Лета ў дзіцячых садах — сапраўды як маленькае жыццё. Гэта час гульняў, забаў, свят на вуліцы, дзе цёпла і сонечна. І, канечне ж, летнія месяцы — самыя прыдатныя для аздараўлення хлопчыкаў і дзяўчынак, таму ў гомельскіх садах летні час выкарыстоўваецца напоўніцу. Тут па-майстэрску спалучаюць гульнявую, вучэбную і аздараўленчую дзейнасць.
Весела і прадукцыйна
Тэрыторыя ясляў-сада № 8 Гомеля напоўнена дзіцячымі галасамі. Мы завіталі туды ў час прагулкі. Усе гульнявыя пляцоўкі заняты. Вось дзеткі танцуюць. З аўтаномнай калонкі даносяцца рытмы знаёмай песенькі. Малышня радасна падпявае і паўтарае за выхавальніцай танцавальныя рухі.
Крыху далей на траве стаіць сапраўдная палатка, побач раскладзены дровы, ёсць посуд для гатавання юшкі. Абсталяваная турыстычная пляцоўка вабіць не толькі малых, але і дарослых. Як адзначыла загадчыца дзіцячага сада Ірына Малая, тут гадаванцы не толькі забаўляюцца, але і вучацца адпаведным турыстычным паводзінам. Галоўнае, каб дзеці засвоілі правілы бяспекі, ведалі, што можна, а што нельга рабіць побач з палаткай, дзе можна распальваць вогнішча, а дзе забаронена. Вучыць гуляючы — асноўны закон для дашкольных устаноў — выконваецца бездакорна.
Далей загадчыца запрашае наведаць пляцоўку, абсталяванне для якой дапамагалі набыць бацькі. Домік, вулічныя цацкі, міні-басейн — усё для прыдатнага летняга адпачынку. Малыя ахвотна паказваюць сваю “гаспадарку”, заўважаючы, што ў домік абутым заходзіць нельга. Паважлівае стаўленне да дамашняга распарадку — таксама патрэбны навык. Ірына Міхайлаўна заўважае, што ўзаемаадносіны з бацькамі ў сваёй навучальнай установе яна будуе выключна на прынцыпах узаемапавагі.
Пераходзім у будынак дзіцячага сада. Тут летам па-за канкурэнцыяй басейн. З дашкольнікамі працуе педагог-інструктар, які і плаваць, і ныраць навучыць. Дзеці радасна плёскаюцца ў вадзе, але і плавальныя навыкі прадэманстраваць не забываюць. Калі ж час прыходзіць вяртацца ў групу, то і тут сумаваць няма калі, бо можна, напрыклад, пагуляць у лялечны тэатр. Як бачым, лета ў яслях-садзе № 8 Гомеля цікавае, вясёлае і прадукцыйнае.
У дашкольнай установе сфарміравана 14 груп з 360 гадаванцаў. Для развіцця дзяцей абсталяваны музычная зала, спартыўная зала і пляцоўка, ёсць магчымасць атрымліваць харэаграфічныя навыкі, вывучаць замежную мову, створана мацярынская школа. Працуюць адаптацыйныя групы, дзяцей вучаць дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, развіваецца дзіцячае ручное ткацтва, тэхнічнае канструяванне.
Пры арганізацыі выхаваўча-вучэбнай прасторы дзіцячага сада мы зыходзім найперш з унікальнасці і непаўторнасці кожнага дзіцяці, таму імкнёмся прымаць дзіця такім, якое яно ёсць. Заўсёды шукаем баланс паміж свабодай і кантролем, імкнёмся развіваць дух супрацоўніцтва.
“У нас можна атрымаць карэкцыйна-кампенсавальныя паслугі: педагагічную карэкцыю, карэкцыю цяжкасцей у засваенні праграмы, псіхалагічную карэкцыю, карэкцыю цяжкасцей інтэлектуальнага развіцця, эмацыянальных парушэнняў, асобасных праблем у дзяцей. Дзейнічае пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі”, — адзначыла загадчыца.
Дарэчы, на рахунку дашкольнай установы дыплом І ступені гарадскога конкурсу “Лепшы пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі”. Увогуле, педагогі ясляў-сада — актыўныя ўдзельнікі конкурсаў, інавацыйных праектаў. У прыватнасці, у мінулым навучальным годзе тут рэалізоўваўся псіхалагічны праект для выхаванцаў “Краіна самацветаў”, адукацыйны — “Інфарматыка без разеткі”. З гэтага года пачаў сваю рэалізацыю інавацыйны праект “Укараненне методыкі правядзення ранішняй гімнастыкі ва ўстановах дашкольнай адукацыі”.
“Пры арганізацыі выхаваўча-вучэбнай прасторы дзіцячага сада мы зыходзім найперш з унікальнасці і непаўторнасці кожнага дзіцяці, таму імкнёмся прымаць дзіця такім, якое яно ёсць. Заўсёды шукаем баланс паміж свабодай і кантролем, імкнёмся развіваць дух супрацоўніцтва”, — падсумавала Ірына Міхайлаўна.
Развіццёвыя лакацыі
Развіваць прыродныя таленты і схільнасці дзіцяці імкнуцца і ў Гомельскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Званочак”. Тут стварылі зоны рознай тэматыкі.
У выніку тэрыторыя ў цэнтры развіцця падзелена на тэматычныя пазнавальна-забаўляльныя лакацыі. Здзіўляцца пачынаеш з увахода. На спартыўнай пляцоўцы нацягнута сетка для валейбола. Шчыра кажучы, я вельмі здзівілася (мне здавалася, што такая гульня будзе цікавай для больш дарослых дзяцей), але, паглядзеўшы на тое, з якім азартам лётае праз сетку мячык, зразумела, што дарма. Прынамсі, пасаваць і адбіваць мяч дзеці дакладна могуць. А тэхніка — справа нажыўная.
Далей мы трапілі на метэапляцоўку. Яна агароджана і з інтэрактыўным абсталяваннем. На вочы адразу трапляе метэабудка, флюгер, сонечны гадзіннік, спецыяльны стэнд з рухомымі часткамі (візуалізатар надвор’я), дзе пазначаны дні тыдня, можна адзначыць тэмпературу паветра, зафіксаваць умовы надвор’я (сонечнае, пахмурнае, воблачнае, дажджлівае).
Як адзначыла загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Званочак” Наталля Шэвелева, дзейнасць іх дашкольнай установы арыентавана на актыўнае набыццё дзецьмі навыкаў экалагічнай культуры і павышэнне экалагічнай пісьменнасці. “Дашкольны ўзрост важны для развіцця пазнавальных патрэб, якія знаходзяць адлюстраванне ў пошукавай, даследчай дзейнасці, накіраванай на адкрыццё новага, раней нязведанага”, — падкрэсліла Наталля Міхайлаўна.
Агарод у дзіцячым садзе і пасільная праца дзяцей на яго тэрыторыі аказваюць уплыў на фарміраванне элементарных экалагічных уяўленняў у дашкольнікаў.
Развіццё даследчых навыкаў і пашырэнне экалагічнай культуры працягваецца на невялічкім агародзе. Прызнацца, і тут я здзівілася. Найперш таму, што дзецям пад кіраўніцтвам выхавальнікаў удаецца вырошчваць. Агуркі, памідоры, цыбуля, баклажаны, клубніцы, кветкі — і гэта толькі тое, што змагла пазнаць па форме і колеры лістоў!
Лічыцца, што агарод у дзіцячым садзе патрэбен для таго, каб знаёміць дашкольнікаў з прыродай і яе сезоннымі зменамі. Акрамя гэтага, агарод у дзіцячым садзе і пасільная праца дзяцей на яго тэрыторыі аказваюць уплыў на фарміраванне элементарных экалагічных уяўленняў у дашкольнікаў. Гэтую думку падзяляюць у “Званочку” цалкам. Нават проста сачыць за тым, як з’яўляецца, расце і чырванее клубніца, — сапраўднае чараўніцтва.
Канечне, дзеці, якія не проста бачаць увесь працэс, а становяцца яго ўдзельнікамі, набываюць унікальны пазнавальны і практычны вопыт. Яны разумеюць, як насенне ператвараецца ў плады. Да таго ж знаёмяцца з культурай вырошчвання розных раслін. На тэрыторыі цэнтра маецца яшчэ і фітаагарод.
Ёсць у цэнтры і аўтагарадок са святлафорамі, дарогамі, пешаходнымі зебрамі. Тут, зразумела, малых вучаць правілам дарожнага руху. Побач, для набыцця сацыяльных навыкаў, усталявана невялічкая гульнявая пляцоўка — “бензакалонка”. Па меркаванні Наталлі Міхайлаўны, дзеці павінны ведаць правілы паводзін у такім месцы. Для набыцця правільных сацыяльных навыкаў было вырашана ўсталяваць сапраўдны рыначны прылавак пад навесам. Зноў-такі, дзеці — актыўныя ўдзельнікі грамадства, таму ім неабходна разумець, што такое базар, што там можна набыць, як сябе паводзяць прадаўцы і пакупнікі.
На стадыі дапрацоўкі знаходзіцца этнакуток у невялічкім закрытым дворыку — вельмі атмасфернае месца, дзе ў будучыні можна будзе праводзіць, напрыклад, святы.
Падчас нашага наведвання дашкольнага цэнтра дзятва гудзела на ўсіх пляцоўках. Не сумняваюся, што прыходзяць яны ў свой садок з вялікім задавальненнем. У цэнтры функцыянуе 14 груп, у якіх 342 гадаванцы. Гэтак жа, як і ў яслях-садзе № 8, тут ёсць басейн, абсталяваныя музычная і спартыўная залы. Можна атрымаць карэкцыйна-кампенсавальныя паслугі. Дзеткі маюць магчымасць займацца харэаграфіяй, фітнесам, вывучаць замежную мову, працуе мацярынская школа.
Абедзве дашкольныя ўстановы супрацоўнічаюць з Гомельскім педагагічным каледжам імя Л.С.Выгоцкага, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф.Скарыны, Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Заўсёды гатовы пераймаць і дзяліцца вопытам.
Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Людмілы Крылісценка, спектр паслуг у дашкольных установах раёна ўвесь час пашыраецца. “Усе імкнуцца своечасова рэагаваць на запыты бацькоў. Акрамя таго, час не стаіць на месцы, таму арганізацыйна-метадычная дзейнасць у дашкольных установах адукацыі павінна адпавядаць сучасным трэндам”, — заўважыла Людміла Уладзіміраўна.
Дарэчы, для зручнасці бацькоў у Гомельскай вобласці працуюць карты візуалізацыі свабодных месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі рэгіёна.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.