Педагог-арганізатар: дзецям трэба больш расказваць пра бонусы, якія яны атрымаюць, далучыўшыся да БРСМ

- 16:38Образование

Дзецям трэба больш расказваць пра бонусы, якія яны атрымаюць, далучыўшыся да БРСМ. Такі метад у рабоце са школьнікамі выкарыстоўвае педагог-арганізатар Любушанскай сярэдняй школы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці Настасся Марозава.

Я настаўніца гісторыі і грамадазнаўства, — гаворыць яна, — і ведаю, што любы чалавек па прыродзе сваёй шукае лепшага: лепшых сяброў, лепшых уражанняў, лепшага жыцця. Я імкнуся паказаць вучням, што наш саюз моладзі можа ім усё гэта даць, на сваім уласным прыкладзе і на прыкладзе іх равеснікаў.

У школьную арганізацыю БРСМ уваходзяць амаль усе падлеткі-навучэнцы ва ўзросце ад 14 гадоў.

Большасць з іх — былыя піянеры, — дадае Настасся Аляксандраўна. — Яны ўжо маюць вялікі вопыт калектыўнай працы. Не расслабляецца ніхто, мы ўвесь час нечым заняты. Зараз, напрыклад, нашы валанцёры чысцяць снег на падворках пажылых аднавяскоўцаў, прыносяць ім прадукты з магазіна. На нашы прапановы дзеці адгукаюцца вельмі хутка, з энтузіязмам, бо многіх з гэтых людзей яны ведаюць асабіста, а таксама ма­юць вялікае жаданне адчуць сябе патрэбнымі. Гэта першы вялікі плюс.

Другі бонус — магчымасць часовага працаўладкавання. У топе вакансій — мясцовы зерняток, на які накіроўваюцца студатрады. Школьнікі ад 14 гадоў таксама ма­юць права да іх далучыцца, дапамагчы сельскай гаспадарцы і зарабіць уласныя грошы.

Часам у гэтых атрадах нават не хапае месцаў для жадаючых, — заўважае педагог-арганізатар. — Папрацаваць хочуць амаль усе дзеці. І трэці галоўны плюс нашай арганізацыі — развіццё камунікацыйных навыкаў, выхаванне лідараў. Такім дзецям будзе лягчэй ісці па жыцці, лягчэй паступіць ва ўстанову вышэйшай адукацыі. Дарэчы, наш выпускнік Арцём Паныш вучыцца ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце — ён наш былы старшыня студатрада. Яго прыклад вельмі натхняе школьнікаў.

Акцый, у якіх удзельнічаюць дзеці, безліч. І яшчэ ніхто, па словах педагога, не сказаў: “Ай, не хачу!” Любушанская школа невялікая — усяго каля 100 навучэнцаў, але калектыў тут вельмі дружны. Дзеці ўвесь час у кантакце: не толькі ў рэале, але і ў сацсетках. Самі вядуць старонкі школьнага актыву БРСМ, дзе дзеляцца вопытам і парадамі. Вядома, ніхто не хоча застацца за бортам — задзейнічаны ўсе.

Лізавета МІЦКЕВІЧ