Педагог дадатковай адукацыі: працуючы ў тэхніцы габелена, дзеці знаёмяцца з гісторыяй роднага краю

- 15:25Образование, Приложение, Шестой день

Большасць сучасных дзяцей наўрад ці адразу правільна скажуць, что такое габелен. Тым не менш ёсць юныя ўмельцы, якія не только чулі пра тканыя дываны, шпалеры, насценныя пано, але і на практыцы асвойваюць старадаўнюю тэхніку дыванаткацтва. Падрабязней – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Працаёмкае мастацтва ткац­ь габелены выхаванцы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” Мінска асвойваюць у народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Залатыя ўзоры”, якой вось ужо 15 гадоў кіруе Аліна Кажанец-Мурашова, загадчыца аддзялення народнай творчасці. 

У групе займаюцца 12 дзяўчынак ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Хтосьці наведвае заняткі першы год, а ёсць тыя, хто з’яўляецца заўсёднікам студыі ўжо 4 гады, таму да кожнага дзіцяці ў педагога індывідуальны падыход, кожны рухаецца па сваёй адукацыйнай траекторыі. Напрыклад, вопытныя вучаніцы могуць працаваць над выставачнымі экспанатамі, а пачаткоўцы яшчэ толькі асвойваюць тэхналогію гладкага і аб’ёмнага ткацтва, — расказвае Аліна Віктараўна. — Галоўныя інструменты маіх падапечных — гэта станок-падрамнік, ніткі, нажніцы і ўмелыя рукі.

Калі 15 гадоў назад “навабранцаў”, якія папаўнялі студыю, педагог адразу ўсаджвала за пад­рамнік і яны з першых заняткаў знаёміліся з асновамі ткацтва, ствараючы просценькія габелены, то сённяшнія непаседы-пачаткоўцы пачынаюць з таго, што плятуць вузкія фенечкі, пасля — масіўныя бранзалеты і толькі потым садзяцца за ткацкі станок.

Сёння, каб прыцяг­нуць дзіця на заняткі, яго трэба спачатку зацікавіць. Таму на першым уроку я прапаноўваю сплесці фенечкі. Калі пад канец нашай першай сустрэчы ў дзяўчынкі красуецца яркае ўпрыгажэнне на запясці, яна ідзе дадому шчаслівая і задаволеная сабой, а значыць, зноў вернецца на заняткі атры­маць порцыю радасці, — адзначае мая суразмоўніца. — Так, ствараючы бранзалеты, выхаванкі асвойваюць розныя спосабы пляцення вузлоў, варыянты іх камбінацыі, вучацца самастойна праца­ваць па складаных схемах, знойдзеных у інтэрнэце. А галоўнае — развіваюць дробную маторыку рук, якая неабходна для вывучэння прыёмаў габеленапляцення. Бо сёння дзяўчынкі ў 3 класе часам не могуць сплесці касу з трох нітак, не кажучы ўжо пра каласок з шасці — усё з-за масавай папулярнасці смартфонаў і іншых гаджэтаў.

Развіўшы спрыт пальцаў на працягу першых некалькіх месяцаў заняткаў, малодшыя дзяўчынкі пачынаюць з цікаўнас­цю паглядаць на вопытных выхаванак і не могуць дачакацца, калі ім можна будзе перайсці да ткацтва. Першае, што яны асвойваюць, узяўшы ў рукі ткацкі станок, — як нацягваць нітку-аснову на раму кругавым спосабам праз роўныя прамежкі ў 4 міліметры. Потым яны пачынаюць вывучаць розныя тэхнікі гладкага і аб’ёмнага ткацтва. У тэхналогіі гладкага ткацтва юныя рукадзельніцы ткуць, напрыклад, каляровую паласатую сурвэтку, па-рознаму пераплятаючы ніткі і злучаючы іх, выкарыстоўваючы такія прыёмы, як “Счапленне”, “Рэле”, “Зубцы”, “Лесвічка”, “Рыскі”. Знаёмячыся на практыцы з тэхналогіяй аб’ёмнага ткацтва, майстрыхі-пачаткоўцы ствараюць пейзаж, дзе пухнатая трава тчэцца з ужываннем ворсавай або махрыстай тэхнікі, эфект аб’ёмнага ствала і галінак дрэва дасягаецца дзякуючы ткацтву на дадатковай аснове, а кучаравыя аблокі ствараюцца з выкарыстаннем тэхнікі букле.

Юныя аматаркі габеленаў у сваіх першых работах увасабляюць у жыццё немудрагелістыя сюжэты: ткуць па эскізе смайлікі, сэрцайкі ці простыя анімалістычныя прынты.

Навучэнцы народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Залатыя ўзоры” — неаднаразовыя прызёры і пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў “Спрадвечнае заўтра”, “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!” і інш.

Праз паўгода, набіўшы руку і асвоіўшы пэўныя прыёмы і тэхнікі, дзяўчаты прымаюць прапанову педагога паўдзельні­чаць у конкурсах. Калі трэба, Аліна Віктараўна дапамагае ства­рыць арыгінальны эскіз, прадумаць кампазіцыю і мастацкі вобраз, які найлепшым чынам перадасць ідэю і задуму работы. Так што габеленапляценне дае магчымасць кожнай вучаніцы, нават той, якая не валодае талентам жывапісца, адчуць сябе казачнай гераіняй Мар’яй-мастачкай.

Прыемна назіраць, як паступова мае падапечныя набіраюцца вопыту і майстэрства, выконваюць усё больш тэхнічныя, складаныя работы, як удасканальваюцца іх навыкі ў каларыстыцы, — адзначае педагог дадатковай адукацыі. — Калі спачатку ўсе, як правіла, выбіраюць для работ яркія, кідкія колеры, то пасля спыняюць свой выбар на прыглушанай класіцы, вучацца правільна камбінаваць колеры, іграць з адценнямі. Асвойваючы ручное ткацтва, у прыватнасці, працуючы ў тэхніцы габелена, дзеці знаёмяцца з гісторыяй і культурай роднага краю, у іх развіваюцца творчае мысленне, эстэтычны густ, працавітасць і цярпенне.

Даведка

Габелен — насценны дыван, тканая карціна з сюжэтнай або арнаментальнай кампазіцыяй, якая створана ўручную перакрыжаваным пляценнем нітак. Назва “габелен” увайшла ва ўжытак у XVII стагоддзі. Сёння габелен ручной работы модныя куцюр’е выкарыстоўваюць у дэталях паўсядзённых і святочных касцюмаў, жаночых сумачак і шопераў, дзякуючы чаму любая рэч становіцца дзіўнай і ўнікальнай.

Марына КУНЯЎСКАЯ