Пасвячэнне ў філолагі

- 10:30Людзі адукацыі

Калі я запытала ў дзесяцікласніцы гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна Карыны Луневіч, ці строгая ў яе настаўніца рускай мовы і літаратуры, у адказ пачула: “Не, не строгая”.

Карына Луневіч і А.І.Касцюк.

—Аліна Іванаўна на ўроках ніколі не павышае голас, але мы ўсе яе чуем, — гаворыць Карына.

“У цішыні можна пачуць шмат адценняў добрых думак, пачуццяў, шмат любові”. Гэта словы Аліны Іванаўны Касцюк, якія прачытала ў яе блогу.

За 38 гадоў работы ў школе ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі А.І.Касцюк склалася свая сістэма работы, якая дазваляе ёй бачыць і развіваць зорачак, вучыць усіх сваіх вучняў так, каб яны спазнавалі прыгажосць мовы, важнасць літаратуры, былі адказнымі і сумленнымі людзьмі.

— Творчыя заданні — адзін з самых неабходных элементаў любога ўрока, — гаворыць Аліна Іванаўна. — З набору “Дыктант, сачыненне, тэст” настаўнік здольны зрабіць творчую платформу. На ўроках пішам “смачныя”, страшныя, дзіўныя, смешныя, чуллівыя тэксты на самыя розныя тэмы, бо ўрок мовы — гэта ўрок развіцця інтэлекту і творчых магчымасцей. Пастаянна праводжу ўрокі творчасці, майстэрні юных пісьменнікаў, паэтаў. Магчымасці такіх урокаў вывучыць да канца нельга, але ўжо цяпер можна сказаць пра тое, што менавіта яны ствараюць умовы для інтэнсіўнага развіцця мыслення школьніка. А творчасць абуджае думку, прымушае працаваць сэрца. Мае вучні дакладна ведаюць, што такое жыць і бачыць прыгожае вакол. Лес спявае, дожджык плача, а летні вечар — у чаканні цуду. І ён абавязкова здарыцца.

— Важна тое, што Аліна Іванаўна працуе з кожным вучнем, а не толькі з тымі, хто дэманструе высокія вынікі на алімпіядах і конкурсах, — падкрэслівае дырэктар гімназіі № 9 Аксана Валер’еўна Надудзік. — Яна сапраўдны настаўнік для дзяцей і для сваіх калег. Я таксама настаўнік-філолаг, і ўдзячная лёсу, што знаёма з Алінай Іванаўнай яшчэ з тых часоў, калі была настаўніцай, вучылася ў яе прафесійнаму майстэрству і жыццёвай мудрасці. Яна вельмі адказны і адданы педагогіцы чалавек.

Аліна Іванаўна лічыць, што адна справа — заўважыць здольнага вучня, галоўная ж задача настаўніка — развіць яго здольнасці, падтрымаць, накіраваць на дасягненне высокіх вынікаў. І гэтыя вынікі — не толькі дыпломы і граматы, але і стаўленне да жыцця і справы.

“Гордиться славою своих предков не только можно, но и должно, не уважать оной есть постыдное малодушие”. Гэтае выказванне А.С.Пушкіна Карына Луневіч выбрала для напісання сачынення-разважання на заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” і ў выніку была адзначана дыпломам ІІ ступені. На раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Руская мова і літаратура” заняла першае месца, зараз пад кіраўніцтвам А.І.Касцюк удзельнічае ў абласным этапе. Пры гэтым вучыцца Карына на выдатна ў ма­тэматычным класе. На пытанне “Чаму не ў філалагічным?” адказвае, што матэматыка дапамагае ёй у сіс­тэматызацыі ведаў. Тут бачу ўсмешку на твары настаўніцы: сістэму ў рабоце Аліна Іванаўна лічыць адным з галоўных элементаў поспеху.

Пасля філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аліне Іванаўне давялося працаваць і ў невялікіх сельскіх школках, дзе ў класе было ўсяго тры вучні, і ў вялікай гарадской гімназіі, дзе працуе апошнія 20 гадоў. Адразу пасля размеркавання маладой настаўніцы даверылі і класнае кіраўніцтва, і выкладанне рускай і нямецкай мовы, і фізкультуру. А калі прыйшла ў гімназію — адразу франтальная праверка.

— Але мне ўсюды было камфортна, — гаворыць Аліна Іванаўна.— Настаўніку складана працаваць і ў маленькім класе, і ў вялікім: кожны мае свае асаблівасці. Без пастаяннага развіцця, самаўдасканалення педагогу немагчыма. Трэба шмат працаваць, спасцігаць новае, толькі тады будзеш цікавы вучню.

Некалькі гадоў назад самастойна асвоіла камп’ютарныя тэхналогіі і стварыла два блогі: “Уроки русского” і адукацыйны рэсурс “Профиль.ру”. Апошні быў адзначаны на Рэспубліканскім конкурсе “Свет вачыма ІКТ: традыцыі, інавацыі, поспех” дыпломам І ступені. У блогу “Уроки русского” ёсць раздзел “Водгукі аб прачытаным”, дзе вучні Аліны Іванаўны дзеляцца думкамі аб кнігах.

Аліна Іванаўна лічыць, што выніку дасягнуць можна праз вучэбныя заняткі, сістэму дадатковых заняткаў і інтэрнэт-зносіны.

— На кожным уроку, пачынаючы з 5 класа, імкнуся ствараць такую сістэму работы, якая дазваляе дзецям адчуваць патрэбу ў творчай і спаборніцкай дзейнасці, — гаворыць настаўніца. — У 5—6 класах прывычным і любімым заданнем для вучняў на ўроках мовы стала стварэнне мініяцюр пад агульнай назвай “Тры мінуты, тры лінеечкі”. Такой методыкі ў літаратуры не сустракала, таму з поўнай упэўненасцю магу сказаць, што гэта асабістая вынаходка. Тэкст павінен строга адпавядаць заяўленай тэме. Павінен умяшчацца на трох лінеечках школьнага сшытка. І павінен быць выкананы прыкладна за тры мінуты. Сэнс такой работы, як я лічу, велізарны. Абмежаванне ў часе прывучае дзяцей да таго, што яны павінны брацца за працу адразу, не марудзячы, не губляючы ні адной секунды. Пісаць шмат і пісаць лішняе дзеці чамусьці ўмеюць, аднак выказваць думку коратка бывае для іх складана.

А яшчэ вельмі важным элементам работы Аліна Іванаўна лічыць сумесную творчасць. Калі навучэнцы пішуць мініяцюру, яна таксама яе піша з тымі ж патрабаваннямі, якія выконваюць яе вучні. Сваё сачыненне зачытвае ў апошнюю чаргу, каб дзеці пачулі работу старэйшага, вопытнага сябра і яшчэ раз павучыліся.

— У 10—11 класах выкарыстоўваю такія формы ўрока, як форум тэлевядучых, семінары, канферэнцыі, пасяджэнні лінгвістаў, агляды ведаў. Цікава разам з навучэнцамі знаходзіць новыя формы ўрока. Працуючы ў профільным філалагічным класе, разумею, што навучэнцы чакаюць ад мяне нечага асаблівага, таму што і я чакаю ад іх таго ж, — працягвае Аліна Іванаўна. — На ўроках літаратуры поле дзейнасці яшчэ шырэйшае. Усё залежыць ад сітуацыі, узроставых асаблівасцей дзяцей, але выкарыстоўваю творчы падыход пры кожнай магчымасці. Навучэнцы вельмі любяць гуляць, інсцэніраваць, пераўвасабляцца. На ўроках літаратуры даю дзецям магчымасць адкрываць для сябе паэта ці пісьменніка самастойна. Раблю гэта выключна з таго пераканання, што веды, здабытыя самастойна, самыя трывалыя.

Пасля першай чвэрці традыцыйна праводзіцца ўрок пасвячэння ў філолагі, да якога кожны вучань рыхтуе сваю клятву, а падчас урока выконвае заданні, каб набраць максімальныя 100 балаў, адказвае на складаныя пытанні. А потым, паклаўшы правую руку на стос слоўнікаў, прамаўляе словы сваёй клятвы.

Аліна Іванаўна вельмі творчы чалавек. У яе скарбонцы — вершы і дзевяць літаратурна-крытычных артыкулаў у часопісах “Няміга”, “Маладая гвардыя”. А яе вучні пастаянна ўдзельнічаюць і перамагаюць у алімпіядах і творчых конкурсах. Нядаўна далучыліся да міжнароднай грамадскай акцыі “Далеўскі дыктант”.

“Вучыць мове — гэта вучыць жыццю, адкрываць прыгажосць зносін. Вучыць мове — гэта вучыць бачыць прыгожае і перадаваць яго з дапамогай фарбаў і гукаў вобразнага слова!” — цытата з блогу Аліны Іванаўны Касцюк. І гэта ў яе атрымліваецца.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.