Псіхолагі, а разам з імі і эфектыўныя кіраўнікі сцвярджаюць, што прадукцыйнасць работы любога працоўнага калектыву значна павышаецца ў выпадку прытрымлівання наступных падыходаў да арганізацыі дзейнасці: адносіны паміж наймальнікам і работнікам могуць і павінны мець працяглы характар; кожны работнік індывідуальны, і яго рэакцыя на дзейнасць установы адукацыі носіць эмацыянальна-асэнсаваны, у залежнасці ад тыпу асобы, характар; работнік здольны і павінен пастаянна ўдасканальвацца і развівацца, што служыць асновай павышэння эфектыўнасці работы любой арганізацыі; работнік прыходзіць ва ўстанову адукацыі ўсвядомлена, з пэўнымі мэтамі, і чакае ад арганізацыі разумення і дапамогі ў іх рэалізацыі.
Такі падыход да арганізацыі дзейнасці прадугледжвае вялікую свабоду ў рабоце і ў той жа час накладвае значна большую ступень адказнасці на работніка. Асноватворным звяном у выбудоўванні такога тыпу адносін з’яўляецца здольнасць радавога члена педагагічнага калектыву рабіць якасны аналіз дзейнасці для разумнага планавання работы, г.зн. “убудоўваць” сваю працу ў цэласную сістэму адукацыйнага працэсу і ўсведамляць уласную ролю ў ім.
У любой установе адукацыі існуе алгарытм кіравання адукацыйным працэсам, які базіруецца на аналізе, планаванні, арганізацыі, кіраванні і кантролі. Пры гэтым аптымальнае кіраванне павінна выбудоўвацца так, каб прадухіліць праблему, а не выпраўляць яе наступствы. Залогам паспяховай дзейнасці ў адпаведнасці з алгарытмам з’яўляецца глыбокі і якасны аналіз работы, якая праводзіцца. У сярэдняй школе № 2 Полацка склалася эфектыўная мадэль работы з кадрамі, якая паспяхова рэалізуецца адміністрацыяй установы адукацыі.
Разам з тым аналіз вынікаў педагагічнай дзейнасці настаўнікаў, якасці аналітычных матэрыялаў па выніках года, а таксама дыягностыкі сфарміраванасці ключавых прафесійных кампетэнцый членаў педагагічнага калектыву, праведзены ў перыяд падрыхтоўкі да рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання каштоўнасна-сэнсавых кампетэнцый праз арганізацыю духоўна-асветніцкай работы” паказаў, што найбольшыя цяжкасці педагогі адчувалі пры ажыццяўленні якаснага аналізу ўласнай дзейнасці і дзейнасці навучэнцаў. Часта мела месца падмена паняццяў “справаздача аб дзейнасці” і “аналіз дзейнасці”. Для запаўнення прабелаў пры фарміраванні аналітычных кампетэнцый членаў інавацыйнай групы была спланавана групавая і індывідуальная работа, вынікам якой стала рашэнне аб уключэнні ў гадавы план работы ўстановы педагагічнага савета “Удасканаленне аналітычнай кампетэнцыі настаўнікаў як сродак павышэння эфектыўнасці педагагічнай дзейнасці”.
Мэта педсавета: павышэнне ўзроўню аналітычнай кампетэнтнасці ўсіх членаў педагагічнага калектыву праз распаўсюджванне станоўчага вопыту інавацыйнай групы.
Задачы:
- прадставіць вопыт ажыццяўлення аналітычнай дзейнасці членамі інавацыйнай групы;
- адпрацаваць з педагогамі ўменні ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, якія садзейнічаюць больш якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу;
- выпрацаваць адзіныя патрабаванні да афармлення аналітычных матэрыялаў у школьнай дакументацыі.
Метадычнае забеспячэнне: мультымедыйныя прэзентацыі выступленняў, матэрыялы для правядзення стартавай і выніковай рэфлексіі па метадзе колерапісу А.М.Лутошкіна, метадычная выстава “Як калега калегу…”, камп’ютары.
Ход педагагічнага савета
І. Арганізацыйна-матывацыйны этап
- Стартавая дыягностыка эмацыянальнага стану ўдзельнікаў педагагічнага савета па методыцы А.М.Лутошкіна “Эмацыянальны колерапіс”
На левай частцы дошкі ствараецца стартавая колеравая карціна эмацыянальнага стану ўдзельнікаў педсавета да пачатку работы.
- Уступнае слова дырэктара школы
- Аб’яўленне мэт і задач педагагічнага савета
- Уключэнне педагогаў у сумесную работу з мэтай актуалізацыі тэмы педсавета (“мазгавы штурм”)
Падчас падрыхтоўкі да педсавета педагогі былі падзелены на тры групы. У групах праведзена папярэдняе размеркаванне роляў: выступоўца (завуч), спікер, сакратар-афарміцель.
Групам даецца тры мінуты на абмеркаванне заданняў і запіс ідэй на лістах.
Заданне № 1. Дзе мы сустракаемся з аналізам у педагагічнай практыцы? Прадоўжыце фразу “Існуе аналіз (чаго?)…”.
Прыкладныя адказы: існуе аналіз вынікаў, дасягненняў урока, інавацыйнай дзейнасці, прычынна-выніковых сувязей, праведзенага мерапрыемства, уласнага педагагічнага вопыту, выкарыстання педагагічных тэхналогій, узроўню выхаванасці навучэнцаў, зрэзавых работ, літаратурнага твора (умоў задачы), рэсурсаў (умоў), работы МА.
Заданне № 2. Навошта настаўніку патрэбна аналітычная дзейнасць? Прывядзіце два важкія аргументы.
Прыкладныя адказы: 1) планаванне работы грунтуецца на аснове аналізу дзейнасці; 2) найважнейшая задача педагога — сфарміраваць у навучэнцаў пастаянную патрэбу ў самааналізе, самаацэнцы, самавыхаванні, а каб навучыць дзяцей аналізаваць, трэба самому гэта ўмець рабіць.
Выступленне спікераў кожнай з трох груп: прадстаўляюцца вынікі выканання заданняў. Абагульненыя пісьмовыя адказы груп на чырвоных і аранжавых стыкерах размяшчаюцца паверх стартавай карціны эмацыянальнага колерапісу.
ІІ. Асноўны этап. Лекцыя-правакацыя “Роля педагагічнага аналізу ў эфектыўным кіраванні цэласным педагагічным працэсам” *
Лекцыя-правакацыя — гэта лекцыя з загадзя запланаванымі памылкамі, аб чым паведамляецца слухачам першапачаткова. Такая форма правядзення найбольш эфектыўная, калі педагогі маюць вялікі стаж работы і высокую кваліфікацыю. Лекцыя-правакацыя садзейнічае
актывізацыі ўвагі слухачоў, што робіць работу больш значнай. Неабходна памятаць, што колькасць памылак на 15—20 мінут выступлення не павінна перавышаць чатыры.
Правільныя азначэнні на чырвоных і аранжавых стыкерах размяшчаюцца паверх стартавай карціны эмацыянальнага колерапісу.
* Лекцыя-правакацыя прадстаўлена на сайце часопіса www.n-asveta.by.
- Выступленні спікераў творчых груп
Група 1. Узаемазалежнасць якасці аналітычнай дзейнасці настаўніка і выніковасці адукацыйнай дзейнасці навучэнцаў.
Група 2. Цэласнасць, сістэмнасць і аналітычнасць маніторынгу работы з сям’ёй як адна з умоў эфектыўнай работы па выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці.
Група 3. Якасць аналітычнай дзейнасці кіраўніка метадычнага аб’яднання як фактар прадукцыйнасці метадычнага аб’яднання.
Выступленням намеснікаў дырэктара папярэднічае заданне ўсім членам калектыву:
запішыце на белым стыкеры, якія з пералічаных спікерамі недахопаў у аналітычнай дзейнасці вам уласцівы;
запішыце на чырвоным стыкеры, які станоўчы вопыт калег у ажыццяўленні аналітычнай дзейнасці вы хацелі б узяць на ўзбраенне.
Белыя стыкеры збіраюцца ў чорную скрыню (ад гэтых недахопаў трэба пазбаўляцца), чырвоныя стыкеры размяшчаюцца паверх стартавага колеравага поля.
- “Рэкламная паўза”
Члены інавацыйнай групы прадстаўляюць вопыт ажыццяўлення аналітычнай дзейнасці і афармлення аналітычных матэрыялаў, размешчаных на метадычнай выставе “Як калега калегу…”.
- Практычная работа (у групах)
Кожная група на працягу 10 мінут распрацоўвае электронны макет-узор аналітычнага дакумента па вучэбнай, выхаваўчай і метадычнай рабоце адпаведна. Спікер агучвае вынікі работы групы. Атрыманыя макеты раздрукоўваюцца на жоўтай паперы і мацуюцца паверх стартавай карціны.
ІІІ. Заключны этап
- Аналіз фінішнай карціны эмацыянальнага колерапісу
Вядучы адзначае, што карціна змянілася дзякуючы агульным намаганням падчас работы на педагагічным савеце, прыводзіць словы А.С.Пушкіна “Натхненне — гэта ўменне прывесці сябе ў рабочы стан”.
Праект рашэння педагагічнага савета
- Намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце:
1) спланаваць і ажыццявіць сістэмную карэкцыйную работу па ліквідацыі выяўленых у асобных педагогаў (у адпаведнасці з вынікамі дыягностыкі) цяжкасцей у ажыццяўленні базавых аналітычных аперацый;
2) сфарміраваць цыклаграмныя блокі матэрыялаў для педагогаў і кіраўнікоў МА па ажыццяўленні аналізу педагагічнай і метадычнай дзейнасці;
3) распрацаваць і правесці цыкл семінарскіх заняткаў па павышэнні аналітычных кампетэнцый педагогаў;
4) правесці паўторную дыягностыку ўзроўню аналітычных кампетэнцый усіх членаў педагагічнага калектыву;
5) унесці ў план унутранага кантролю тэматычнае наведванне ўрокаў “Павышэнне якасці адукацыйнай падрыхтоўкі навучэнцаў на аснове дакладнага ўсебаковага аналізу настаўнікам працэсу навучання”;
6) па выніках наведвання ўрокаў і аналізу паўторнай дыягностыкі вызначыць узровень самаадукацыйнай дзейнасці педагогаў.
- Метадычнаму савету правесці конкурс сярод метадычных аб’яднанняў на лепшы блок аналітычных матэрыялаў з абавязковым размяшчэннем іх на школьным сайце.