Гендарны падыход да выхавання: вопыт педагогаў Парахонскага дзіцячага сада

- 12:15Образование

Педагогі Парахонскага дзіцячага сада Пінскага раёна выбудоўваюць сваю работу з улікам гендарных асаблівасцей выхаванцаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Праблема выхавання і навучання дашкольнікаў у адпаведнасці з іх полам — на­дзвычай актуальная ў педагогіцы, паколькі сацыяльныя змяненні ў сучасным грамадстве прывялі да разбурэння традыцыйных стэрэатыпаў мужчынскіх і жаночых паво­дзін, — гаворыць загадчыца ўстановы Валянціна Вярэніч. — На фоне гэтага змяняюцца і ўнутраныя псіхалагічныя пазіцыі дзяцей. Так, назіраючы за імі, можна заўважыць, што многія дзяўчынкі не праяўляюць пяшчоты, чуласці і цярпення, не ўмеюць вырашаць канфлікты, а хлопчыкі не імкнуцца паста­яць за сябе, фізічна кволыя і эмацыя­нальна няўстойлівыя. Яны рэдка прыхо­дзяць на дапамогу дзяўчынкам, калі ім неабходна фізічная сіла, а дзяўчынкі не імкнуцца дапамагчы хлопчыкам там, дзе патрабуюцца дасканаласць, акуратнасць і клопат. Таму гендарнае выхаванне ў да­школьнай установе і сям’і адыгрывае важную ролю ў паспяховай сацыялізацыі дзяцей.

Парахонскія педагогі пачалі работу ў гэтым кірунку са стварэння ў групах адпаведнага прадметна-развіццёвага асяроддзя, якое не толькі забяспечвае розныя віды актыўнасці выхаванцаў (фізічнай, гульнявой, разумовай), але і з’яўляецца асновай для самастойнай дзейнасці з улікам гендарных асаблівасцей. Роля дарослых заключаецца ў тым, каб адкрыць перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі ўсе магчымасці асяроддзя для выкарыстання асобных яго элементаў у жыцці.

— Дзеці засвойваюць гендарныя паводзіны падчас сюжэтна-ролевых гульняў, дзе добра бачна, як істотна адрозніваюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, — працягвае Валянціна Вярэніч. — Калі дзяўчынкі аддаюць перавагу гульням на сямейна-бытавыя тэмы, то хлопчыкі — шумным і рухавым. У дашкольных групах створаны ўмовы для хлапечых гульняў (“Станцыя тэхабслугоўвання”, “Шафёры”, “Будаўнікі”), а для дзяўчынак абсталяваны імправізаваны салон прыгажосці і атэлье, а таксама лялечны куток з усімі неабходнымі аксесуарамі. Адзін з любімых заняткаў усіх дзяцей — збор канструктараў і розных мазаік.

Пры сумесным выхаванні хлопчыкаў і дзяўчынак педагогі імкнуцца пераадолець раз’яднанасць паміж імі, арганізаваўшы сумесныя гульні такім чынам, каб дзеці дзейнічалі разам, але ў адпаведнасці з гендарнымі асаблівасцямі. Хлопчыкі выконваюць мужчынскія ролі, а дзяўчынкі — жаночыя. Так, хлопчыкі з дзяўчынкамі з задавальненнем гуляюць у такія гульні, як “Сям’я”, “Дочкі-маці”, “Школа”, “Бальніца” і “Магазін”. Аналагічным чынам выбудоўваецца і тэатралізаваная дзейнасць. Усё гэта замацоўвае жаданне гуляць разам і далей, захоўваючы прыцягальнасць выкананых роляў.

Вяртаючыся з прагулкі, дзяўчынкі першымі праходзяць у дзіцячы сад, а хлопчыкі чакаюць іх і прапускаюць. Гэта ўжо стала правілам.

Акрамя таго, дзеці дапамагаюць адно аднаму сачыць за знешнім выглядам: папраўляюць каўнерыкі, зашпільваюць гузікі. Пасля дзённага сну, пакуль выхавальнік прычэсвае дзяўчынак, хлопчыкам прапануюць самім узяць расчоскі і прычасацца. Дзяўчынкі адзначаюць, якія прыгожыя хлопчыкі, а хлопчыкі — якія прыгожыя прычоскі ў дзяўчынак. Такім чынам фарміруецца мадэль паводзін, якая адпавядае полу дзіцяці.

— Па дзіцячых малюнках можна вызначыць, хто ў сем’ях выхаванцаў галоўны, якія ролі выконваюць мамы і таты, — заўважае Валянціна Вярэніч. — Да розных свят малышы вырабляюць падарункі для мам, татаў, бабуль і дзядуляў. Дзеці вельмі любяць аплікацыю: дзяўчынкі выразаюць кветкі, а хлопчыкі — караблікі.

Пашыраць гендарныя веды дашкольнікаў дапамагаюць гутаркі з адпаведнымі ілюстрацыямі, мастацкая літаратура і дыдактычныя гульні “Хто чым любіць займацца?”, “Што каму трэба для работы?”, “Што агульнага, чым адрозніваемся?”, “Кім быць?”, “Апрані хлопчыка, апрані дзяўчынку”.

— Добра фарміруе поларолевыя паводзіны музыка, — паведамляе Валянціна Вярэніч. — Так, пры развучванні танцаў (вальса, полькі, кадрылі) хлопчыкі авалодваюць навыкамі вядучага партнёра, а дзяўчынкі вучацца вытанчанасці і мяккасці рухаў. Хлопчыкі развучваюць рухі, якія патрабуюць мужчынскай сілы і спрытнасці (вершнікі, салдаты), а дзяўчынкі — плаўнасці (карагоды, практыкаванні з кветкамі, стужкамі, шарамі).

У гендарным выхаванні актыўна ўдзельнічаюць і бацькі. Каб зацікавіць іх, арганізуюцца кансультацыі “Хлопчыкі і дзяўчынкі — якія яны?” і “Псіхалагічныя адрозненні хлопчыкаў і дзяўчынак”, афармляецца папка “Асаблівасці развіцця хлопчыкаў, асаб­лівасці развіцця дзяўчынак”.

— Паколькі гендарнае выхаванне арыентавана на асобасныя якасці дзяцей, то патрабуе ад педагогаў і бацькоў высілкаў па іх эмацыянальным развіцці, — адзначае Валянціна Вярэніч. — Так, дзяўчынкі вельмі чуллівыя да інтанацыі, формы ацэнкі, яе пуб­лічнасці. Для іх важна, каб імі захапляліся ў прысутнасці іншых. А вось для хлопчыкаў важна, каб іх адзначалі за поспехі ў пэўным відзе дзейнасці. Не трэба забываць таксама, што гендарнае выхаванне, якое вызначаюць найперш індывідуальныя асаб­лівасці дзяцей, залежыць ад узораў паводзін мужчын і жанчын у сям’і.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ