Педагог-псіхолаг: удзел мам і татаў у школьным жыцці павінен быць цікавым, разнастайным і карысным

- 15:01Новости

Рэалізуючы праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, педагогі гімназіі Ганцавіч звяртаюцца да актыўных форм работы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Удзел мам і татаў у школьным жыцці павінен быць цікавым, разнастайным і карысным, таму ва ўзаемадзеянні з імі аддаю перавагу інтэрактыву і выкарыстоўваю для гэтага патэнцыял шостага дня. Праводжу інтэрактыўныя заняткі і заняткі з элементамі трэнінгу, круглыя сталы, дыскусіі, семінары-практыкумы, майстар-класы, тэматычныя апытанні, арганізоўваю абмен вопытам, сумесную творчую дзейнасць дзяцей і бацькоў, анлайн-кансультацыі і многае іншае, — гаворыць педагог-псіхолаг Марыя Рабкавец, якая імкнецца ўсяляк разнастайваць і тэматыку мерапрыемстваў.

Асаблівы водгук у мам і татаў выклікалі заняткі з элементамі трэнінгу “Дзіця — адлюстраванне сям’і”, пабудаваныя на цесным узаемадзеянні дзяцей і баць­коў. Яны разам прыдумалі і намалявалі сямейны герб. Вучням вельмі спадабалася практыкаванне “Люстэрка”, дзе можна было крыху пакіраваць дарослымі. А завяршылася сустрэча маляваннем сумеснай карціны. Усё гэта дапамагло ўстанавіць даверлівыя адносіны паміж членамі сям’і.

Падчас круглага стала “Развіццё пазнавальных працэсаў малодшых школьнікаў” бацькі актыўна дзяліліся ўласным вопытам і назіраннямі, апрабоўвалі на сабе некаторыя прыёмы работы, прапанаваныя педагогам-псіхолагам, абмяркоўвалі і вывучалі адпаведныя інтэрнэт-рэсурсы і кніжныя навінкі.

Насычанымі і прадукцыйнымі атрымаліся практычныя заняткі “Сямейныя каштоўнасці”, падчас якіх дзеці з бацькамі складалі кластар “Ідэальная сям’я” і прыйшлі да высновы, што не варта прад’яўляць занадта высокія патрабаванні адно да аднаго. Усе з захапленнем шчыравалі над дрэвам сямейных каштоўнасцей, эмацыянальна абмяркоўваючы найбольш важныя з іх. Мамы і таты пагадзіліся, што без спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў сям’і немагчыма здаровае развіццё дзяцей. Напрыканцы заняткаў бацькі з задавальненнем падзяліліся сак­рэтамі сямейнага шчасця.

На цеснай зваротнай сувязі былі пабудаваны і заняткі па абмене вопытам “Уважлівым бацькам пра адоранасць”. Падчас зацікаўленага дыялогу мамы і таты не толькі разважалі над тым, як распазнаць і развіць здольнасці дзяцей, але і прайшлі тэсціраванне, каб даведацца, ці не дапуска­юць яны памылак у выхаванні.

Эмацыянальным атрымаўся і інтэрактыў “Асаблівасці падлеткавага ўзросту”. Бацькі выканалі шэраг практыкаванняў, каб лепш зразумець, што адчуваюць падлеткі.

Цікавай і змястоўнай атрымалася сустрэча ў бацькоўскім кафэ “Псіхалагічны клімат у сям’і”, дзе мамы і таты ў нефармальнай атмасферы за кубачкам чаю гаварылі пра зменлівы характар псіхалагічнага клімату ў сям’і. Толькі ад намаганняў кожнага яе члена залежыць, ці будзе ён спрыяльным. У рамках сустрэчы бацькі захоплена працавалі над калажам па заяўленай тэме, склалі каляндар сямейных свят і навучыліся рабіць адно аднаму кампліменты.

— З бацькамі мы часта гаворым пра бяспеку дзяцей і такія негатыўныя з’явы, як булінг, кібербулінг і палавая недатыкальнасць, — расказвае Марыя Рабкавец. — Гэтыя тэмы патрабуюць далікатнага падыходу і асаблівай увагі. Разам з мамамі і татамі высвятляем глыбінную сутнасць праблемы, выпрацоўваем стратэгію паводзін, складаем партрэты агрэсара і ахвяры, прыходзячы ўрэшце да высновы, што давер у сям’і і блізкія эмацыянальныя адносіны з дзецьмі робяць іх больш упэўненымі ў сабе, дапамагаюць перажыць цяжкія жыццёвыя сітуацыі.

Па словах педагога-псіхолага, такія разнастайныя формы работы, калі бацькі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і галоўнымі дзеючымі асобамі, прыносяць плён. Мамы і таты ахвотна наведваюць сустрэчы і ідуць на кантакт, мерапрыемствы становяцца мнагалюднымі, у зносінах знікае напружанне. Асабліва радуе, што да праекта актыўна далучаюцца таты, бо часта менавіта яны не ўдзельнічаюць у выхаванні сваіх дзяцей.

Аб праведзеных мерапрыемствах можна даведацца на гімназічным сайце ў раздзеле “Баць­коўскі ўніверсітэт”. Там жа рэгулярна размяшчаецца інфармацыя па найбольш актуальных выхаваўчых пытаннях. У раздзеле “Зваротная сувязь” можна задаць пытанні і атрымаць на іх кваліфікаваныя адказы. У доступе відэазапісы заняткаў з вучнямі.

Для папулярызацыі ўзаемадзеяння бацькоў шырока выкарыстоўваюцца старонкі гімназіі ў сацыяльных сетках, — заўважае Марыя Рабкавец. — Гэта дазваляе педагогам быць заўсёды на сувязі з бацькамі, аператыўна інфармаваць іх пра будучыя мерапрыемствы, праводзіць анкетаванне, зай­мацца асветай у сферы вучобы і выхавання. Так, у месенджары Viber дзейнічае група “Дапамога побач”, дзе педагогі-псіхолагі рэгулярна размяшчаюць найбольш цікавыя матэрыялы пра выхаванне дзяцей і фарміраванне блізкіх і даверлівых адносін паміж імі і бацькамі. Акрамя таго, у групе праводзіцца анлайн-кансультацыя “Прычыны агрэсіўнасці і яе ўплыў на ўзаемадзеянне падлетка з іншымі”. Вопыт работы ў рамках праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” неаднаразова асвятляўся на старонках “Настаўніцкай газеты”.

У гімназіі спадзяюцца, што дзякуючы ўзаемнай падтрымцы і дапамозе педкалектыву і бацькоў удасца паспяхова рэаліза­ваць не толькі інтэлектуальны, але і духоўна-маральны патэнцыял кожнага вучня.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ