Педагог дадатковай адукацыі Людміла Палеева стварае выявы святых

- 12:00Духовность и патриотизм, Новости

Прыгажосць навакольнай рэчаіснасці, прырода роднага краю і праваслаўныя біблейскія сюжэты — усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў карцінах педагога дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці Мсціслава Людмілы Палеевай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Людміла Уладзіміраўна ўжо амаль трыццаць гадоў кіруе ансамблем сучаснага танца “Канфеці”. Зараз пад яе кіраўніцтвам у ім займаюцца больш за сто выхаванцаў ва ўзросце ад 3 да 17 гадоў. Шэсць дзён на тыдзень педагог прывівае хлопчыкам і дзяўчынкам элементарныя музычныя і харэаграфічныя навыкі, ву­чыць танцавальным асновам і імправізацыі, рытму і сцэнічнай культуры. Пасля работы Людміла Палеева таксама цалкам захоплена творчасцю, любую свабодную хвіліну яна прысвячае свайму хобі — стварэнню карцін у тэхніцы алмазнай мазаікі.

— Творчасць для мяне даўно стала ладам жыцця. Раней была поўнасцю захоплена харэаграфіяй, а нядаўна да яе дабавілася яшчэ і рукадзелле. Неяк наведала выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, убачыла там работы ў тэхніцы алмазнай мазаікі, прайшла майстар-клас — і гэтая справа запала ў сэрца, — паведаміла Людміла Уладзіміраўна.

Алмазнай мазаіцы Людміла Палеева прысвячае амаль увесь свабодны час. На першых работах яна паказвала навакольную прыгажосць, адлюстроўвала на карцінах цудоўныя кветкі, прасторы роднай Мсціслаўшчыны.

— Пасля ўзнікла ўсвядомленае імкненне стварыць ікону Божай Маці. Я веруючы чалавек, таму са сваім жаданнем пайшла ў храм, папрасіла благаславення ў святара. Пасля гэтага рукі быццам самі пачалі тва­рыць, — расказала Людміла Ула­дзіміраўна.

Менавіта работа над іконамі найбольш натхняе педагога. Людміла Палеева стварае выявы святых, адлюстроўвае біблейскія падзеі.

— Саджуся за работу звычайна па вечарах і абавязкова ў добрым настроі. За мазаікай магу правесці ад 2 да 5 гадзін запар. Ход часу ў літаральным сэнсе не заўважаю. Стварэнне абразоў прыносіць неверагоднае супакаенне. Забываюся аб усіх праблемах, адпачываю. Разважаю пра свае ўчынкі, малюся аб блізкіх, прашу, каб усе былі здаровыя і шчаслівыя. У гэтыя моманты самае светлае ў думках. Гэта як своеасаблівае духоўнае ачышчэнне, — адзначыла Людміла Уладзіміраўна.

Паводле яе слоў, на выраб адной іконы ідзе ад пары тыдняў да месяца. Праца вельмі карпатлівая. Неабходна выключная дакладнасць, каб не ска­зіць малюнак, кожны страз прымацаваць на сваё месца. Працэс стварэння складаны не толькі з-за дробных дэталей. Гэта яшчэ і вельмі адказна, бо абразы закліканы прыцягваць увагу чалавека да разважанняў аб сабе і сваёй душы, паказваць яму прыгажосць духоўную праз прыгажосць бачную.

Зараз ва ўласнай міні-калекцыі Людмілы Палеевай каля 20 карцін, выкананых у тэхніцы алмазнай мазаікі. Большасць з іх — абразы. Прычым кожны асвечаны ў храме, праз іх можна звяртацца з малітвай да Бога. Многія работы педагог дорыць сябрам і родным.

— Працуючы над стварэннем ікон, я стала глыбей разумець сутнасць праваслаўя. Гэта дапамагае ў выхаваўчай рабоце з вучнямі. На жыццёвых прыкладах імкнуся прывіваць дзецям маральныя каштоўнасці, вучыць іх верыць у сілу праўды, любові і дабрыні, — падкрэсліла педагог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара