Педагагічная грамадскасць абмяркоўвае вучэбны дапаможнік «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі»

- 10:07Актуально

Пытанні апрабацыі вучэбнага дапаможніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 10 класа сталі ключавымі на дыялогавай пляцоўцы ў гімназіі № 1 Слуцка.

Навучальная ўстанова стала пляцоўкай для абмеркавання новага вучэбнага дапаможніка сярод педагогаў Міншчыны. Міністр адукацыі Андрэй Іванец нагадаў, што яго апрабацыя вялася ў 14 школах краіны. І падкрэсліў, што абмеркаванне падручніка неабходна завяр­шыць да канца месяца. Вучыцца па ім усе дзесяцікласнікі павінны з новага навучальнага года. 

— Важна, каб дзеці, якія заканчваюць школу, ведалі асноўныя гістарычныя падзеі, умелі ацаніць і разу­мелі іх значнасць — былі са сфарміраваным светапоглядам, — акцэнтаваў Андрэй Іванец. — Тут важна правільна падаваць інфармацыю вучням. Роздумы над гэтым пытаннем і прывялі да ідэі стварэння вучэбнага дапаможніка на стыку школьнай гістарычнай адукацыі і ўніверсітэцкай.

Пра асаблівасці выкладання гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі гаварыла прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі адукацыі Валянціна Гінчук, а пра змест вучэбнага дапаможніка расказаў кіраўнік аўтарскага калектыву дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі.

Сваімі ўражаннямі ад работы з вучэбным дапаможнікам падзяліўся ўдзельнік апрабацыі настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 5 Маладзечна Максім Самаль. Педагог адзначыў не толькі моцныя бакі падручніка, але і звярнуў увагу на тыя моманты, якія абавязкова трэба дапрацаваць.

— Мы вывучалі і працягваем вывучаць дапаможнік у лічбавым варыянце, — падзяліўся Максім Самаль. — Працуючы ў такім фармаце, магу з упэўненасцю сказаць, што нішто не заменіць сапраўдную друкаваную кнігу. Мы вельмі многа часу працуем з гаджэтамі, вывучаючы гіс­торыю, таму бачу якаснае адрозненне паміж планшэтам, мабільным тэлефонам і падручнікам — апошні лепш за ўсё спрыяе вывучэнню і асваенню інфармацыі.

Разам з тым педагог звярнуў увагу на вялікія аб’ёмы тэкстаў і інфармацыі, якая падаецца ў параграфе. Але з іншага боку, ілюстрацыі, схемы аблягчаюць успрыманне тэкставай інфармацыі.

— Пасля першай чвэрці група настаўнікаў-апрабатараў выказала крытычныя заўвагі наконт тэксту, якія ў далейшым былі ўлічаны, — дадаў настаўнік гісторыі. — Другі раздзел (па гісторыі Беларусі) падручніка вучнямі ўспрымаўся лепш. А вось трэці, які прысвечаны новаму часу, не такі просты. Нельга сказаць, што калі тэксты аднолькавыя па памеры і невялікія, то ўсё ўспрымаецца проста. Ёсць раздзелы, складаныя сваёй тэрміналогіяй і азначэннямі, але гэта нармальна, бо эпоха новага часу сама па сабе вельмі складаная і перадаць яе лёгка, як нейкія цікавыя факты, не атрымаецца.

Напрыканцы кожнай чвэрці Максім Самаль праводзіў анкетаванне сярод навучэнцаў па пройдзеным матэрыяле і атрымліваў толькі станоўчыя водгукі. Са слоў педагога-апрабатара, дзецям у новым дапаможніку вельмі падабаюцца такія метадычныя складнікі, як міні-даследаванні, тое, як пададзены абагульненне, практыкум.

— Мне як настаўніку нічога не трэба дадумваць, дзеці атрымліваюць задавальненне ад заданняў, — запэўніў педагог. — Увогуле ж інтэграваны курс гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі зрабіць вельмі цяжка. У некаторых тэмах назіраецца механічнае злучэнне нашай гісторыі і сусветнай. Толькі заданні ў канцы параграфа дазваляюць устанавіць сувязь паміж падзеямі абедзвюх гісторый. Але тут галоўная роля належыць не аўтару падручніка, а настаўніку, які выкладае прадмет, яго прафесійным кампетэнцыям і ўменням злучыць гіс­торыю Беларусі і сусветную. Толькі ад настаўніка залежыць, якія аналітычныя звязкі можна вылучыць паміж імі.

Завяршылася дыялогавая пляцоўка размовай з міністрам адукацыі ў фармаце адкрытага мікрафона і сумесным фота на памяць у найстарэйшай установе адукацыі краіны.

***

Рэалізацыю новага інтэграванага курса абмеркавалі таксама на дыялогавай пляцоўцы ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Як падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, інтэграваны курс нацэлены не толькі на выпрацоўку ў старшакласнікаў на аснове атрыманых ведаў агульнай карціны гістарычных працэсаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ў свеце, але і на фарміраванне ўсвядомленага разумення ўзаемасувязі і непарыўнасці гэтых працэсаў і падзей. У ходзе дыялогу былі абмеркаваны пытанні зместу і метадычнага апарату новага вучэбнага дапаможніка, варыянты правядзення ўрокаў-практыкумаў і ўрокаў абагульнення, арганізацыя вывучэння прадмета на павышаным ўзроўні.

Па словах прарэктара Акадэміі адукацыі па метадычнай рабоце Валянціны Гінчук, для вывучэння курса на базавым узроўні будзе выдзелена 2 гадзіны ў тыдзень, на павышаным узроўні прапануецца вывучаць прадмет на працягу 4 гадзін у тыдзень. Асаблівы акцэнт зроблены на праблемна-тэарэтычным падыходзе, што падразумявае не механічнае паўтарэнне матэрыялу, а менавіта абагульненне і сістэматызацыю раней вывучанага, выяўленне адметнасцей, заканамернасцей і тэндэнцый гістарычнага працэсу на беларускіх землях у кантэксце сусветнай гісторыі. Задача настаўніка – максімальна наблізіць вучняў да разумення гістарычных прычынна-выніковых сувязей, навучыць тлумачыць іх. Для таго каб рэалізаваць названы падыход, у падручніку створаны эфектыўны метадычны апарат, што дазваляе ўводзіць метадалагічныя веды і вучыць старшакласнікаў як інтэрпрэтаваць гістарычныя падзеі, так і адрозніваць факты ад інтэрпрэтацыі, меркаванняў і ацэначных меркаванняў.

Разам з першаснымі курс прадугледжвае выкарыстанне другасных крыніц гістарычнай інфармацыі, у прыватнасці фрагментаў работ вучоных па розных праблемных пытаннях гістарычнай навукі. Акрамя таго, у адукацыйным працэсе прапануецца актыўна задзейнічаць міжпрадметныя сувязі, выкарыстоўваць заданні на тлумачэнне сувязі гісторыі з сучаснасцю: без гэтага нельга сфарміраваць функцыянальную дасведчанасць.

Сярод устаноў адукацыі, дзе праходзіць апрабацыю распрацаваны вучэбны дапаможнік для 10 класа, дзве знаходзяцца ў Віцебскай вобласці. Гэта сярэдняя школа № 3 Оршы імя У.С. Караткевіча і Кіраўская сярэдняя школа Віцебскага раёна. Педагогі, якія задзейнічаны ў апрабацыі, маюць багаты вопыт, атрыманы ў выніку не толькі работы ў канкрэтным класе, але і зносін з такімі ж настаўнікамі-эксперыментатарамі. Гэты каштоўны патэнцыял трэба актыўна выкарыстоўваць, у тым ліку на семінарах і пасяджэннях  метадычных аб’яднанняў настаўнікаў гісторыі, трансліраваць яго ўзоры праз галіновыя выданні.

***

Дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні вучэбнага дапаможніка інтэграванага курса “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” прайшла і ў Магілёве.

Круглы стол вочна і анлайн аб’яднаў каля 250 настаўнікаў гісторыі і метадыстаў з Магілёўскага рэгіёна. Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, прарэктар па метадыч­най рабоце Акадэміі адукацыі Валянціна Гінчук, прадстаўнікі аўтарскага калектыву па распрацоўцы рукапісу вучэбнага дапаможніка.

— Навучэнцам трэба не проста ведаць, а разумець гістарычныя працэсы і тое, якое месца ў іх займае гісторыя нашай дзяржавы. У цяперашніх рэаліях, калі многія спрабу­юць перапісаць гісторыю, гэта становіцца асаб­ліва важным, — адзначыла, звяртаючыся да педагогаў, Кацярына Пятруцкая.

У ходзе дыялогу было падкрэслена, што рэгіянальныя абмеркаванні новага вучэбнага прадмета маюць выключную значнасць: іх вынікі зададуць тон гістарычнай адукацыі ў краіне, таму рашэнні павінны быць прыняты сумесна і калектыўна.

— Зараз вучэбны дапаможнік “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” праходзіць апрабацыю ў 14 установах агульнай сярэдняй адукацыі і рыхтуецца да масавага выпуску. Новы вучэбны прадмет будзе вывучацца ў 10—11 класах на праблемна-тэарэтычным узроўні. Падручнік прадугледжвае абагульненне і сістэматызацыю матэрыялу, увядзенне метадалагічных ведаў, выкарыстанне міжпрадметных заданняў. Старшакласнікі будуць вучыцца падзяляць факт і яго інтэрпрэтацыю, прычыны і наступствы падзей, разумець галоўнае: усё, што адбываецца сёння, мае гістарычныя карані, — расказала прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі адукацыі Валянціна Гінчук.

Стварэннем вучэбнага дапаможніка займаецца высокапрафесійны аўтарскі калектыў, у склад якога ўваходзяць вучоныя-гісторыкі і настаўнікі гісторыі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Работа праведзена істотная. Распрацаваны тэксты параграфаў, заданні для ўрокаў абагульнення, урокаў-практыкумаў, урокаў “Наш край”. У вучэбным дапаможніку выкарыстоўваюцца розныя рубрыкі: “Воблака гістарычных тэрмінаў”, “Праводзім міні-даследаванне”, “Гісторыя і сучаснасць”, мэта якіх — забяспечыць якаснае засваенне зместу гіс­тарычнай адукацыі.

— На гэтым этапе нам важна пачуць меркаванні настаўнікаў гісторыі, каб улічыць іх пры дапрацоўцы вучэбнага дапаможніка і падрыхтоўцы метадычных рэкамендацый па выкладанні новага вучэбнага прадмета, — паведаміла Валянціна Гінчук.

Падчас размовы магілёўскія педагогі адзначалі даступнасць і сучаснае афармленне вучэбных матэрыялаў, дакладны метадычны інструментарый і навігацыю.

Аднак, на думку настаўніцтва, у некаторых параграфах зашмат гістарычных фактаў — трэба шукаць больш аптымальныя спосабы падачы інфармацыі.

— Вучэбны дапаможнік улічвае асаб­лівасці візуальнага ўспрымання падлеткаў, адрозніваецца цікавымі схемамі, табліцамі, ілюстрацыямі, інфаграфікай, ёмістымі вытрымкамі з дакументаў. Выконваецца баланс паміж сусветнай гісторыяй і гісторыяй Беларусі. Але шэраг параграфаў перагружаны, іх можна спрасціць без страты сэнсу і логікі выкладання. Спадабалася, што ў праграме запланавана больш гадзін на абагульненне, практыкумы і праектную дзейнасць. Гэта будзе спрыяць фарміраванню функцыянальнай дасведчанасці вучняў, — падзялілася настаўніца гісторыі Ка­дзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Ірына Ефрамкова.

З тым, што падручнік напісаны зразумелай мовай, без залішняй акадэмічнасці і поўнасцю адпавядае ўзроставым пазнавальным магчымасцям навучэнцаў, згодна і настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 27 Магілёва Алена Сулімава. Але яна лічыць, што ў змесце трэба звярнуць увагу на адбор тэарэтычнага матэрыялу.

— Асноўная задача інтэграванага курса — раскрыццё своеасаблівасці і непаўторнасці гісторыі беларускіх зямель. Пакуль у гэтым ёсць недапрацоўкі. Структура вучэбнага дапаможніка пабудавана так, што ў першай чвэрці гісторыі Беларусі прысвечаны ўсяго чатыры тэмы. Вядома, у гісторыі Старажытнага свету існавалі цывілізацыі, якія дасягнулі высокага развіцця раней, чым з’явіліся першыя дзяржаўныя ўтварэнні на нашай тэрыторыі. Але месцамі ў падручніку занадта шмат імёнаў, дат і падзей. Некаторыя параграфы на­лічваюць 16 старонак тэксту. А на трэцяй ступені навучання мы павінны вучыць дзяцей думаць, а не завальваць іх вялікім аб’ёмам інфармацыі, — пераканана Алена Сулімава.

Увогуле, гутарка атрымалася вельмі канструктыўнай. Выказаць свой пункт гледжання мог кожны педагог. Настаўнікі актыўна агучвалі бачанне плюсоў і мінусаў новага вучэбнага дапаможніка. Усе заўвагі будуць дасканала разгледжаны і прааналізаваны.

***

На базе ГАІРА з удзелам намесніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Кадлубая і начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслана Смірнова прайшла дыялогавая пляцоўка па пытаннях рэалізацыі вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”.

Абмеркаваць падручнік новага пакалення сабраліся больш за 50 прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці рэгіёна, дыстанцыйна сачыць за ходам дыялогавай пляцоўкі змаглі больш за 200 настаўнікаў гісторыі і метадыстаў.

— Галоўная ідэя курса, які аб’яднаў два прадметы, — непарыўна вывучаць гісторыю Беларусі і сусветныя працэсы, выяў­ляць на гэтай аснове заканамернасці гістарычнага развіцця, — сказаў намеснік міністра.

Падчас сустрэчы на асаблівас­цях выкладання вучэбнага прадмета акцэнтавала ўвагу прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі адукацыі Валянціна Гінчук, сваім меркаваннем аб асаблівасцях зместу вучэбнага дапаможніка па­дзяліўся прадстаўнік аўтарскага калектыву дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Станіслаў Чарапко.

— Важна навучыць навучэнцаў адрозніваць гістарычны факт ад яго інтэрпрэтацыі, ацэначных меркаванняў, важна распазна­ваць прычыны і вынікі гістарычных па­дзей, — падкрэсліла Валянціна Гінчук. — Пры вывучэнні вучэбнага прадмета акцэнт зроблены на тлумачэнні сувязі гісторыі з сучаснасцю, бо гэта якраз тое, што фарміруе функцыянальную адукаванасць нашых дзяцей, дазваляе разумець, навошта ведаць гісторыю, каб быць паспяховым сёння. Без ведання мінулага не можа быць сучаснасці і будучыні.

На сустрэчы прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці таксама расказалі пра ўласны вопыт і асаблівасці апрабацыі вучэбнага дапаможніка. Так, у Гомельскай вобласці першымі апрабавалі вучэбную праграму дзесяцікласнікі Суткаўскай сярэдняй школы Лоеўскага раёна і Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Педагогі гэтых устаноў, якім давялося папрацаваць з новым выданнем, дзяліліся сваім вопытам, стаўленнем, напрацоўкамі. Адзна­чылі моцныя і слабыя бакі, акцэнт зрабілі на ключавым прынцыпе — гістарычнай аб’ектыўнасці, а таксама на даступнасці выкладання вучэбнага матэрыялу, сучасным афармленні кнігі. Сышліся ў меркаванні, што вучні 10-х класаў змогуць дакладна ўсведамляць узаемасувязь гістарычнага развіцця Беларусі і свету.

Таксама на сустрэчы былі агучаны вынікі анкетавання. У ім прынялі ўдзел 239 навучэнцаў з 14 устаноў адукацыі, якія вывучалі гэты курс. На пытанне, ці зразумелы тэкст параграфаў, больш за 80% рэспандэнтаў адказалі станоўча, а на пытанне, ці зразумелыя заданні, якія прапанаваны для вывучэння, больш за 90% далі сцвярджальны адказ. Цяжкасці ў некаторых школьнікаў пры вывучэнні новага дапаможніка былі звязаны з хуткім тэмпам праведзеных урокаў, у некаторых — з вялікім аб’ёмам параграфаў і інфармацыі. Педагогі тым часам адзначалі відавочныя плюсы пад­ручніка, да якіх аднеслі яркія ілюстрацыі, апорныя схемы, сістэмныя блокі, якія аблягчаюць успрыманне тэкставай інфармацыі.

Для дзяцей гісторыя стане больш блізкай і зразумелай, лі­чыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце настаўнік гісторыі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 5 Светлагорска Наталля Горавіц. Педагог — адна з тых, хто ў новым навучальным годзе будзе выкладаць гісторыю ў 10 класе.

— На мой погляд, пры ства­рэнні дапаможніка ўзроставыя асаблівасці ўлічаны, ступень складанасці матэрыялу цалкам здавальняючая. Калі гаварыць пра афармленне, то адзначу, што на кожнай старонцы, акрамя тэксту, ёсць схемы, карты, візуальны дадатковы матэрыял. Спадабаліся простыя, выразныя і лаканічныя азначэнні і паняцці. Будзе цікава працаваць, — падсумавала Наталля Пятроўна.

— Важна, каб дзіця разумела прычыны, наступствы і сутнасць гістарычных працэсаў, асаб­ліва ў 10, 11 класах. Упэўнены, што якасны вучэбны дапаможнік у першую чаргу дасць магчымасць навучэнцам добра засвоіць вучэбную праграму, здаць выпускныя экзамены і паступіць, — рэзюмаваў Аляксандр Кадлубай.

Таксама ў рамках рабочай паездкі на Гомельшчыну намес­нік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай прыняў удзел у рэгіянальнай рабочай нарадзе па актуальных пытаннях дашкольнай адукацыі. Спікерамі выступілі прадстаўнікі Акадэміі адукацыі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі. Удзельнікі сустрэчы змаглі абмеркаваць праграму развіцця і ўдасканалення сістэмы дашкольнай адукацыі на 2024—2025 гады. Быў агучаны шэраг пытанняў, у тым ліку сучасныя падыходы да падрыхтоўкі і развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў, навуковыя даследаванні ў сферы да­школьнай адукацыі, апрабацыя і ўкараненне іх вынікаў, метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі, забеспячэнне ўстаноў дашкольнай адукацыі сучаснымі вучэбнымі выданнямі.

Падрыхтавалі Наталля САХНО, Таццяна БОНДАРАВА, Ганна СІНЬКЕВІЧ і Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтараў