Педагог з Мазыра, пераможца кастынгу тэлепраекта «Зорны шлях» Кацярына Круглова: «Аб сцэне марыла з дзяцінства»

- 11:10Новости

Сярод пераможцаў кастынгаў трэцяга сезона папулярнага тэлепраекта АНТ “Зорны шлях”, якія праходзяць зараз па гарадах Беларусі, ёсць і прадстаўнікі сферы адукацыі. У іх ліку — культарганізатар Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Круглова, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Па адукацыі Кацярына Уладзіміраўна — нас­таўнік фізічнай культуры, скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна па профілі “Фізкультурна-аздараўленчая і турыстычна-рэкрэацыйная дзейнасць”. Першым працоўным месцам быў козенскі дзіцячы сад № 1 Мазырскага раёна, дзе яна займалася фізічным выхаваннем дзяцей. Вярнуўшыся да работы пасля двух дэкрэтных водпускаў, вырашыла змясціць фокус сваёй дзейнасці са спорту на культурную дзейнасць. Знайшла тое, што шукала, у раённым цэнтры творчасці дзяцей і мола­дзі, дзе працуе культарганізатарам паўтара года. Разам з калегамі піша сцэнарыі розных дзіцячых мерапрыемстваў, выступае на іх вядучай, ладзіць для дзетак гульнявыя праграмы, удзельнічае ў тэатральных пастаноўках і робіць шмат чаго яшчэ.

Па словах Кацярыны Круг­ловай, пра тое, што ў Мазыры адбудзецца адзін з кастынгаў народнага вакальнага шоу “Зорны шлях”, даведалася з сацсетак. Гэта яе зацікавіла.

— Я з дзяцінства люб­лю спяваць. У школьныя гады ўдзельнічала ў вакальнай групе “Сваячкі” Палаца культуры МНПЗ, займалася ў студыі эстрадных спеваў мазырскай дзіцячай школы мастацтваў № 2. Марыла аб прафесійнай сцэне, у студэнцкія гады не раз удзель­нічала ў розных кастынгах. Але заўсёды чула “не”. Можна сказаць, апусціла рукі, вырашыла, што мары не наканавана спраўдзіцца. Вялікі дзякуй мужу, які натхніў мяне ўсё ж паспрабаваць яшчэ раз і падаць заяўку на кастынг “Зорнага шляху”, — дзеліцца мая суразмоўніца.

Паколькі адным з арганізатараў тэлепраекта з’яўляецца Федэрацыя прафсаю­заў Беларусі, Кацярына Уладзі­міраўна звярнулася па дапамогу з падачай заяўкі да старшыні сваёй прафсаюзнай пярвічкі Ірыны Анатоль­еўны Турбал. Запоўніла анкету і ў прызначаны час пайшла на кастынг.

Членам журы яна прадставіла дзве песні з рэпертуару Валерыі і Алы Пугачовай. Водзывы атрымала доб­разычлівыя, але было невядома, возьмуць яе ў праект ці не. Раптам увечары ёй па­тэлефанавала дырэктар цэнтра творчасці Аксана Віктараўна Казачэнка і сказала, што раніцай неабходна будзе правесці ў актавай зале мерапрыемства для студэнтаў, трэба выглядаць прыгожа. А калі яна прыйшла на работу, там чакаў сюрпрыз — адзін з прадзюсараў “Зорнага шляху” Святлана Адамаўна Стацэнка і здымачная група АНТ павіншавалі яе з перамогай у кас­тынгу.

— Я была так уражана, што не стрымала слёз радасці. Столькі аб гэтым марыла, і нарэшце мне выпаў шанс. А яшчэ я рада, што мой прыклад стане натхняльным для маіх сыноў і для выхаванцаў нашага цэнтра творчасці. Бо ён паказвае: калі хочаш нечага дасягнуць, не трэба спыняцца, нават калі табе гавораць “не”. Прыйдзе час — і ты пачуеш “так”, — адзначае мая суразмоўніца.

Кацярына Уладзіміраўна лічыць вельмі каштоўнай магчымасць папрацаваць на праекце з камандай сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы пад кіраўніцтвам Святланы Стацэнка. Яна ўпэўнена, што многаму навучыцца, атрымае яркія і пазітыўныя эмоцыі. Магчыма, гэта натхніць яе на далейшае прафесійнае развіццё, з’явіцца жаданне вучыць вакалу дзяцей.

Вядома ж, кожны ўдзельнік шоу хоча перамагчы, адзначае Кацярына Круглова. Але, па сутнасці, усе яны пераможцы, бо пераадольваюць свае страхі і сумненні, смела ідуць насустрач новаму вопыту. Вельмі добра, што на нашым тэлебачанні ёсць такі праект, дзякуючы якому людзі розных спецыяльнасцей, не маючы прафесійнай музычнай адукацыі, могуць спець на прафесійнай сцэне і адчуць сябе сапраўднымі зоркамі.

Аксана МЫЦЬКО
Фота з газеты “Жыццё Палесся” і асабістага архіва Кацярыны КРУГЛОВАЙ