Педагог-натхненне

- 10:47Людзі адукацыі

Святлана Каляда — педагог-натхненне. Прычым як для вучняў, так і калег. Мяне і па сённяшні дзень не адпускаюць эмоцыі, якія я перажыла на яе ўроку англійскай мовы. А гэта было шэсць гадоў назад! Якраз завяршыўся конкурс “Настаўнік года — 2014”, у якім Святлана Міхайлаўна дайшла да фіналу, і я прыехала ў сярэднюю школу № 6 Жодзіна, каб зрабіць рэпартаж з урока настаўніцы англійскай мовы, фіналісткі конкурсу прафесійнага майстэрства Святланы Каляды.

Тыць у сваіх вучняў і не баіцца імправізаваць. На яе ўроках дзеці заўсёды сацыяльна-актыўныя, свабодныя і розныя. Іх погляды і меркаванні сведчаць пра цэлас­насць і гарманічнасць развіцця асобы, а таксама пра індывідуаль­насць мыслення. Перад урокам, падчас яго і пасля выхаванцы Святланы Міхайлаўны спакойныя, упэўненыя, жыццярадасныя і задаволеныя вынікамі сваёй працы. Як, дарэчы, і сама настаўніца. Сакрэт — у матывацыйным узлёце, у бясконцым руху і развіцці. Яна натхняе, бо натхняецца сама.

Святлана Міхайлаўна вельмі таленавіты педагог, які дасканала валодае сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі і метадамі, эфектыўна прымяняе іх на практыцы. Чаго вартыя створаныя ёй аўтарскія мультфільмы і настольныя гульні! Такі сучасны і запатрабаваны дзецьмі дыдактычны матэрыял спрыяе трываламу і зацікаўленаму засваенню вучэбнага матэрыялу. “Праз гульню маім вучням больш звыкла знаёміцца з навакольным асяроддзем, пазнаваць усё новае без страху і сарамлівасці, з захапленнем і зацікаўленасцю. Падчас гульні на ўроках англійскай мовы яны трапляюць у міжкультурнае асяроддзе, якое дазваляе ў актыўнай дзейнасці ацаніць трываласць сваіх ведаў і прывесці іх у сістэму. Гульня — віртуальнае падарожжа, гульня-экскурсія, ролевыя, настольныя, гульні на платформе дадатку Web 2.0 LearningApps. org — вось далёка не поўны пералік таго, што дазваляе мне зацікавіць вучняў, зрабіць урок даступным, інфармацыйным і выніковым”, — заўважыла Святлана Міхайлаўна.

Вучні настаўніцы Аліна Ціхановіч, Уладзіслаў Катоўскі, Лізавета Берасневіч (двойчы) узнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў. Сама Святлана Міхайлаўна была ўзнагароджана прэміяй прэзідэнта за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў. Яе выхаванцы паспяхова выступаюць на конкурсе работ даследчага характару, атрымліваюць дыпломы на алімпіядзе па англiйскай мове. З 2015 па 2020 год яны 7 разоў станавіліся пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, тройчы былі ўзнагароджаны пахвальнымі водгукамі на заключным этапе. Акрамя таго, у іх скарбонцы 6 дыпломаў з конкурсаў работ даследчага характару. Але самае галоўнае — яны атрымліваюць камунікатыўную свабоду, бо дасканалае валоданне англійскай мовай значна пашырае прафесійныя і жыццёвыя гарызонты.

У мінулым годзе настаўніца была ўзнагароджана дыпломамі I і III ступені па выніках Рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак. Матэрыялы Святланы Міхайлаўны ўнесены ў рэспубліканскі банк электронных адукацыйных рэсурсаў па выніках конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, дзе яна была ўдастоена дыпломаў III (2015 год) і II (2019 год) ступені.

Святлана Міхайлаўна вядзе вялікую метадычную работу з калегамі. З 2010 года яна рэгулярна право­дзіць навучальныя заняткі для слухачоў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, уваходзіць у склад абласной і рэспубліканскай творчых груп настаўнікаў англійскай мовы, удзельнічае ў рэспублікан­скіх і абласных навукова-практычных канферэнцыях, інтэрнэт-семінарах, міжнародных вэбінарах. Педагог актыўна выкарыстоўвае ІКТ на сваіх уроках, займаецца распрацоўкай мультымедыйна-інтэрактыўнага матэрыялу і аўтарскіх мультфільмаў для навучання і шчодра дзеліцца сваім вопытам з калегамі.

“Што такое майстэрства настаўніка? Гэта не выпадковасць, а што­дзённая праца над сабой, карпатлівая праца, якая прыносіць самую галоўную ўзнагароду — іскрыстыя ўсмешкі вучняў, зацікаўленыя вочы і поўныя натхнення сэрцы, у якіх заўсёды застаецца месца для настаўніка. Разгледзець талент і задаткі ў сваіх вучнях, а галоўнае, ні ў якім разе не дазволіць ім згаснуць — вось сапраўдная задача настаўніка. Выхоўваць дзяцей разумных, упэўненых у сабе, якія праз усё жыццё праня­суць усё тое, чаму іх вучыў настаўнік, — гэта самае вялікае дасягненне”, — адзначыла Святлана Міхайлаўна.

Я вельмі ганаруся, што знаёма з такім педагогам. Яна сапраўды натхняе. Сваім прафесіяналізмам, няспынным развіццём і ўсмешкай, якая дорыць пазітыў і лёгкасць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.