Педагог з Оршы збірае старадаўнія швейныя машынкі і вяртае іх да жыцця, захоўваючы аўтэнтычны выгляд

- 14:14Увлечения

У свеце 13 чэрвеня адзначаецца Дзень швейнай машынкі. Гэтае свята прафесійнае, заснавана спецыяльна для работнікаў швейнай прамысловасці і цесна звязана з гісторыяй з’яўлення гэтага вынаходства. Для нас жа яно стала нагодай пазнаёміцца з аршанцам Віктарам Гараўцовым і яго ўнікальнай калекцыяй швейных машынак. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Першыя шыўкі

Бадай, самыя трывалыя захапленні чалавека — тыя, што родам з дзяцінства. Майстар вытворчага навучання Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Віктар Гараўцоў нават не памятае, калі ўпершыню сеў за швейную машынку — гэта было яшчэ ў дашкольным узросце.

— Відаць, гэта была патрэба на генетычным узроўні: мой дзядуля быў краўцом, шыў любое адзен­не — ад штаноў да кашуль. Яго старэнькая машынка мне і засталася — яна стаяла ў нас дома, я ўсё на яе глядзеў, і так карцела разабрацца, як яна працуе! Тады на ёй я і зрабіў першыя шыўкі, на ёй жа шыў цацкі для сястры, — успамінае Віктар Леанідавіч. — Цяпер да мяне прыязджае 9-гадовая ўнучка і мы разам з ёй кроім і шыем для яе лялек модныя сукенкі, капялюшыкі, у тым ліку і на дзедавай машынцы. І сама ўнучка ўжо ўмее на ёй шыць.

Тыя ўражанні ад першых шыўкоў не прайшлі бясследна. Са швейным абсталяваннем Віктар Гараўцоў звязаў і прафесійнае жыццё. 25 гадоў ён працаваў у канструктарскім бюро на прадпрыемстве па выпуску швейных машын — легендарным аршанскім “Легмашы”. Ён распрацоўваў новыя ўзоры машын і з іх прэзентацыямі аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз, прадстаўляў на выставах у Турцыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Румыніі, Балгарыі і іншых краінах. Асаблівы попыт аршанскія швейныя машынкі мелі ў арабскіх краінах. Ён згадвае, як на адну з экспазіцый набыць партыю машын і пяцінітачны аверлок прыязджаў нават арабскі шэйх! Дзівіліся працаздольнасці і магчымасцям нашых беларускіх агрэгатаў браць максімальную таўшчыню тканіны і вытворцы скураных вырабаў, мэблі, адзен­ня, прадстаўнікі іншых прафесій. Нават дзіцячыя машынкі, на якіх вучыліся шыць савецкія дзяўчынкі, выстройвалі замежнікаў у чэргі: колькі б іх Віктар Гараўцоў з калегамі ні прывозіў на выставы, яны раскупляліся ў адно імгненне — ніводнай машынкі з выстаў не вярнулася ў Беларусь.

Віктар Гараўцоў шые не толькі ў каледжы — і дома ў яго ёсць некалькі машынак. Ён можа падагнаць, падкараціць, падправіць ці пашыць новую рэч.

З закрыццём вытворчасці на “Легмашы” Віктар Леанідавіч працягнуў работу ў ПТВ № 101 (сёння гэта політэхнічны каледж). Тут ён 15 гадоў рыхтаваў наладчыкаў швейнага абсталявання. Тут жа і пачаў збіраць сваю калекцыю швейных машын. Сёння ў ёй больш за 30 экзэмпляраў.

— Калі я працаваў на заводзе, мне начальнік Леанід Міласердны казаў: “Штаны і кашуля бу­дуць запатрабаваны заўсёды і ўсюды, таму швейныя машынкі былі, ёсць і будуць”. Пагаджуся. Акрамя таго, швейныя машынкі — гэта наша гісторыя. Шкада толькі, што шмат унікальных рэчаў нашы людзі выкідваюць на сметнік, не задумваючыся аб іх значнасці. А яны каштоўныя і з гістарычнага пункту гледжання, і як сямейныя рэліквіі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Часам яны нават ратавалі людзей. У мяне ёсць адна машынка ад бабулінай сястры. Калі яна ў вайну ішла ў партызаны, закапала сваю машынку для захавання. Пасля вайны ўменне на ёй шыць дало бабулі магчымасць і самой пракарміцца, і пракарміць сваё дзіця, якое выхоўвала ўжо адна.

Цікавая і гісторыя развіцця саміх машын. Па словах майстра, сакрэт іх жывучасці — у кінематыцы, якая застаецца такой жа, як і стагоддзі назад.

— Сэрца машынкі — чаўнок — толькі злёгку змяніўся. Калі цяпер прынцып захопу ніжняй ніткі кругавы, то раней чаўнок рабіў паступальныя рухі назад і наперад. І строчка на такой машынцы была ідэальна роўнай, як пад лінейку адкрэс­леная. Вось машына вядомай маркі “Зінгер”. Яна мае чаўнок-лодачку, што ў працэсе шыцця дазваляе атры­маць якасна роўнае шво, — право­дзіць экскурсію Віктар Леанідавіч і дадае: — Вытворчасць швейных машын — гэта высокія тэхналогіі. Дэталі для іх вырабля­юць настолькі дакладнымі, што іх вымяраюць не да міліметраў, а ажно да мікронаў. Прынцып работы прылады не мяняецца стагоддзямі, мадэрнізуецца толькі дызайн, хуткасць і колькасць аперацый, дадаецца праграмнае забеспячэнне і мяняюцца матэрыялы: на змену прывычнаму чыгуну, з якога раней рабілі карпусы, прыйшлі больш сучасныя матэрыялы. Больш сур’ёзна нічога не змянілася. І не трэба: не можа кола ўдасканальвацца да квадратнага. Нават вось гэтая самая старэнькая машына ў маёй калекцыі, 1896 года выпуску, і сёння на хаду і добра шые. Захаваліся ўсе яе “родныя” дэталі — тыя, якія і былі выпушчаны амаль 130 гадоў назад. Апошняй папоўніла маю калекцыю машына з літым сталом, якую спецыяльна для мяне прывезлі з Масквы.

Многія машынкі былі выратаваны ад лёсу дажыць свой век на сметніку ці самім Віктарам Гараўцовым, ці яго навучэнцамі. Некалькі машынак яны прывезлі з калгаса пад Новалукомлем, куды ездзілі з педагогам на работу.

— Хлопцам таксама было цікава знаходзіць такія старэнькія машыны, якія былі ў бабуль і ўжо былі ім не патрэбны. Знаходзілі мы машынкі нават на пажарышчах — рамантавалі, рэстаўрыравалі і вярталі да жыцця. Будучым наладчыкам швейных машын гэта было асабліва цікава. Практыкаваў я і такое: даваў хлопцам узоры дэталей, і яны самы рабілі іх з металу, я дамаўляўся з заводам — мне іх загартоўвалі (гэта абавязкова), хлопцы ставілі гэтыя свае дэталькі ў машыны, і тыя працавалі. Гэта самы прыемны момант. Цяпер пад­рыхтоўкі па гэтай спецыяльнасці ў нас няма, у мяне толькі група дзяўчат — аператараў паштовай сувязі і аператараў ЭВМ. Але ў нас ёсць швейныя майстэрні, і я іх абслу­гоўваю.

Ёсць у калекцыі майго сураз­моўніка і адметныя прылады: машынкі для зборкі фальбон, для пашыву элітнай бясшвовай жаночай бялізны з раскладчыкам, пашыву мяшкоў і вырабаў са скуры з ролікам. Усё гэта распрацоўкі завода “Легмаш”. Тут жа захоўваецца знакаміты аршанскі трохнітачны аверлок. Для шыцця навучэнкі ў асноўным карыстаюцца машынкамі вытворчасці завода “Легмаш” і сучаснымі кітайскімі машынамі.

Наперад у гісторыю!

Акрамя машын, Віктар Гараўцоў калекцыяніруе і іншыя прылады, без якіх не абыходзіўся ні адзін кравец ці швачка.

— Чым раней жанчыны займаліся ў вёсках? Ткалі, пралі, шылі, выбельвалі палотны і складвалі ў куфар на пасаг. У мяне ёсць усе прылады для гэтых работ — ад калаўротаў да ткацкіх станкоў і куфра. Усё гэта — падарункі ад вясковых жыхароў. Ёсць і стэнды з дэталямі да швейных машын: розныя віды чаўнакоў, лапак, іголак. А гэта — калекцыя прасаў. Самаму старадаўняму з іх 130 гадоў. Нягледзячы на невялікі памер, ён вельмі цяжкі, — прапаноўвае ацаніць масіўнасць прылады з вітай ручкай і вензелем з кляймом “Мальцовъ” майстар і тлума­чыць: — Раней прасаваннем часцей займаліся мужчыны, і ім такая вага была пад сілу. Я яго прывёз з Санкт-Пецярбурга. Такія былі да вугальных — гэты проста ставіўся на агонь і грэўся, а пасля ім прасавалі. Звярніце ўвагу, якое ідэальнае і дакладнае ліццё. Яму столькі гадоў, а яго падэшва дагэтуль гладкая. А вось гэты — лёгкі і мініяцюрны — жаночы варыянт. А такі, вугальны, вы, напэўна, бачылі. Каб прасаваць ім, усярэ­дзіну ўсыпалі распалены вугаль. А гэта рыфленыя драўляныя качалкі, круглякі, на якіх разгладжвалі саматканыя палотны, калі яшчэ не было прасаў. А вось пралкі. Гэта газоўка, якая мне дасталася ад майго прадзеда. У ёй 4 бакі закрываюцца шклом. Запаліўшы яе ўнутры, можна было карыстацца ёй і дома, хадзіць з ёй па вуліцы — вецер агонь не тушыў. Такую, дарэчы, я бачыў у старым фільме пра піратаў.

Мне вельмі шкада, што ў нас больш не выпускаюць дзіцячыя швейныя машынкі. На мой погляд, кожнай дзяўчынцы было карысна прагнаць хоць адну строчку, сваімі рукамі пашыць ляльцы сукенку. Гэта матывуе і надае ім упэўненасці.

Віктар Гараўцоў даўно марыў, каб усе гэтыя рэчы сталі музейнай экспазіцыяй, бо перакананы, што гэта тая гісторыя, якую нельга забываць. У каледжы ўжо выдзелілі памяшканне для гэтага. Якраз цяпер Віктар Леанідавіч рыхтуе экспазіцыю, расстаўляе свае ўнікальныя скарбы, каб і жыхары Оршы, і госці горада змаглі ўбачыць, як развівалася швейнае абсталяванне ад зараджэння і да нашах дзён. Плануецца, што музей адкрыецца ў верасні.

 

У горадзе, які славіўся сваімі швейнымі машынкамі, гэты музей будзе дакладна запатрабаваны. Экскурсаводы змогуць расказ­ваць наведвальнікам і пра сакрэты маладосці швейных механізмаў, і пра тэхнічныя дасягненні сваіх землякоў, пра гісторыю, якая цесна з імі была звязана, і пра жыццё сваіх продкаў.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Веранікі Аўрэйцэвіч і Ірыны Масюк