Паспяховыя старты

- 14:40Актуально, Рознае
У Міністэрстве адукацыі адбылося ўшанаванне прызёраў ХХVI Сусветнай зімовай універсіяды і ХV Сусветнай гімназіяды. З удзельнікамі гэтых спартыўных спаборніцтваў сустрэліся міністр адукацыі Сяргей Маскевіч і першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Гагіеў.

Як адзначыў міністр адукацыі, і ў Італіі, і ў Бразіліі нашы спартсмены паказалі сябе на найвышэйшым узроўні. “Традыцыйна ў Міністэрстве адукацыі разам з кіраўнікамі Міністэрства спорту і турызму ўшаноўваюць пераможцаў і прызёраў сусветных зімовых і летніх універсіяд. Так супала, што ў канцы 2013 года амаль адначасова адбыліся два найбуйнейшыя міжнародныя спартыўныя форумы: у лістападзе — ХV Сусветная гімназіяда па летніх відах спорту ў Бразіліі (Федэратыўная Рэспубліка Бразілія), а ў снежні — XXVI Сусветная зімовая ўніверсіяда, якая праходзіла ў Трэнта (Італьянская Рэспубліка). І сёння ўпершыню ў адной зале сабраліся прадстаўнікі як зімовых, так і летніх відаў спорту. Прыемна бачыць разам і студэнтаў, і школьнікаў. Школьны спорт з’яўляецца асновай студэнцкага спорту і спорту вышэйшых дасягненняў”, — сказаў Сяргей Аляксандравіч.
Ва ўсе часы лічылася, што дзеці — гэта будучыня любой дзяржавы. Таму для іх прадастаўлены вялікія магчымасці — вучыцца і займацца спортам. Беларуская школа аўтарытэтная і вядомая ва ўсім свеце. Толькі за мінулы год беларускія школьнікі заваявалі 26 узнагарод: 3 залатыя, 12 сярэбраных і 11 бронзавых.
“Дарэчы, не толькі медалямі могуць пахваліцца юныя спартсмены. Мы вельмі рады, што, напрыклад, Ганна Тарасюк устанавіла новы рэкорд”, — адзначыў міністр. Пасля першай спробы стала ясна, што ў канкурэнтаў няма ніводнага шансу. Кап’ё паляцела так далёка, што ў суддзяў узніклі цяжкасці з замерамі. Ганна Тарасюк цяпер не проста чэмпіёнка, яна легенда. Рэкорд палепшаны амаль на 10 метраў. Беларускія юныя спартсмены заваявалі золата ў кіданні кап’я і яшчэ тры медалі: “серабро” ў плаванні і скачках у вышыню, “бронзу” ў бегу на 100 метраў з бар’ерамі. На сусветнай гімназіядзе беларусы выступалі ўпершыню.

XV Сусветная гімназіяда праходзіла з 27 лістапада па 5 снежня 2013 года ў Бразіліі. У ёй прынялі ўдзел спартсмены з 39 краін свету. Беларускую дэлегацыю прадставілі 6 спартсменаў. 4 чалавекі спаборнічалі ў лёгкай атлетыцы і 2 чалавекі — у плаванні.
Узнагароды: залаты медаль у кіданні кап’я — Ганна Тарасюк (навучэнка гімназіі № 16 Мінска, выхаванка мінскай СДЮШАР № 2 БФСА “Дынама”); 2 сярэбраныя — у плаванні — Мікіта Цмыг (навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага ліцэя, выхаванец гарадской ДЮСШ Магілёва) і ў скачках у вышыню — Павел Селіверстаў (навучэнец сярэдняй школы № 148 Мінска, выхаванец Рэспубліканскай школы вышэйшага спартыўнага майстэрства па лёгкай атлетыцы Міністэрства адукацыі); бронзавы медаль у бегу на 100 метраў з бар’ерамі — Святлана Губенка (навучэнка сярэдняй школы № 20 Оршы, выхаванка Віцебскай абласной школы вышэйшага спартыўнага майстэрства).

З удалым выступленнем павіншавалі не толькі будучых алімпійцаў, але і студэнтаў — удзельнікаў універсіяды. Лыжнік Міхаіл Сямёнаў у Мінску пару дзён. На Сусветнай універсіядзе выйграў “серабро”, але галоўны старт для яго праз два тыдні — у Сочы. Як адзначыў першы намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гагіеў, вядома, гэта пэўны зрэз для нашых спартсменаў, таму што ёсць магчымасць паказаць сябе, таму што ўніверсіяда — гэта спаборніцтвы даволі высокага ўзроўню. Там заваяваць медалі не так проста. На мінулай зімовай універсіядзе было 2 медалі і цяпер іх 2. Яшчэ адзін медаль універсіяды — і зноў у члена алімпійскай зборнай. “Бронза” гарналыжніцы Марыі Шканавай стала для нашай каманды першай узнагародай у гэтым відзе спорту. Цяпер Марыя будзе пакараць алімпійскія схілы.

XXVI Сусветная зімовая ўніверсіяда адбылася з 11 па 21 снежня 2013 года ў Трэнта (Італія). У спаборніцтвах па 12 відах спорту прынялі ўдзел каля дзвюх тысяч студэнтаў-спартсменаў з 50 краін свету.
На рахунку зборнай Беларусі — 2 медалі: сярэбраны і бронзавы.
“Серабро” ў лыжных гонках заваяваў Міхаіл Сямёнаў (БДУФК). Беларускія лыжнікі апошні раз падымаліся на п’едэстал сусветных зімовых універсіяд у 2007 годзе. Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі бронзавай узнагароды ў гарналыжным спорце ўдастоілася Марыя Шканава, таксама студэнтка БДУФК.
У цэлым на ўніверсіядзе зборную каманду Рэспублікі Беларусь прадстаўлялі 17 студэнтаў-спартсменаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, спорту, моладзі і турызму, Нацыянальнага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, спорту і здароўя імя Пятра Францавіча Лесгафта (Санкт-Перцярбург).
Нашы студэнты змагаліся за медалі ў 8 відах спорту (лыжныя гонкі, фігурнае катанне, фрыстайл, горныя лыжы, біятлон, лыжнае дваяборства, скачкі з трампліна і хуткасны бег на каньках).

Юлія БАРАДУН.