Педагогі Нараўляншчыны памятаюць пра чарнобыльскую трагедыю і робяць жыццё ў родным краі камфортным, шчаслівым

- 9:24Родная земля

Нараўлянскі раён — адзін з найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Аднак дзякуючы працавітасці мясцовых жыхароў, іх любові да роднай зямлі, чарнобыльскія раны паступова загойваюцца, маляўнічы край развіваецца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пра веру і справы

Другі раз наведваю Нараўляншчыну, і другі раз яна сустракае мяне квеценню садоў. Ёсць штосьці сімвалічнае ў белым колеры, які пануе ў гэтыя дні на зямлі, ахутанай 38 гадоў назад чорным крылом Чарнобыля. Белыя кветачкі на вішнях, яблынях, грушах, а таксама кустах чаромхі — быццам сімвал спадзяванняў і веры палешукоў у шчаслівую будучыню малой радзімы.

Каб родная Нараўляншчына развівалася, квітнела, настаўнікі разам з вучнямі робяць канкрэтныя справы. І гэта не толькі рэгулярны ўдзел у суботніках, працоўных акцыях. Напрыклад, па ініцыятыве выпускніка Вербавіцкай базавай школы, а сёння яе настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Сяргея Мікалаевіча Стрэльчука паспяхова рэалізуюцца ініцыятывы, накіраваныя на сацыяльнае развіццё населенага пункта, а таксама праекты, прысвечаныя гістарычным і архітэктурным адмет­насцям малой радзімы.

Без перабольшання тытанічную працу па вывучэнні мінулага Нараўляншчыны прарабіў і працягвае ёй займацца педагог сярэдняй школы № 2 Нароўлі імя І.М.Шаўрэя Васіль Васільевіч Чайка. Адзін толькі прыклад: вядомы краязнавец стварыў аж пяць школьных музеяў, у планах — шос­ты, сёмы! І ў кожным музеі частку экспазіцыі займаюць рэчы з выселеных пасля аварыі на ЧАЭС вёсак.

Захапляльны аповед

Для наведвання другой нараўлянскай школы ў мяне былі дзве нагоды. Першая — сам Васіль Чайка, унікальны педагог, цікавы суразмоўнік, няўрымслівы даследчык малой радзімы. Для сустрэчы з такім чалавекам не цяжка і некалькі соцень кіламетраў пераадолець, бо дакладна ведаеш, што размова будзе насычанай, захапляльнай. Другая нагода — знаёмства з лёсам ураджэнца Нараўлянскага раёна Івана Міхайлавіча Шаўрэя, героя-пажарнага, які ў першыя хвіліны аварыі на ЧАЭС змагаўся з агнём і імя якога ў гэты дзень роўна тры гады назад было прысвоена сярэдняй школе № 2 Нароўлі.

— Ужо праз некалькі мінут пасля выбуху на ЧАЭС ён тушыў пажар на даху чацвёртага энергаблока. Атрымаў вялікую долю апраменьвання, страціў прытомнасць у машыне хуткай дапамогі. Пасля працяглага лячэння змог вярнуцца да паўнацэннага жыцця, працаваў у пажарнай часці Нароўлі, прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а ў 2020 годзе, незадоўга да смерці, атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Нараўлянскага раёна, — расказвае кіраўнік школьнага музея “Гісторыя Нараўляншчыны” Васіль Чайка.

Калі ў Нараўлянскі раён я завітаў толькі другі раз, то з Васілём Васільевічам сустрэўся раз пятнаццаты, а то і дваццаты. Справа ў тым, што ён удзельнічае ў многіх рэспубліканскіх краязнаўчых форумах, семінарах, канферэнцыях, на якіх мне часта даводзіцца бываць па рэдакцыйным заданні. І на кожным такім мерапрыемстве Васіль Васільевіч дзеліцца з калегамі напрацоўкамі, краязнаўчымі адкрыццямі. Слухаць яго адно задавальненне. Жывы аповед без паперы, разбаўлены здаровым народным гумарам і цікавымі гісторыямі з вясковага жыцця, нікога не пакідае абыякавым.

Па якіх бы тэмах педагог ні праводзіў краязнаўчыя даследаванні, значная частка сабранага матэрыя­лу абавязкова прысвячаецца гісторыі чарнобыльскіх вёсак. Па-іншаму і не можа быць, паколькі амаль палова населеных пунктаў Нараўлянскага раёна пасля 26 красавіка 1986 года знікла з геаграфічных карт або пазначаецца на іх як нежылыя. Дарэчы, карта выселеных вёсак ёсць і ў школьным музеі “Гісторыя Нараўляншчыны”. Прычым карта незвычайная — гэта своеасаблівы круглы стол, за якім праходзяць музейныя заняткі.

На здымку якраз можна ўба­чыць момант аднаго з такіх заняткаў, калі Васіль Васільевіч знаёміць вучняў 2 класа з унікальным экспанатам. Ніколі не здагадаецеся, што гэта… Такое прыстасаванне, падобнае ці то на вялізнае сіта, ці то на вядро-флюгер, як аказалася, выкарыстоўвалі для смажання кабана. А знайшоў Васіль Васільевіч унікальную рэч падчас чарговай краязнаўчай экспедыцыі на сваю малую радзіму ў вёску Цешкаў.

— Сёння вёска таксама нежылая, аднак была выселена пазней за іншыя, таму што ў ёй пасля аварыі быў найменшы ў параўнанні з суседнімі населенымі пунктамі ўзровень радыяцыі. Там размяшчаліся салдаты, якія ездзілі ў населеныя пункты зоны і выконвалі работу па ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Пра той час нагадвае ўнікальны экспанат, — адзначае Васіль Васільевіч і падводзіць мяне да чарнобыльскага раздзела экспазіцыі. — Гэта салдацкі малюнак, які я знайшоў на сцяне дома, дзе жылі ваеннаслужачыя. Каштоў­насць малюнка ў тым, што на ім салдаты пазначалі гарады, адкуль прыехалі ў Цешкаў. Дзякуючы гэтым звесткам, спрабую вызначыць нумар іх вайсковай часці.

“З 10 чысла высяляюць Дуброву…”

Яшчэ адзін унікальны экспанат — запіска, пакінутая людзьмі, якія высяляліся з роднай вёскі. “Раніцай перадала крыху адзення Левандоўскім у Нароўлю. Я думаю, што нас ужо не вернуць сюды. У Белай Сароцы, гаварылі, 45 рэнтген. З 10 чысла высяляюць Дуброву”.

У некаторых наведвальнікаў, якія чытаюць гэтую запіску, на вачах з’яўляюцца слёзы. Хоць і мінула ўжо амаль 40 гадоў, аднак чарнобыльская рана, што прыхавалася ў самай глыбіні душы, па-ранейшаму нагадвае пра сябе. Васілю Васільевічу таксама падчас экскурсіі маральна няпроста чытаць уголас словы з запіскі. Як мы ўжо адзначалі, ён родам з вёскі Цешкаў, якой ужо няма на карце. Адтуль яго продкі, там ён скончыў школу. Пасля вучобы ў Мазырскім педінстытуце і службы ў арміі прыехаў працаваць у Чачэрскі раён, куды перасялілі бацькоў пасля аварыі на ЧАЭС. Але ўдалечыні ад малой радзімы яны не змаглі доўга жыць і пераехалі бліжэй да роднай зямлі ў Скрыгалаў Мазырскага раёна.

Захаваць памяць

Як і многія землякі, Васіль Васільевіч абавязкова прыязджае да бацькоўскай хаты і магіл продкаў на Радаўніцу. Падчас краязнаўчых вандровак таксама стараецца пракласці маршрут праз родныя мясціны, каб у цішыні прайсціся па былых вуліцах, напоўненых калісьці прывычнымі гукамі вясковага жыцця, прыгадаць далёкія часы, якія ўжо не вярнуць, але памяць пра якія назаўсёды жыве ў сэрцы.

В.а. дырэктара сярэдняй школы № 2 Нароўлі імя І.М.Шаўрэя А.Д.Лаворанка з букваром, знойдзеным у адной з выселеных вёсак

— Наша з калегамі задача — захаваць памяць пра зніклыя вёскі, расказваць пра іх дзецям і, канечне, развіваць раён, бо стра­ціць лёгка, а вось аднавіць, развіць куды больш складана, — падзяліўся педагог.

Дзеля захавання памяці пра зніклыя вёскі кожны год Васіль Васільевіч наведваецца ў выселеную зону, знаходзіць унікальныя рэчы, сустракаецца з былымі жыхарамі, запісвае, занатоўвае, фатаграфуе.

— Калі прыязджаю ў выселеныя вёскі, то не высвятляю, цікавы мне знойдзены прадмет або не, забіраю ўсё. А потым ужо буду сістэматызаваць, аналізаваць. Заўсёды гавару выхаванцам: “Апытвайце родных, складайце радавод. Пакуль яшчэ жывыя вашы бабулі, дзядулі, запісвайце іх успаміны, бо пройдзе некалькі гадоў і такой магчымасці не будзе”, — адзначыў педагог.

Найбольшая колькасць прадметаў побыту і працы жыхароў чарнобыльскіх вёсак захоўваецца ў этнаграфічным музеі сярэдняй школы № 3 Нароўлі, таксама створаным Васілём Васільевічам. У музеі ж другой школы ў чарнобыльскім раздзеле захоўваюцца дакументы, рэчы для вымярэння ўзроўню радыяцыі, а таксама абароны ад яе. І гэта не толькі прыборы, створаныя на заводах. Некаторыя экспанаты ўнікальныя і не сустракаюцца больш нідзе. Гэта, напрыклад, маскі з тканіны, якія вясковыя жанчыны шылі ў надзеі абараніцца ад нябачнага ворага — радыяцыі.

— Нашы ж людзі думаюць так: калі ад хваробы табе фізічна балюча, то гэта дрэнна, а калі не, то і нічога страшнага. Так думала большасць, аднак некаторыя любую небяспеку ўспрыма­юць як немінучую смерць. У мяне ў Цешкаве была суседка, якая ха­дзіла па вуліцы, цалкам заматаўшы галаву і твар хусткамі. Некаторыя пайшлі далей, як жыхарка вёскі Дзёрнавічы. Яна пашыла сабе вось гэтую маску з тканіны, — гаворыць, паказваючы арыгінальны прадмет, Васіль Васільевіч.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Нараўлянскага райвыканкама Ірына Уладзіміраўна Шабаліна:

— У межах рэспубліканскай дэкады грамадска-патрыятычных спраў “Чарнобыль. Захоўваючы памяць…” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна праведзены тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны.

Далучэнню дзяцей да вывучэння асобных старонак гісторыі краіны садзейнічае акцыя “Чарнобыль — погляд скрозь гады”, у ходзе якой вучні прадставілі тэматычныя творчыя праекты (малюнкі, плакаты, фотакалажы). З пачуццём глыбокай павагі і суперажывання на прыкладах мужнасці землякоў — удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС школьнікі азнаёміліся з экспазіцыямі ў раённым гісторыка-этнаграфічным музеі, наведалі тэматычныя выставы ў бібліятэках, паглядзелі і абмеркавалі дакументальныя і мастацкія фільмы.

Акрамя таго, навучэнцы масава прынялі ўдзел у экалагічнай акцыі па добраўпарадкаванні берага ракі Прыпяць, у лёгкаатлетычным забегу “Званы Чарнобыля”, патрыятычнай акцыі “Свечка памяці” ля помніка выселеным вёскам.

Цікавыя мясціны

Нягледзячы на тое, што Нараўлянскі раён моцна пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС, тут ёсць што паглядзець з архітэктурнай спадчыны.

У самой Нароўлі гэта ў першую чаргу былы палац Горватаў, які знаходзіцца якраз насупраць сярэдняй школы № 2. Да Вялікай Айчыннай вайны ў палацы размяшчалася школа, дзе вучыліся дзеці з Нароўлі і навакольных вёсак, там працаваў цудоўны музей, які застаўся ад ранейшых уладальнікаў. Была калісьці ў Горватаў і вялікая бібліятэка, якая налічвала больш за 20 тысяч тамоў, але, на жаль, лёс яе сёння невядомы. Калі прыйшлі гітлераўцы, то зрабілі ў будынку жандармерыю, камендатуру, у падвалах трымалі арыштаваных савецкіх патрыётаў. Адступаючы, немцы падпалілі будынак, і доўгі час ён стаяў без вокнаў і дзвярэй. У пасляваенныя гады яго аднавілі і калідоры зноў напоўніліся вучнёўскімі галасамі. Цяпер, дзякуючы прыватнай ініцыятыве, палац аднаўляецца.

Сярод старых будынкаў, якія дайшлі да нашага часу, акрамя палаца вылучаецца белая альтанка-маяк над Прыпяццю, пабудаваная ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, а таксама драўляны двухпавярховы будынак Нараўлянскага гісторыка-этнаграфічнага музея, узведзены ў 1912 годзе.

Шмат помнікаў гісторыі і архітэктуры знаходзіцца і ў вёсках, у тым ліку выселеных. На знаёмства з гэтай багатай спадчынай і накіраваны гісторыка-экалагічны маршрут “Шлях на Чарнобыль”, распрацаваны настаўніцай рускай мовы і літаратуры Нінай Іванаўнай Бабаед пад кіраўніцтвам Васіля Васільевіча Чайкі. Маршрут пралягае праз вёскі Канатоп, Дзёрнавічы, Цешкаў, урочышча Гарадок. Пачатковым і канцавым пунктам маршруту з’яўляецца Нароўля.

— Першы населены пункт, праз які праходзіць маршрут, — вёска Канатоп. Знаходзіцца яна ў вельмі прыгожым месцы, на беразе Прыпяці, там, дзе ў яе ўпадае рака Мытва. Гэта старажытны населены пункт. Цікавая гісторыя паходжання яго назвы. Гавораць, быццам у гэтых мясцінах у балоце патануў табун коней. Таму і назвалі Канатоп. Раней тут стаяла праваслаўная царква Прасвятой Багародзіцы. Па дакументах 1879 года яна лічылася прыпісной да вербавіцкай царквы Святой Параскевы Пятніцы, — расказвае Васіль Васільевіч.

Па словах педагога, калі ехаць дарогай з Нароўлі на Цешкаў і праехаць паварот на Канатоп, адразу за лесам пачынаецца ўрочышча Гарадзішча, дзе ёсць так званы Гарадок. Калісьці гэта было ўмацаванае паселішча на мысе Прыпяці. На Гарадку можна ўба­чыць дзядзінец, пасад, а таксама ўчастак, дзе былі вароты і спуск да ракі. Побач з Гарадком вялікі курган, дзе нашы прашчуры хавалі родных. Усе гэтыя аб’екты з’яўляюцца археалагічнымі помнікамі.

Славутасць Дзёрнавіч — старая драўляная капліца. Падобныя будынкі некалі стаялі ў вёсках Белая Сарока, Вуглы, Вербавічы, Канатоп, аднак захаваліся толькі ў Дзёрнавічах і Вяпрах і з’яўляюцца каштоўнымі помнікамі мясцовай гісторыі і архітэктуры.

— Зона цікавая тым, што жыццё там застыла з 1986 года. Людзі пакінулі родныя мясціны, і некаторыя дамы ста­яць некранутымі амаль 40 гадоў. На фасадах шмат цікавых ліштваў, розных упрыгажэнняў са старажытнымі сімваламі. Мы з вучнямі збіраемся правесці даследаванне па гэтай тэме. Некаторыя дамы каштоўныя і сваім інтэр’ерам. Ёсць там адна хата, крытая саломай, з драўлянай падлогай і гліняным комінам. Па ўсім ві­даць, што гэта яшчэ даваенная пабудова, — паведаміў Васіль Васіль­евіч.

Размова з працягам

Цікавая размова з вядомым нараўлянскім краязнаўцам толькі ў сярэдняй школе № 2 доўжылася больш за дзве гадзіны. А яшчэ мы наведалі Галоўчыцкую сярэднюю школу, у якой Васіль Чайка стварыў, без перабольшання, самы ўнікальны школьны музей краіны. Што гэта за музей, якая яго тэматыка, якія прадметы прадстаўлены ў экспазіцыі — пра ўсё гэта мы даведаемся ў нумары “Настаўніцкай газеты” напярэдадні Міжнароднага дня музеяў. А пакуль што працягнем падарожжа па Нараўляншчыне і завітаем у Вербавічы, дзе, як мы ўжо адзначалі, працуюць ініцыятыўныя педагогі.

Вербавіцкая святыня

Нагод для наведвання Вербавіч, як і ў выпадку з другой нараўлянскай школай, таксама было дзве. Першая — гэта сустрэча з маладым ініцыятыўным настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Сяргеем Мікалаевічам Стрэльчуком, дзякуючы якому рэалізуюцца праекты, накіраваныя на сацыяльнае развіццё населенага пункта. Шмат праектаў прысвечана гісторыі і помнікам архітэктуры малой радзімы. Вынікам такой дзейнасці з’яўляецца работа педагога над краязнаўчым сайтам, прысвечаным гістарычным, культурным і прыродным адметнасцям Нараўлянскага раёна.

Другая нагода — азнаёміцца з унікальным для Гомельскага Палесся мураваным праваслаўным храмам Святой Параскевы Пятніцы, які ўзвышаецца над Вербавічамі з сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Гэтаму помніку архітэктуры прысвечана некалькі вучнёў­скіх работ, у прыватнасці “Асаб­лівасці паходжання гістарычных, культурных і прыродных славу­тасцей Нараўлянскага раёна”, “Гісторыя ўзнікнення царквы Святой Параскевы Пятніцы ў агра­гарадку Вербавічы Нараўлянскага раёна”, “Гістарычныя лёсы цэркваў і населеных пунктаў Нараўлянскага раёна, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС”, “Цэрквы Нараўляншчыны”. Усе яны створаны пад кіраў­ніцтвам Сяргея Мікалаевіча.

Па словах настаўніка, пісьмовая згадка пра Вербавічы звязана з царкоўнымі запісамі і адносіцца да XIV стагоддзя. Архіўныя крыніцы Нараўлянскага гісторыка-этнаграфічнага музея сведчаць, што драўляная прыходская царква ў Вербавічах згарэла 17 красавіка 1847 года. Цяперашні храм узве­дзены ў 1853 годзе. Будынак каменны, трохкупальны, крыжападобны, мае рысы позняга барока. З архіўных крыніц атрыманы некаторыя звесткі пра святароў. Цяперашнія прыхаджане ўспаміна­юць, што царкву закрылі ў 1935 годзе. Да 1990-х гадоў будынак вы­ка­рыстоўвалі пад школьны этнаграфічны музей.

— Царква Святой Параскевы Пятніцы не праславілася якімі-небудзь цудамі, але сам факт існавання храма амаль 200 гадоў, асабліва на працягу ХХ стагоддзя, ці не цуд? Ці не цуд, што, нягледзячы на самую вялікую тэхнагенную катастрофу ХХ стагоддзя, наша вёска працягвае жыць? — падзяліўся разважаннямі Сяргей Мікалаевіч.

Вынікі даследавання папулярызуюцца на розных узроўнях. Так, вербавіцкія краязнаўцы рэгулярна ўдзельнічаюць у Тураў­скіх епархіяльных адукацыйных чытаннях і кожны раз займаюць прызавыя месцы. Але заваяванне дып­ломаў — не галоўная мэта для Сяргея Мікалаевіча. Важна пака­заць школьнікам, што Нараўлянскі край мае багатую гісторыю, якую варта вывучаць і папулярызаваць.

Перспектывы развіцця

— Каб паказаць людзям перспектывы жыцця ў Нараўлянскім раёне, ім трэба спачатку даць неабходую інфармацыю, і ў першую чаргу моладзі. А гэта ўжо наша з калегамі першачарговая задача. Вельмі важна данесці да падрастаючага пакалення, што нам ёсць чым ганарыцца, што ў нас складанае, але цікавае мінулае. Як адзначае кіраўнік нашай дзяржавы, патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. І выхоўваць, на мой погляд, трэба перш за ўсё праз фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей шляхам вывучэння малой радзімы, у прыватнасці нашага помніка архітэктуры — царквы Святой Параскевы Пятніцы, — паведаміў Сяргей Мікалаевіч Стрэльчук.

Настаўнік з’яўляецца намеснікам старшыні маладзёжнага савета пры Нараўлянскім раённым Савеце дэпутатаў і часта размаўляе з навучэнцамі пра перспектывы развіцця раёна, цікавіцца, чаго не хапае моладзі, якія аб’екты яны хацелі б бачыць у роднай вёсцы і райцэнтры.

— Тут важна ўлічваць розныя фактары: і фінансавыя магчымасці людзей, і іх інтарэсы. Напрыклад, фабрыка “Чырвоны мазыранін” адкрыла ў Нароўлі кавярню. Яе адразу палюбілі мясцовыя жыхары. У нас працуе цудоўны спартыўны комплекс, які стаў папулярным сярод моладзі. Добра было б пабудаваць басейн. Упэўнены, ён таксама будзе карыстацца папулярнасцю, — падзяліўся Сяргей Мікалаевіч.

Цяпер педагог прасоўвае ініцыятыву максімальнага выкарыстання патэнцыялу музея сялянскай хаты, які размясціўся ў пустуючым доме былых жыхароў Вербавіч. Мэта — паказаць школьнікам ранейшы побыт і штодзённую працу іх продкаў.

Самае галоўнае, што ініцыятывы Сяргея Мікалаевіча падтрымлівае кіраўніцтва як раёна, так і школы. Напрыклад, дырэктар Вербавіцкай базавай школы Людміла Фёдараўна Філанчук зацікаўлена, каб малая ра­дзіма развівалася і квітнела. Таму вялікую ўвагу яна ўдзяляе добраўпарадкаванню тэрыторыі ўстановы адукацыі. Цяпер, вясной, школьны двор літаральна патанае ў чырвані цюльпанаў, у колерах іншых кветак.

Дзеля будучыні

Камандзіроўкі ў пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС раёны заўсёды пакідаюць шмат уражанняў. Канечне, крыўдна, што наша маляўнічая беларуская зямля найбольш пацярпела ад самай маштабнай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы. Сотні вёсак былі выселены, тысячы людзей пакінулі родныя мясціны. Але, з іншага боку, заўсёды радуешся, калі слухаеш ініцыятыўных, зацікаўленых педагогаў, якія робяць усё магчымае, каб жыццё ў родным краі было камфортным і шчаслівым.

Хіба можа быць па-іншаму, калі тваёй малой радзімай з’яў­ляецца нараўлянская зямля, багатая не толькі на прыгажосць прыроды, працавітых людзей, але і на архітэктурную спадчыну? Напрык­лад, толькі тут, у Нароўлі, можна адначасова любавацца ўнікальнай трох’яруснай альтанкай-маяком і тым, як матухна Прыпяць “спакойна і павольна, як у зачараваным сне, утуліўшыся ў балоты, нясе сухадольнаму Дняпру сваю багатую даніну”.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара