Прафарыентацыйная работа, стварэнне профільных класаў, што нацэльвае старшакласнікаў на свядомы выбар прафесіі яшчэ ў школьныя гады, даюць свой плён. Напрыклад, з году ў год нашы выпускнікі ахвотна паступаюць ва УВА педагагічнага профілю, таму раён не адчувае недахопу ў педагагічных кадрах. У некаторых педкласах або групах працэнт паступлення ў педуніверсітэт імкнецца ад 75% да 100%. Магу адзначыць выніковую работу ў гэтым кірунку Кальчунскай і Дакурнішскай сярэдніх школ. Прыемна, што маладыя спецыялісты нярэдка ідуць вучыцца па мэтавых накіраваннях і вяртаюцца ў тыя школы, што скончылі самі.
Таксама ў раёне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі працуе 6 груп педагагічнай накіраванасці, 3 профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці, 2 профільныя групы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, 3 профільныя групы аграрнай і 4 групы інжынернай накіраванасці. Ёсць у нас прававыя, спартыўныя і ваенна-патрыятычныя класы на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Па мэтавых накіраваннях у вышэйшыя навучальныя ўстановы рознага профілю ў 2023 годзе паступілі 32 выпускнікі.
Вынік якаснай прафарыентацыйнай работы — паступленне не менш за 75% выпускнікоў груп педагагічнай, спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці ў профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі.
Пры гэтым прафарыентацыйная работа — працэс бесперапынны і шматгранны. У гэтым навучальным годзе ў нас запланавана рэалізацыя маштабнага прафарыентацыйнага праекта “Ашмяны — эканоміка — людзі”. На працягу года больш за 300 вучняў 10—11 класаў наведаюць з экскурсіямі ўсе арганізацыі і прадпрыемствы раёна, азнаёмяцца з рознымі прафесіямі. Юнакі і дзяўчаты змогуць на свае вочы ўбачыць працоўныя месцы, куды яны потым могуць вярнуцца працаваць, даведацца пра спецыфіку работы кожнага прадпрыемства знутры і аб асаблівасцях розных прафесій.
Пры гэтым мы працягваем прымаць неабходныя меры па забеспячэнні росту якасці адукацыі.
Марына КУНЯЎСКАЯ





