Педагог Алена Мурашка і яе юныя Кулібіны з Асіповіч ствараюць разумныя механізмы

- 9:28Персона, Портфолио, Приложение

З асаблівай гордасцю Алена Мурашка, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 4 Асіповіч, расказвае пра сваіх таленавітых вучняў — пераможцаў алімпіяд і навукова­тэхнічных конкурсаў, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Сярод іх і Уладзіслаў Шпілеўскі, які атрымаў высокае званне “Лепшы выпускнік Рэспублікі Беларусь 2023 года”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мае вучні ажно 15 разоў праходзілі навучанне ў На­цыянальным дзіцячым тэхнапарку, некаторыя неаднаразова. Гэта, напрыклад, сёлетнія выпускнікі Уладзіслаў Шпілеўскі, Канстанцін Пілюк і Арцём Сяргеенкаў, якія сталі лепшымі ў сваіх адукацыйных кірунках і былі ўдастоены атрымання дыстанцыйнай адукацыі, — расказала Алена Іванаўна. — Зараз яшчэ два мае вучні Мікіта Белагалоў і Аляксей Іваноў займаюцца ў тэхнапарку. Усе маладыя людзі — фізікі-практыкі, якія любяць канструяваць, майстраваць, іх цікавіць вытворчая дзей­насць і прываблівае прафесія, запатрабаваная грамадствам: Уладзіслаў хоча стаць інжынерам-канструктарам, а Арцём і Косця — праграмістамі.  

У чым заключаецца работа з адоранымі вучнямі? Перш за ўсё ў іх падрыхтоўцы да выніковага ўдзелу ў алімпіядах і конкурсах. Здольнасці да прадмета ў дзяцей праяўляюцца ў вучэбнай дзейнасці. А больш канкрэтную накіраванасць, творчы складнік яны набываюць падчас інтэлектуальных спаборніцтваў. Урокі ў розных класах па адной і той жа тэме Алена Іванаўна право­дзіць па-рознаму, з улікам узроўню падрыхтоўкі дзяцей, іх актыўнасці. Заўсёды падстройваецца пад вучняў, каб ім было зразумела, цікава і ўрок праходзіў прадукцыйна.

— У рабоце з дзецьмі я перш за ўсё выкарыстоўваю ўсё тое лепшае, чаму мяне калісьці навучылі мае настаўнікі. Працую ў школе, дзе раней вучылася сама, праводжу ўрокі ў тым самым кабінеце, дзе вывучала фізіку ў цудоўнай Веры Сямёнаўны Варвашэні, — расказвае педагог. — А другі мой любімы прадмет, матэматыку, вяла класны кіраўнік Антаніна Елісееўна Ахрыменка. Пра ўсіх сваіх школьных педагогаў магу сказаць толькі доб­рае, кожны быў для мяне ў чымсьці прык­ладам. Нядзіўна, што я вырашыла пайсці па гэтай сцежцы і атрымала вышэйшую педагагічную, а затым і эканамічную адукацыю, некаторы час выкладала эканамічныя дысцыпліны ў каледжы. Сёння я адзіны фізік у 4-й школе Асіповіч, выкладаю ва ўсіх класах і паралелях.

У спісе штогадовых дасягненняў вучняў Алены Мурашкі — перамогі на другім і трэцім этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і ў шэрагу конкурсаў: навукова-даследчых работ навучэнцаў, “ТэхнаІнтэлект”, TechSkills, “Калядны турнір” (па робататэхніцы), “100 ідэй для Беларусі”, Hi-Tech, “Таленты XXI стагоддзя” і інш.

Пераможцы конкурсаў заўсёды выступаюць са сваімі даследчымі работамі перад аднакласнікамі і вучнямі іншых класаў. А выпускнікі тэхнапарка расказ­ваюць аднагодкам пра свае распрацоўкі.

У першыя дні чэрвеня заняткі па фізіцы ў 4-й школе працягваюцца. Алена Мурашка рыхтуе да ўступных іспытаў ва ўніверсітэты сваіх выпускнікоў. Уладзіславу Шпілеўскаму, які атрымаў высокае званне “Лепшы выпускнік Рэспублікі Беларусь 2023 года”, трэба прайсці толькі субяседаванне, бо ён увайшоў у спіс асоб, рэкамендаваных наглядальным саветам тэхнапарка да залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі Мінска без уступных выпрабаванняў. У Магілёўскай вобласці ўсяго два выпускнікі атрымалі такую льготу. 

Юнак плануе паступаць у БНТУ на аўтатрактарны факультэт на спецыяльнасць “Інжынер-канструктар”. Са сваім праектам “Пераабсталяванне рухавікоў унутранага згарання для работы на паветрана-вадароднай сумесі” ён заняў 1-е месца на заключным этапе конкурсу “ТэхнаІнтэлект” і на абласным этапе конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” (рэспубліканскі этап у верасні), стаў фіналістам конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

— У 2019 годзе я пачаў распрацоў­ваць “ідэальны” электралізёр — спецыяльнае ўстройства, якое прызначана для па­дзелу кампанентаў злучэння або раствору з дапамогай электрычнага току, — расказаў Улад. — Электралізёр на аўтамабілі, які вырабляе вадарод непасрэдна ў месцы яго выкарыстання, — гэта сучасная тэхналагічная навінка. З дапамогай такога інавацыйнага ўстройства вадзіцель можа істотна паменшыць выкіды шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Пры гэтым электралізёр не займае шмат месца. У 2021 го­дзе я ўпершыню запусціў рабочую ўстаноўку, а ў 2022 годзе — матацыкл з электралізёрам на 30 секунд. У 2023 годзе ўсталяваў на картынг мадэрнізаваны рухавік унутранага згарання для работы на вадародзе. У найбліжэйшы час планую пачаць выпрабаванні на аўтамабілях. Таксама я распрацоўваю ЭБУ (электронны блок кіравання), у якім будуць рэжымы падачы вадароду, сістэмы бяспекі і генератар шыротна-імпульснай мадуляцыі. Дзякуючы электралізёру, выкарыстанне аўтамабіля стане больш бяспечным і эканамічным. Распрацаваны бізнес-план рэалізацыі гэтага праекта.

Уладзіслаў разам з аднакласнікам Канстанцінам Пілюком абаранялі даследаванне аб выкарыстанні перапрацаванага пластыку для вырабу дарожнага пакрыцця і прынялі ўдзел у конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Практычную частку выканаў Ула­дзіслаў. Распрацоўку пачаў яшчэ ў 2020 годзе. Ён прапанаваў спачатку навучыцца будаваць тратуары з пліткі, якая на 70% складаецца з перапрацаванага пластыку і на 30% — з пяску.

— Пластыкавыя адходы можна ператварыць у нешта прыгожае і карыснае, напрык­лад, у плітку для нашых дамоў. Гэта не толькі дапаможа пазбавіць свет ад тон пластыку, але і дакажа, што экалагічнасць можа быць даступнай: адна плітка каштуе ўсяго 2 беларускія рублі, — адзначае Улад. — Плітка атрымліваецца больш таннай і трывалай у параўнанні з аналагамі з прывычных матэрыялаў. Я праводзіў эксперымент. Паклаў плітку на дзве цагліны так, каб паміж пліткай і дарогай была адлегласць. Затым на плітку наязджаў аўтамабіль масай 3 тоны. Стандартная плітка адразу ламалася, а мая вытрымала. Нават калі пластыкавае пакрыццё зломіцца ці трэсне, яго заўсёды можна перапрацаваць у новае.

Сям’я аказвае мне падтрымку ва ўсіх даследаваннях. Мой дзядуля Валянцін Васільевіч і тата Сяргей Валянцінавіч раней працавалі ў Асіповічах на заводзе аўтамабільных агрэгатаў. Цяпер тата займаецца грузаперавозкамі. Шмат часу ў дзяцінстве я праводзіў у гаражы, дзе на практыцы даведваўся пра будову аўтамабіляў. Таму, можна сказаць, я сябрую з тэхнікай. А дэвіз, які я сфармуляваў для сябе, — “Далей больш, таму не здавацца на шляху да сваіх мэт”.

Вучні Алены Мурашкі Арцём Сяргеенкаў і Канстанцін Пілюк плануюць паступаць у Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога на факультэт аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм на спецыяльнасць “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”. Падчас навучання ў тэхнапарку Арцём працаваў над праектам “Паслядоўная сувязь па пратаколе Modbus RS-485 з Arduino” і атрымаў дыплом абласнога этапу конкурсу “ТэхнаІнтэлект”.

— Праект з’яўляецца прыкладам таго, як з дапамогай пратакола Modbus можна дыстанцыйна кіраваць рознымі прыборамі і схемамі, — адзначае Арцём. — Гэта значна палягчае жыццё на прамысловых прадпрыемствах і можа ў перспектыве прымяняцца ў побыце. У ходзе работы я вывучыў платформу Arduino, пратакол Modbus, рэалізаваў дыстанцыйнае кіраванне нагрузкай, сабраў схему праекта. Ён можа выкарыстоўвацца ў дыстанцыйным кіраванні святлом, тэмпературай, счытваць розныя паказанні, кіраваць прыборамі, што ў наш час надзвычай важна.

Канстанцін падрыхтаваў праект “Электронна-пнеўматычныя клапаны”, з якім атрымаў дыплом на абласным этапе конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”.  

— Створана мадэль электронна-пнеўматычнага клапана. Праведзена вялікая колькасць выпрабаванняў як механічнай, так і электроннай часткі механізма, — расказвае Косця. — Зроблены высновы аб яго працаздольнасці і тым, што выкарыстанне электронна-пнеўматычных клапанаў у рухавіках унутранага згарання прывядзе да зніжэння расходу паліва, павелічэння магутнасці і круцячага моманту. Таксама паменшыцца колькасць рухомых частак аўтамабільнага рухавіка ўнутранага згарання, што прывядзе да павелічэння яго рэсурсу і зніжэння выдаткаў на абслугоўванне рухавіка і аўтамабіля ў цэлым. Па выніках даследавання была напісана новая лабараторная работа “Даследаванне электронна-пнеўматычных клапанаў безразмеркавальнага рухавіка ўнутранага згарання” для студэнтаў кафедры “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” БНТУ. У далейшым плануюцца мадэрнізацыя і паляпшэнне ўсіх частак распрацаванага намі электронна-пнеўматычнага клапана рухавіка ўнутранага згарання, а таксама зборка рухавіка з такімі клапанамі, яго запуск і хадавыя, стэндавыя выпрабаванні.

Да таго ж Канстанцін з’яўляецца пераможцам абласнога этапу конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў Hi-Tech у кампетэнцыі “Інжынерны дызайн”.

Сучасная навукаёмістая вытвор­часць мае патрэбу ў высокакваліфікаваных кадрах, асабліва тэхнічнай накіраванасці. Таму сістэме адукацыі неабходна не проста ісці ў нагу з часам, але і апярэджваць час, — гаворыць педагог. — Пачынаць падрыхтоўку такіх спецыялістаў варта са школы ці яшчэ раней, з дашкольнага ўзросту. Заняткі ў тэхнапарку дапамагаюць таленавітым вучням сфарміраваць сваю адукацыйную траекторыю, азнаёміцца з патрэбамі сучаснай вытворчасці, напрамкамі, якія развіваюцца ў навуцы і тэхніцы, выбраць прафесію, запатрабаваную ў рэальным сектары эканомікі.

Адпускаючы сваіх юных даследчыкаў, канструктараў, вынаходнікаў у вялікае жыццё, выкажу ўпэўненасць, што кожны з іх стане добрым спецыялістам у сваёй справе, атрымае дастойную адукацыю, прынясе карысць і сабе, і людзям. Яны ўжо многага дасягнулі, сфарміравалі неабходныя для жыцця якасці, навучыліся ўпарта ісці да сваёй мэты, часам насуперак абставінам і меркаванням навакольных.

Вялікая ўдача выпала мне як педагогу сустрэць такіх вучняў на сваім шляху, якія і самі не стаяць на месцы, і іншых падштурхоўваюць да развіцця і пошуку. Вялікая заслуга ў поспехах дзяцей належыць іх баць­кам. Тандэм сям’і і школы, навучанне ў тэхнапарку пад кіраўніцтвам выкладчыкаў універсітэтаў, аб’яднанне тэхнічных, матэрыяльных і метадычных магчымасцей і ўмоў дазволілі вынікова падрыхтаваць дзяцей да сур’ёзных конкурсаў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара