Педагагічныя прынцыпы настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Жэўно

- 9:00Главная, Образование

Навагоднія святы — час цудаў і здзяйсненняў. Вось ужо сёмы год запар настаўніца пачатковых класаў Грычынскай базавай школы Дзяржынскага раёна Таццяна Жэўно ператвараецца ў Снягурку альбо Чароўную Фею, якая разам з калегамі стварае ў школе сапраўдную казку, піша ўнікальны сцэнарый паказу, дзе сваімі талентамі здзіў­ляюць і педагогі, і дзеці, упрыгожвае ёлку, рыхтуе калядныя пасядзелкі і жаданыя падарункі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шлях у педагогіку ў Таццяны Лявонцьеўны быў доўгім. Да набыцця прафесіі мары ёй спатрэбілася 20 гадоў.

— Першая вышэйшая адукацыя па кірунку “Фінансы і крэдыт” задавальнення ў прафесійнай дзейнасці мне не прыносіла, якой бы прэстыжнай яна ні была і якія б высокааплатныя перспектывы ні абяцала, — расказвае настаўніца. — Выбар быў зроблены, хутчэй каб дагадзіць баць­кам, чым па ўласным жаданні. Работа па спецыяльнасці “Эканаміст” патрабавала ад мяне строгасці, дакладнасці, абсалютнай правільнасці ў выкананні адных і тых жа аперацый дзень пры дні. Гэта халодны свет, у якім мне не ўдалося знайсці месца праяўленню творчасці, любові, клопату.

Усё змянілася з нараджэннем дзяцей. Мне патрэбна была вялікая і вясёлая дзіцячая кампанія, таму іх у мяне трое. Я з галавой акунулася ў іх маляўнічае жыццё: гульні, казкі, выдумкі, падарожжы. Да нас далучыліся і ўсе суседскія дзеткі. І вось у нас дома ўжо цэлы “дзіцячы сад”, выхаванцы якога хацелі не толькі гуляць, але і вучыцца новаму.

З паступленнем дзяцей у школу Таццяна Лявонцьеўна, нарэшце, знайшла свет, які ёй быў патрэбен. Як неабыякавая маці яна літаральна ўлілася ў вірлівае школьнае жыццё. Гэта штодзённая падрыхтоўка, ­удзел у класных і школьных мерапрыемствах, конкурсах, экскурсіях, канцэртах, рэалізацыя творчых ідэй, і галоўнае — усё гэта разам з дзецьмі! Потым дзеці выраслі, пакінулі школу. А эканаміст катэгарычна адмаўлялася страчваць гэты дзіўны свет, неад’емнай часткай якога сябе адчувала. Трэба было прыдумаць, як тут застацца, і гэтым разам — назаўсёды.

Так, маючы 20 гадоў вопыту работы ў фінансавай сферы, Таццяна Лявонцьеўна адправілася ў БДПУ імя Максіма Танка па новую адукацыю, па прафесію сваёй мары, па афіцыйны дазвол прымаць удзел у выхаванні, навучанні, гадаванні дзяцей. Паспяхова прайшла цэнтралізаванае тэсціраванне і апынулася за адной партай з 17-гадовымі дзяўчатамі і юнакамі, студэнтамі факультэта “Пачатковая адукацыя” дзённай формы навучання.

Чаму менавіта пачатковая адукацыя? Па перакананні Т.Л.Жэўно, настаўнік пачатковых класаў здольны змяніць свет. Гэта ўніверсальны педагог, усё ў адным: і музыкант, і спартсмен, і матэматык, і мовазнавец, і краязнавец, першаадкрывальнік, і майстар на ўсе рукі, і чулая, уважлівая, клапатлівая мама, верны сябар і саўдзельнік усіх дзіцячых прыгод.

— Хочаце ўсміхацца кожны дзень незалежна ад усяго, што адбываецца ў вашым асабістым жыцці? Або самастойна планаваць свой працоўны тыдзень, насычаючы яго любімымі гульнямі, віктарынамі, святамі, сюрпрызамі, выдумкамі і абавязкова ўвасабляючы гэта ўсё з камандай аднадумцаў, вучыцца ра­зам з імі, бесперапынна развівацца, раскрываць не толькі ў іх, але і ў сабе ўсё новыя і новыя таленты? А хочаце жыць у свеце сапраўднай, шчырай любові, дзе няма падману, а толькі фантазіі, дзе няма дрэнных людзей, а ёсць незвычайныя і ўнікальныя, няма паражэнняў і няўдач, а толькі перамогі, вялікія і маленькія? Гэта ўсё і нават больш педагог знахо­дзіць у рабоце з дзець­мі, — заўважае Таццяна Жэўно. — Гэта нават работай немагчыма назваць. Радуешся, фантазіруеш, кожны ўрок — маленькі спектакль, гульня, віктарына, бясконцы паток выдумак, заўсёды выдатны настрой.

Школай жыве і сям’я Таццяны Лявонцьеўны — муж, сын і нявестка, якая, дарэчы, таксама працуе настаўніцай пачатковых класаў у Грычынскай школе. Часта рабочы пакой настаўніцы ператвараецца ў сапраўдную педагагічную майстэрню, дзе нараджаюцца новыя ідэі, прыдумваюцца арыгінальныя сюжэты, увасабляюцца неверагодныя задумы. Кожны з членаў сям’і імкнецца хоць як-небудзь паўдзельнічаць у гэтым: або на стадыі планавання, або пры стварэнні наглядных дыдактычных матэрыялаў, дэкарацый да свят.

Часта бывае так, што дзіця з задавальненнем ідзе ў школу, а праз некаторы час інтарэс да яе чамусьці страчваецца. Выхаванцаў Таццяны Лявонцьеўны бацькі літаральна па некалькі разоў забіраюць са школы: дзеці не хочуць ісці дадому. Яны ў поўным складзе з ахвотай і без прымусу прыходзяць у школу нават па суботах, у шосты школьны дзень. А яшчэ баяцца спазніцца на ўрок, але не з-за таго, што настаўніца будзе сварыцца, а таму што ў іх запланаваны тысячы спраў, якія не павінны пачацца без іх.

— Дзеці заўсёды былі і застаюцца дзецьмі са сваімі ўзроставымі асаблівасцямі, з велізарнай пазнавальнай цікавасцю і бязмежнай фантазіяй, — заўважае Таццяна Жэўно. — Мяняецца свет вакол іх, забяспечваючы новымі дасягненнямі навукі і тэхнікі, разнастайнымі лёгкадаступнымі крыніцамі інфармацыі. Дзеці без цяжкасцей асвойва­юць новаўвядзенні, і гэта выдатна, калі новыя тэхналогіі і магчымасці спрыяюць іх станоўчаму развіццю. Напрыклад, праз мабільныя тэлефоны можна счытваць QR-коды, што дазваляе разнастаіць работу як на ўроках, так і пры падрыхтоўцы дамашняга задання. Дзеці адчува­юць захапленне падчас незвычайных відаў дзейнасці. Наша задача — паказаць магчымасці і максімальна выкарыстоўваць іх: гэта і работа з фота- і відэаматэрыяламі на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет”, па выяўленчым мастацтве і інш., і работа з музычнымі файламі, відэарэдактарам. Як паказала практыка, для дзяцей малодшага школьнага ўзросту гэта нескладана і займальна. Важна накіраваць новыя тэхналогіі на развіццё і стварэнне.

З вялікай колькасці сучасных адукацыйных тэхналогій, метадаў і прыёмаў навучання ў практыцы работы педагога важнае месца займа­юць гульнявыя тэхналогіі, праблемнае і праектнае навучанне, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення.

Зараз у Грычынскай школе вядуцца апошнія прыгатаванні да сустрэчы Новага года. Тут склаліся свае добрыя традыцыі. Ля вытокаў некаторых з іх стаяла і Таццяна Лявонцьеўна. Кожны год настаўніца распрацоўвае сцэнарый навагодняга паказу, у якім абавязкова задзейнічана большасць навучэнцаў і педагогаў школы, бо дзецям вельмі хочацца ўбачыць сваіх настаўнікаў у іншай ролі. Сёлета ў школе быў арганізаваны навагодні кірмаш з беларускімі песнямі і танцамі, з рознымі прысмакамі, у тым ліку і нацыянальнымі.

— Старасць нам не пагражае. Дзятва не дазволіць нам пасталець. І асабліва на Новы год мы можам адчуць сябе дзецьмі, — заўважае настаўніца. — Я ўсё жыццё марыла быць Снягуркай, аднак у дзяцінстве мяне ніколі не выбіралі на гэтую ролю. Мая мара здзейснілася, калі я трапіла ў школу. Зараз я Снягурка, пры-
чым не толькі ў школе, але і ў раёне.

Да навагодніх свят казачнай прыгажуняй стала і школа. Кожны клас — з 1-га па 9-ы — ствараў упрыгажэнні, ліхтарыкі і сняжынкі, якія радуюць вока і ў кабінетах, і на калідорах. Ужо каторы год настаўнікі рыхтуюць дзецям сюрпрыз: вечарам, калі навучэнцы разыходзяцца па дамах, яны ўпрыгожваюць школу. А раніцай установа загараецца цудоўнымі агеньчыкамі, якія раду­юць дзятву.

А яшчэ Таццяна Лявонцьеўна з нецярпеннем чакае калядных пася­дзелак. Да яе прыязджаюць дзеці, якім патрабуецца тая ці іншая дапамога і якія пабывалі ў яе дома ў межах праекта “Адзін дзень у сям’і”. Яны адчулі ўвагу і клопат педагога і не забылі пра гэта, нават стаўшы дарослымі.

Калегам у новым годзе хачу пажадаць лёгкасці. Каб пры ўсёй сур’ёзнасці нашай работы знешне здавалася, што мы не працуем. Больш гарэзлівасці ў вачах, больш усмешак, радасці і пазітыўнага настрою!

Каманда супергерояў

Педагагічныя прынцыпы Таццяны Жэўно

  1. Вучыцца — лёгка!

Вядома, дзеці сутыкаюцца з цяжкасцямі. Але з прымяненнем індывідуальнага падыходу да кожнага дзіцяці (яны ўсе розныя, непаўторныя, унікальныя), арыентуючыся на яго моцныя бакі, якія ёсць ва ўсіх, лёгка пераадольваюцца любыя цяжкасці. На дапамогу настаўніцы прыходзяць і прыём выкарыстання асацыяцый у рабоце з дзецьмі з багатым уяўленнем, і пошук сакрэтаў для дапытлівых розумаў, і музычнае суправаджэнне для эмацыянальных вучняў, і прыём “Цяжкі чамадан”, калі з вялікай калекцыі разнастайных памятак выкідваюцца тыя, матэрыял якіх засвоены (а гэта заўсёды маленькія перамогі і захапленне), і, вядома, выкарыстанне дыферэнцыраваных заданняў, нясумных, з улікам моцных бакоў кожнага навучэнца, часцей за ўсё на этапе замацавання матэрыялу.

  1. Вучыцца без страху!

На думку Таццяны Жэўно, страх — упушчаныя, страчаныя, часта назаўсёды, магчымасці. Таму адной з галоўных сваіх задач педагог лічыць навучыць дзяцей змагацца са страхам і няўпэўненасцю. Калі сказаць прасцей, не баяцца вучыцца: смела выходзіць да дошкі (“Не бойся, мы з табой і ва ўсім дапаможам”), смела выказваць сваё меркаванне (“Не бойся, меркаванні мо­гуць быць рознымі, мы разам разбяромся”), смела брацца за новую справу (“Не бойся, у цябе ўсё атрымаецца, мы разам і дапаможам табе!”).

  1. У адзінстве — сіла!

— Часта можна пачуць выраз “моцны клас”. У мяне менавіта такі — кожны новы клас моцны, хоць у ім 2—3 выдатнікі. У чым жа сіла? Ва ўнікальных здольнасцях кожнага вучня, якія вельмі важна разгледзець, раскрыць, развіць, удасканаліць і наву­чыць выкарыстоўваць на карысць сабе і іншым. Няма дрэнных і добрых, карысных і не вельмі, лепшых і пасрэдных. У нас адна каманда маленькіх супергерояў з суперздольнасцямі, нам любая справа па плячы. Таму мы з задавальненнем удзельнічаем у разнастайных мерапрыемствах і конкурсах. У нас сапраўды ёсць усе магчымасці, сродкі і велізарнае жаданне, — тлумачыць педагог.

  1. Кожны дзень — самы важны!

Напрыканцы кожнага ўрока, ме­ра­прыем­ства, працоўнага дня вучні ра­зам з настаўніцай абавязкова ўспаміна­юць, што новага і важнага даведаліся, чаму навучыліся, дзе можна прымяніць набытыя веды альбо ўменні. А потым з задавальненнем чака­юць наступнага дня для новых дзівосных адкрыццяў.

— Кожны дзень стане паспяховым, калі дзеці будуць бачыць яго каштоўнасць, — пераканана Таццяна Лявонцьеўна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і з архіва педагога