Педагогі Шклоўскага раёна дапамаглі ўстанавіць імёны чырвонаармейцаў, пахаваных у брацкай магіле аграгарадка Стараселле

- 14:301944: путь к освобождению

У чэрвені 80 гадоў назад Чырвоная Армія вяла жорсткія баі не толькі за беларускія гарады. Вялікай цаной было аплачана вызваленне і сельскіх населеных пунктаў. Адзін з іх — сённяшні аграгарадок Стараселле Шклоўскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На брацкай магіле…

27 чэрвеня ў цэнтры Стараселля на плошчы імя 4-й гвардзейскай мотастралковай Смаленскай Чыр­ванасцяжнай ордэна Суворава брыгады адбыўся мітынг з нагоды юбілейнай гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ускласці кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан па традыцыі прыйшлі прадстаўнікі мясцовай улады, жыхары аграгарадка, настаўнікі і вучні.

Г.С.Дзядкова расказвае вучням пра жыццё і подзвігі земляка Героя Савецкага Саюза Мікалая Карначонка

Яшчэ не так даўно на памятныя мерапрыемствы абавязкова прыязджалі ветэраны (былыя байцы партызанскай брыгады “Чэкіст”, якая дзейнічала на акупіраванай Шклоўшчыне, і воіны 4-й мотастралковай брыгады, якая вызваляла Стараселле). Цяпер з партрэтамі герояў прыхо­дзяць іх родныя.

— Брацкая магіла ў цэнтры Стараселля з’явілася летам 1944 го­да, адразу пасля вызвалення. Мясцовы жыхар Анатоль Сямёнавіч Батурэвіч, 1934 года нараджэння, добра памятае, як пасля баёў у ваколіцах Стараселля ляжала шмат забітых савецкіх і нямецкіх салдат. Чырвонаармейцаў лю­дзі зносілі ў цэнтр вёскі, дзе была загадзя выкапана вялікая яма, а яе дно выслана саломай. Целы выкладвалі радамі, прыкрываючы кожны рад шынялямі і перасцілаючы саломай. Такім чынам было пахавана 110 салдат. Пры некаторых захаваліся дакументы, што дазволіла скласці невялікі спіс з 38 імён. Пазней, дзякуючы нашым калегам, вучням, неабыякавым лю­дзям, удалося ўстанавіць імёны ўсіх пахаваных у магіле, — паведаміла кіраўнік краязнаўчага музея Старасельскай сярэдняй школы Ірына Уладзіміраўна Гапеева.

Вялікая заслуга ў гэтай справе належыць выпускніцы школы 1972 года, краязнаўцу, пошукавіку, пісьменніцы, члену Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “ВІККРУ” Вользе Іванаўне Якаўлевай. Дарэчы, гэта па яе ініцыятыве цэнтральная плошча ў Стараселлі ў 2019 годзе атрымала назву вайсковага злучэння, байцы якога вызвалялі Стараселле ў чэрвені 1944-га.

У школьным краязнаўчым музеі сабраны багаты матэрыял пра воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленні Стараселля ў чэрвені 1944 года. Асобныя альбомы расказваюць пра шчымлівыя пасляваенныя сустрэчы аднапалчан, матуль і родных загінуўшых герояў са старасельцамі. Прадстаўлены ў экспазіцыі і матэрыялы пра настаўнікаў-франтавікоў (Івана Пятровіча Якаўлева, яго брата Іосіфа Пятровіча, Анатоля Міхайлавіча Свідзерскага), а таксама выпускнікоў школы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Вольга Іванаўна з’яўляецца дачкой ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога настаўніка Старасельскай школы Івана Пятровіча Якаўлева. У школьныя гады яна актыўна ўдзельнічала ў паходах, экскурсіях, пошукавым руху, таму беражліва ставіцца да гісторыі сваёй сям’і. Жанчына па крупінках вывучала ход вызвалення Стараселля, знаёмілася з дакументамі, запісвала ўспаміны відавочцаў. У выніку ў 2018 годзе пабачыла свет яе кніга “Бой за Стараселле. 27 чэрвеня 1944 года”. Напісана кніга і на аснове матэрыялаў школьнага краязнаўчага музея. Дзякуючы інтэрнэту, матэрыялы кнігі сталі даступныя шырокаму колу чытачоў.

Матэрыялы краязнаўчага музея Старасельскай сярэдняй школы

— Пасля таго як старонкі кнігі былі размешчаны ў агульным электронным доступе, у Стараселле на брацкую магілу сталі актыўна наведвацца родныя загінуўшых салдат з Масквы, Белгарада, Якуціі, Кіраўскай вобласці. Напрыклад, на мітынгі ў 2022 і 2023 гадах прыяз­джала сям’я Юрыя Паўлавіча Прыбылова з Белгарада, яго сын Сяргей і ўнук Юрый. Юрый Паўлавіч быў механікам-вадзіцелем СУ-76, удзельнікам бою за Стараселле. Яго сын звярнуўся па дапамогу ў рэдагаванні ўспамінаў бацькі і іх публікацыі. Вольга Якаўлева дапамагла, і ў 2022 годзе была выдадзена кніга “Ад Белгарада да Кёнігсберга”.

Яшчэ адна сустрэча адбылася раней, у 2009 годзе, напярэдадні 9 Мая. Праз 64 гады пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны дачка, 1942 года нараджэння, знайшла месца пахавання свайго бацькі. Тамара Аляксандраўна Галавацкая разам з мужам Анатолем Аляксандравічам прыйшла на брацкую магілу з партрэтам афіцэра Чырвонай Арміі Аляксандра Іванавіча Нянашава і з жалобным вянком. Напэўна, шмат што магла расказаць свайму тату Тамара Аляксандраўна, падзяліцца поспехамі, парадаваць унукамі і праўнукамі. Але яе тата загінуў у 30 гадоў. Тамара Аляксандраўна перадала ў школьны музей матэрыялы пра яго. Дзякуючы гэтай сустрэчы, актывізавалася пошукава-даследчая работа вучняў — удзельнікаў групы “Патрыёт”. Былі ўстаноўлены 52 раней невядомыя імёны. Так паступова мы набліжаліся да галоўнай мэты — вызначыць імёны ўсіх салдат, якія пахаваны ў брацкай магіле, — працягнула аповед Ірына Ула­дзіміраўна.

Знайсці кожнае імя

І гэтая мэта была дасягнута. Усё дзякуючы пошукавай рабоце некалькіх пакаленняў старасельскіх настаўнікаў і вучняў. Пачынальнікам гэтай справы ў 1947 годзе быў настаўнік геаграфіі краязнавец Іван Андрэевіч Маісееў. Гэта ён адкрыў у 1975 годзе адзін з першых школьных музеяў у Шклоўскім раёне. Асноўная частка экспазіцыі была прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Іван Андрэевіч быў арганізатарам не толькі краязнаўчай, музейнай справы ў школе. Мітынгі, урачыстыя лінейкі, сустрэчы з ветэранамі і сведкамі падзей Вялікай Айчыннай вайны право­дзіліся ў многім па яго ініцыятыве. Месца для сустрэч было традыцыйным — воінскае пахаванне ў цэнтры вёскі. Так выхоўвалася не адно пакаленне старасельцаў.

Патрыятычная і пошукава-краязнаўчая работа Старасельскай сярэдняй школы заўсёды высока ацэньвалася. Міністэрствам асветы БССР уручаліся дыпломы, граматы, арганізоўваліся экскурсіі для настаўнікаў і вучняў у Мінск, Мас­кву, Ленінград. Перапіска пошукавай групы “Пошук” вялася з адрасатамі ўсяго былога Саюза. Каштоўнасць такой работы яшчэ і ў тым, што ажыццяўлялася яна ў той час, калі не было ні інтэрнэту, ні электроннай пошты.

К.В.Ракіцкая з удзельнікамі школьнага навукова-творчага аб’яднання “Пошук”

Сёння справу Івана Андрэевіча працягваюць Ірына Уладзіміраўна Гапеева, а таксама яе малодшыя калегі — настаўніца нямецкай мовы Ганна Сяргееўна Дзядкова і настаўніца гісторыі Кацярына Васільеўна Ракіцкая. Разам з вучнямі педагогі ўдзельнічаюць ва ўсебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”. Напрыклад, у мінулым годзе яны адправіліся ў двухдзённы велапаход і занялі 1-е месца на рэспубліканскім этапе. Атрымалі перамогу і сёлета, пашырыўшы геаграфію падарожжаў. Незабыўным стаў вясновы паход з нагоды Дня Перамогі па месцах дыслакацыі партызанскай брыгады “Чэкіст” — дарогамі Шклоўскага і Круглянскага раёнаў.

Лёс землякоў

Асаблівую ўвагу старасельскія пошукавікі ўдзяляюць лёсу землякоў, у прыватнасці Героя Савецкага Саюза лётчыка Мікалая Аляксандравіча Карначонка.

— Скласці яго біяграфію аказалася няпроста, хоць ён і наш зямляк, былы вучань Старасельскай школы. У жыцці Мікалая Карначонка шмат прабелаў, а яго магіла і цяпер невядомая, ёсць толькі інфармацыя, што знаходзіцца яна дзесьці каля пасёлка Катлубань Валгаградскай вобласці. Гэты чалавек пражыў кароткае, але яркае, мужнае жыццё. На яго рахунку каля 400 баявых вылетаў, 12 варожых самалётаў, збітых асабіста, і 11 — у групе з таварышамі. Ён узнагароджаны ордэнам Леніна і двойчы ордэнам Чыр­вонага Сцяга, — расказвае Ганна Сяргееўна Дзядкова.

Мікалаю не было і 20 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, якую ён сустрэў лётчыкам 433-га знішчальнага авіяцыйнага палка. У красавіку 1942-га Мікалай Карначонак быў пераведзены ў 434-ы авіяполк асаблівага прызначэння і ў чэрвені адправіўся ў раён Сталінграда. Паветраныя баі ў небе над гэтым горадам былі вельмі цяжкімі для савецкіх лётчыкаў.

А ў гэты час у акупіраванай Оршы жыла яго маці Ефрасіння Савельеўна. Яна дапамагала народным мсціўцам, але па даносе здрадніка была схоплена гестапаўцамі і закатавана ў турме. Забрала вайна і яе сына. Мікалай Карначонак загінуў у паветраным баі 22 верасня 1942 года.

Памяць пра яго беражліва захоўваюць жыхары Стараселля. У цэнтры вёскі ў 1969 годзе школьнікамі быў закладзены сквер з бярозак і клёнаў, які атрымаў імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Карначонка. Дрэўцы даўно выраслі, і цяпер там утульны гай. Імя лётчыка нададзена адной з вуліц у раёне, у Шклове на Алеі Герояў пастаўлена імянная мармуровая пліта, праводзіцца традыцыйны рэспубліканскі турнір па вольнай барацьбе ў памяць аб подзвігу Мікалая Карначонка. Імя Героя Савецкага Саюза ўжо многія гады носіць піянерская дружына Старасельскай сярэдняй школы.

— Пра подзвіг героя не забывалі ніколі. Вялікую пошукавую работу правялі навучэнцы нашай школы ў 70—80-х гадах. Сабраныя на той час матэрыялы і дакументы беражліва захоўваюцца ў фондах школьнага музея. На іх ужо выхавана не адно пакаленне старасельскіх вучняў. У 2020 годзе членамі школьнага навукова-творчага аб’яднання “Пошук” быў створаны відэафільм “Мікалай Карначонак — наш герой”, — паведаміла Ганна Сяргееўна.

Наш герой

“Мікалай Карначонак — наш герой”, — так лічаць жыхары Стараселля. Яны выхоўваліся і абавязкова далей будуць выхоўвацца на сапраўдных прыкладах патры­я­тызму і мужнасці.

***

Шклоўскі раён вызвалялі 26—28 чэрвеня 1944 года байцы 33-й і 49-й армій 2-га Беларускага фронту. Асабліва цяжкімі былі баі за Стараселле, бо тут знаходзіўся добра ўмацаваны нямецкі гарнізон. Праз Стараселле таксама праходзіла дарога на Захад, па якой вялікім патокам ішлі нямецкія дывізіі, якія адступалі ад Оршы. Камандуючым фронтам была пастаўлена задача не прапусціць ворага. Два дні ворага стрымлівала 4-я гвардзейская мотастралковая брыгада і адзін батальён 4-й танкавай брыгады. За мужнасць, праяўленую ў тых баях, артылерыст Уладзімір Аляксандравіч Галаскокаў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Вызваляючы Стараселле, загінулі сотні салдат і афіцэраў. У брацкай магіле пахаваны 110. Аднак гэта не ўсе. Многія прапалі без вестак, некаторых хавалі як невядомых. Першапачаткова былі вядомы прозвішчы толькі 38. Сёння, дзякуючы пошукавай рабоце некалькіх пакаленняў старасельскіх настаўнікаў і вучняў, імёны ўсіх пахаваных у брацкай магіле ўстаноўлены.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара