Патрыятычныя арыенціры: агляд студзеньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 16:32Журнал "Народная асвета", Новости

Любіць сваю Радзіму самааддана, разумець сваю ролю ў яе развіцці, добра ведаць гісторыю, захоўваць традыцыі і культуру — гэтыя пачуцці і імкненні сапраўднага патрыёта не даюцца чалавеку пры нараджэнні, а фарміруюцца ў працэсе зладжанага ўзаемадзеяння сям’і, школы і грамадства.

Патрыятычнае выхаванне моладзі — адзін з асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. Гэта адлюстравана ў дзяржаўных праграмах, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі.

Бягучы год — знакавы для ўсіх беларусаў. У маі краіна будзе адзначаць 80-годдзе  перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З мэтай актывізацыі і сістэматызацыі работы па патрыятычным выхаванні ва ўстановах адукацыі краіны распрацоўваюцца спецыяль­ныя праекты, праводзяцца рэспубліканскія і мясцовыя акцыі, конкурсы, экспедыцыі, дэкады грамадзянска-пат­рыятычных спраў. Мы разумеем вялікую адказнасць за захаванне гістарычнай памяці і выхаванне ў маладога пакалення грамадзянскасці і патрыятызму, таму першы ў 2025 годзе выпуск праекта “Педагагічная асамблея” прысвячаем менавіта гэтай тэме.

“Дзіця — гэта люстэрка маральнага жыцця бацькоў”, — сцвярджаў В.А.Сухамлінскі. Гэта бясспрэчна. Але возьмем на сябе смеласць дапоўніць слушную думку вялікага педагога: дзіця — люстэрка і настаўніка таксама. У актыўных, неабыякавых да сваёй справы настаўнікаў і вучні становяцца такімі ж, нават калі раней былі іншымі. Ім становіцца цікава спасцігаць новае, нешта ствараць сваімі рукамі — спачатку разам з дарослымі, а потым і самастойна. Яны ўмеюць ставіць мэты і ўпэўнена ідуць да іх. Патрэбны прыклад? Калі ласка: настаўнікі і вучні Раманаўскай сярэдняй школы Слуцкага раёна. Гэты калектыў мы сёння прадстаўляем на старонках часопіса ў праекце “Энцыклапедыя “Школа Беларусі”. Калектыў невялікі, але справу робіць вялікую, і імя ёй — выхаванне чалавека. Чалавека, які мае цэласную сістэму маральных каштоў­насцей, трывалую грамадзянскую пазіцыю, які ведае гісторыю і культуру свайго народа, любіць свой край. Пра гэта чытайце ў іх артыкулах і прымяняйце лепшыя знаходкі, каб і ў вашых вучняў засталіся цудоўныя ўспаміны пра школу.

Сёння нікога не здзіўляе, што сучасныя дзеці свабодна карыстаюцца мультымедыйнымі сродкамі, інтэрактыўнымі рэсурсамі, сацыяльнымі сеткамі. Аднак перагружаны разнастайнай інфармацыяй мозг перастае адэкватна ўспрымаць новыя веды. У вучня аслабляецца здольнасць думаць — ён не можа пабудаваць прычынна-выніковыя сувязі, дрэнна засвойвае праграмны матэрыял і не здольны да сістэматызацыі ведаў. Пра гэтыя і шэраг іншых наступстваў інфармацыйнай перагрузкі дзяцей і падлеткаў расказвае ў студзеньскім выпуску “Бацькоўскага сходу” кандыдат псіхалагічных навук С.А.Месніковіч. І, зразумела, дае парады па прафілактыцы гэтай небяспечнай тэндэнцыі.

У студзеньскім нумары часопіса — новы праект “Школа прававых ведаў”, які з’яўляецца вынікам сумеснай работы часопіса “Народная асвета” і Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Сярод тэм, якія будуць разглядацца ў рамках праекта, — ідэалагічная работа з моладдзю, развіццё сацыяльна-прававой кампетэнтнасці дзяцей і падлеткаў, прафілактыка правапарушэнняў, дэвіянтных паводзін, экстрэмізму, арганізацыя работы прававых класаў, ваенна-патрыятычнае выхаванне школьнікаў і інш.

Новая рубрыка “Метадычнае партфоліа” стане свое­асаблівай інтэрактыўнай пляцоўкай для абмену вопытам выкарыстання дзейсных інструментаў арганізацыі якаснага ўрока і адначасова метадычным дапаможнікам для правядзення майстар-класаў, семінараў-практыкумаў, педагагічных майстэрняў і іншых мерапрыемстваў метадычнага кшталту.

Запрашаем далучацца да прафесійнай размовы на старонках “Народнай асветы”.

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар