4 дні педагагічнага шчасця — так ахарактарызавала семінар “Аб выніках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў” адна з яго ўдзельніц. Сапраўды, гэта былі чатыры дні перазагрузкі, сумеснай творчасці, пошуку, вучобы і самаразвіцця”.
На базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага лагера “Пціч” удзельнікі інавацыйнага праекта аналізавалі вынікі свайго “гарызантальнага палёту” ў бязмежнай прасторы мнагамернасці. Дзіўна было бачыць столькі педагогаў, якім не знаёмы прафесійнае выгаранне, работа па інерцыі, стомленасць і шэрасць будняў.
Ніякіх сухіх справаздач і бясконцых лічбаў. З першай мінуты кожны ўдзельнік быў уключаны ў інтэрактыўную дзейнасць: настаўнікі разам прыгадвалі цяжкасці, з якімі сутыкнуліся, праблемы, якія іх хвалявалі, якасныя змяненні, якія пастаянна рэгістравалі ў сваіх выхаванцах, поспехі, якія не пераставалі здзіўляць, і трывогі, якія аказаліся марнымі.
Каманда аднадумцаў пачынала работу ў 9:30, а заканчвала глыбока за поўнач. Абмеркаванне з актавай залы пераходзіла ў рэкрэацыі і альтанкі і працягвалася ў стыхійным рэжыме. Кожнаму хацелася падзяліцца сваімі назіраннямі і адкрыццямі, кожны ў поўнай меры адчуваў сваю прыналежнасць да вялікай справы.
У кожнага была магчымасць праявіць сябе, падзяліцца сваім вопытам і дасягненнямі. Так, першы дзень скончыўся тэатралізаваным паказам “Новыя прыгоды Бураціна+”, у рамках якога былі паказаны асноўныя прынцыпы мнагамернага чытання. А рашэнне заданняў алімпіяды па функцыянальнай дасведчанасці дазволіла чатыром камандам — “Поўнач”, “Поўдзень”, “Захад”, “Усход” — праявіць агульную эрудыцыю і навыкі мнагамернага чытання, набытыя падчас рэалізацыі праекта. Другі дзень пачаўся з “Біржы працы”. Кожны настаўнік напярэдадні размясціў аб’яву аб тым, чаму б ён хацеў навучыць сваіх калег. Паўтары гадзіны педагогі вучыліся адно ў аднаго інтэлектуальным гульням, адпачынкавым заняткам, інтэрактыўным прыёмам і педагагічным іскрынкам. І іскрынак было шмат!
Круглы стол з удзелам старшыні беларускай асацыяцыі “Конкурс” Аляксандра Кугайды стаў прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў семінара дзякуючы не толькі прадукцыйным зносінам, але і падарунку з 6 кніг на выбар, выдадзеных асацыяцыяй у розныя гады.
Часам вельмі важна паглядзець на сябе збоку, ацаніць сябе ў прафесіі, зразумець грунтоўнасць свайго жыццёвага выбару. Рэтраспектыўны паказ фільма “Першакласніца” 1948 года рэжысёра Ільі Фрэза нагадаў аб вобразе настаўніка, які знаёмы і зразумелы кожнаму. І ўсе ў зале адразу селі раўней, гаворка стала прыгажэйшай, а словы падбіраліся больш старанна. Відэаагляд сучаснага ўрока, па агульным меркаванні, прайграў на кантрасце: вельмі часта мы хаваемся за формай, страчваючы змест…
Моцнае ўражанне зрабілі лекцыі куратараў-кансультантаў. Абмеркаванне актуальных пытанняў “Роля крэатыўных здольнасцей у развіцці чытацкіх кампетэнцый навучэнцаў”, “Выкарыстанне аўтарскіх вучэбных дапаможнікаў пры навучанні ў 1 класе”, “Дзесяць крокаў настаўніка насустрач бацькам” стала запамінальнай падзеяй.
Што ж стала сувязным звяном гэтага семінара? Што дазволіла рацыянальна выкарыстоўваць кожную мінуту? Што аб’яднала столькі педагогаў, якія думаюць і шукаюць? Вядома, асоба ідэйнага натхняльніка, навуковага кансультанта інавацыйнага праекта, прафесара кафедры педагогікі і прыватных методык Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Святланы Гін. Ёй была прадумана кожная дробязь і кожны важны крок: ад гульняў-ледаколаў і цукеркі “Няма стрэсу — няма праблем”, прагулкі па беразе ракі Пціч, паездкі на святую крыніцу на гары Каўпак, вячэрняга пікніка з душэўнымі песнямі ля вогнішча да васьмі цудоўных лекцый майстра, здольных змяніць свядомасць настаўніка, раскрыць гарызонты і задаць напрамак далейшага руху да самаўдасканалення. Фінальным акордам стала такая мудрая і сучасная кніга Рычарда Баха “Чайка Джонатан Лівінгстан”, якую кожны атрымаў у падарунак. “Мяжы няма! Ну што ж, тады недалёка час, калі я вынырну з паднябесся на тваім беразе і пакажу табе новыя прыёмы палёту”.
Застаўся светлы сум ад таго, што зносіны з настаўнікам засталіся ў мінулым. Засталася радасць ад усведамлення таго, што на гэтым шляху ты не адзін, у цябе шмат аднадумцаў. З’явілася надзея, што новы праект, якога мы ўсе чакаем, аб’яднае яшчэ больш цікавых людзей.
Наталля БАШЫЛАВА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 10 Гомеля
Фота аўтара