Як навучыць выхаванцаў правілам бяспекі і разам з тым захаваць шчасце бесклапотнага дзяцінства?
Адказы на гэтыя пытанні добра ведае педагагічны калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва. У гэтай дашкольнай установе асаблівую ўвагу ўдзяляюць фарміраванню асноў бяспекі жыццядзейнасці ў малышоў. Педагогі тут упэўнены: бяспека дзяцей — найважнейшая адказнасць дарослых.
— Але трэба не толькі аберагаць выхаванцаў ад небяспекі. Неабходна яшчэ і фарміраваць у іх уяўленні аб магчымых надзвычайных сітуацыях, прывіваць навыкі бяспечных паводзін, — адзначыла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Загорская.
Для дасягнення гэтых мэт педагагічным калектывам была створана ўласная эфектыўная сістэма работы. Каб зацікавіць выхаванцаў вывучэннем правіл бяспекі, у дашкольнай установе распрацавалі цікавы дыдактычны матэрыял.
— Перш за ўсё было створана адпаведнае адукацыйнае асяроддзе. У нас функцыянуе вялікі і ўтульны пакой бяспекі. Там выхаванцы разам са сваімі педагогамі адпрацоўваюць тэарэтычныя веды ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных. Пакой падзелены на тэматычныя зоны і напоўнены ілюстрацыямі і гульнямі. Акрамя таго, у навучанні шырока выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Дзеці вучацца прымяняць атрыманыя навыкі на практыцы, вырашаючы гульнявыя задачы на інтэрактыўнай панэлі і планшэтах, — паведаміла Ірына Леанідаўна.
Свае куткі бяспекі ёсць і ў кожнай групе дашкольнага цэнтра. Выкарыстоўваючы іх абсталяванне, выхавальнікі рэгулярна праводзяць з малышамі тэматычныя заняткі. Формы навучання самыя розныя. Бяспечным паводзінам дзетак вучаць праз гульні, практыкаванні, чытанне мастацкай літаратуры, прагляд відэаролікаў і мультфільмаў, арганізацыю свят і забаў.
— Выхавальнікі не даюць гатовыя веды і не абмяжоўваюць дзяцей у пошуку практычных і гульнявых дзеянняў. Яны сумесна выбіраюць аптымальную мадэль паводзін, што дазваляе малышам лепш засвоіць інфармацыю. Дарэчы, многія вучэбныя гульні распрацоўваюць непасрэдна нашы педагогі. Так, выхавальніцы Таццяна Блінкова і Анжаліка Панкраценка стварылі шэраг інтэрактыўных квест-гульняў. А выхавальніца Алеся Каплунова выступіла аўтарам гульні “Служба выратавання”, у якой дзеці не толькі замацоўваюць веды па бяспецы жыццядзейнасці, але і асвойваюць азы праграмавання, — падкрэсліла Ірына Загорская.
Пытанні, звязаныя з бяспекай выхаванцаў, у 8-м дашкольным цэнтры вырашаюць пры актыўным удзеле бацькоў. Мамы і таты пры падтрымцы педагогаў таксама актыўна займаюцца фарміраваннем у сваіх дзяцей уяўленняў аб правілах бяспекі. Узаемадзеянне ў гэтым напрамку вядзецца вельмі плённа. Ва ўстанове пастаянна праходзяць тэматычныя сумесныя флэш-мобы, чэленджы, анлайн-марафоны, выставы, рэалізуюцца адукацыйныя праекты.
— Дзякуючы такому цеснаму супрацоўніцтву з бацькамі, нашы выхаванцы вучацца правілам бяспечных паводзін і ў садзе, і дома. Гэта грунтоўна ўмацоўвае іх веды і навыкі. На агульную эфектыўнасць усёй работы станоўча ўплывае таксама міжведамаснае ўзаемадзеянне, наладжанае з супрацоўнікамі абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, — падкрэсліла Ірына Леанідаўна.
Выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва сапраўды добра ведаюць, як паводзіць сябе ў небяспецы і як яе пазбегнуць. Эфектыўная работа мясцовага педагагічнага калектыву ў гэтым кірунку сёлета была адпаведна адзначана. Навучальная ўстанова стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Бяспечнае дзяцінства” адразу ў чатырох намінацыях.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.