Педагогі 52-й сталічнай школы і НДЦ «Зубраня» наладжваюць супрацоўніцтва і абмен вопытам

- 11:24Образование

У сярэднюю школу № 52 Мінска завіталі супрацоўнікі Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» з мэтай наладжвання супрацоўніцтва, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Яшчэ ў лютым у рамках праекта «Выдатны ўрок» педагогі 52-й школы пабывалі ў НДЦ «Зубраня». Адкрытыя інтэграваныя заняткі для навучэнцаў цэнтра правялі настаўніца рускай мовы і літаратуры Кацярына Астравецкая і настаўнік гісторыі Яўген Агіевіч — гэта быў урок сусветнай гісторыі па тэме «Кітай». На майстар-клас па 3D-мадэляванні сваіх калег запрасіў настаўнік інфарматыкі 52-й школы Сяргей Юрчанка. У сваю чаргу сталічныя настаўнікі наведалі адкрытыя ўрокі калег з «Зубраняці», дзе азнаёміліся з сістэмай работы з высокаматываванымі навучэнцамі.

Днямі педагогі з НДЦ «Зубраня» разам з намеснікам дырэктара Ірынай Гунько завіталі ў сярэдняю школу № 52 Мінска. Дырэктар установы Аксана Цуран правяла экскурсію і прадставіла паспяховыя праекты, якія рэалізуюцца ў школе, — інавацыйны праект па ўкараненні адытыўных тэхналогій на ўроках працоўнага навучання і ў пазаўрочнай дзейнасці ў навучэнцаў 6—9 класаў і эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі фарміравання асноў прафесійнай інжынернай арыентацыі навучэнцаў 3—6 класаў (на прыкладзе робатэхнічных канструктараў).

Гасцей зацікавіла, як у школе арганізавана пераемнасць паміж 1-й і 2-й ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі, як уладкавана адукацыйная прастора для дзяцей з АПФР: сенсорны пакой, кабінет настаўнікаў-дэфектолагаў, кабінет для пачатковых класаў з інтэграваным навучаннем, тэматычныя гульнявыя зоны на калідорах і г. д.

Вялікая ўвага падчас сустрэчы была ўдзелена школьнаму музею гісторыі беларускай дзяржаўнасці, дзе ў першай зале сабраны экспанаты, якія расказваюць пра Беларусь з 1772 г. да нашых дзён, а другая зала прысвечана памяці герояў-пераможцаў. У асобным холе «Гістарычная памяць» размешчана экспазіцыя «Генацыд беларускага народа», выстава дзіцячых малюнкаў і створаныя вучнямі пад кіраўніцтвам педагогаў арт-аб’екты «Сцяг Перамогі над Рэйхстагам» і «Стэла «Мінск горад-герой», які заняў 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе арт-аб’ектаў «Спадчына Перамогі». Настаўнік гісторыі Дзмітрый Грыкень прадставіў праект «Гісторыя ў чамадане».

Намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Сікірыцкая і Юлія Бакун арганізавалі для гасцей інтэрактыўную пляцоўку «Лічбавы форсайт» з выкарыстаннем метадычнай гульні «Крыжыкі-нулікі». Гульня дазволіла педагогам спраектаваць сучасны лічбавы ўрок з дапамогай картак канструктара «Лічбавы форсайт», пазнаёміцца з рознымі ЭАР і платформамі. Госці наведалі рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій 52-й школы пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Сяргея Юрчанкі і факультатыўныя заняткі «У свеце тэхнікі і тэхналогіі».

Наступная сустрэча педагогаў дзвюх устаноў запланавана на студзень. Пройдзе яна ў НДЦ «Зубраня» ў рамках праекта «Выдатны ўрок».

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва школы