Педагогі Светлагоршчыны ведаюць, як расказаць дзецям пра гісторыю краіны і прывіць любоў да роднага краю

- 10:07Новости

Аб тым, як у рэгіёне ў дашкольных установах адукацыі ажыццяўляецца работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей, расказала карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Урачыстасць моманту

На абласным семінары, які адбыўся ў горадзе на Бярэзіне, гас­цінна сустракалі прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці Гомельскай вобласці. Мерапрыемства прайшло пры ўдзеле начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслана Смірнова, намесніка старшыні Светлагорскага райвыканкама Ларысы Вераксіч, начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Жанны Чэркас і начальнікаў аддзелаў адукацыі вобласці. Спецыялістам прымаючага боку ўдалося не толькі прадэманстраваць поспехі і дасягненні, расказаць аб прыярытэтных напрамках, якім удзяляецца асаблівая ўвага, але і ўлюбіць у сваю зямлю, азнаёміць з гісторыяй, славутасцямі, памятнымі і знакавымі месцамі рэгіёна. Гэта было сапраўды шчыра, з вялікай любоўю і душэўным размахам. Неверагодная энергетыка любові да Ра­дзімы адчувалася з першых хвілін знаёмства дэлегацыі з дашкольнымі ўстановамі адукацыі раёна. Знакавым момантам стала адкрыццё на базе дзіцячага сада № 14 краязнаўчага музея “Спадчына”. Дарэчы, на Гомельшчыне гэта першы этнаграфічны музей, які з’явіўся на базе дашкольнай установы адукацыі. І, несумненна, яго адкрыццё стала рухам наперад музейнай педагогікі, пунктам адліку для новых планаў, гісторый і адкрыццяў. Права перарэзаць чырвоную стужку прадаставілася пачэсным гасцям — намесніку старшыні Светлагорскага райвыканкама Ларысе Вераксіч, начальніку галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслану Смірнову, загадчыцы дзіцячага сада № 14 Светлагорска Алене Бачура. Усім прысутным выпала ўнікальная магчымасць стаць першымі наведвальнікамі і бліжэй азнаёміцца з унікальнымі экспанатамі. Паг­лядзець, здзівіцца, натхніцца змог кожны. Музей складаецца з некалькіх экспазіцый, і літаральна кожная паглыб­ляе ў свет звычаяў і традыцый беларускага народа. У выставачнай зале была прадстаўлена экспазіцыя хлеба, удалося шмат даведацца пра старажытныя тэхналогіі вырабу гэтага мучнога, усімі любімага і вельмі смачнага прадукту.

Сярод цікавых экспанатаў у вочы кінулася печ, качарга, вілы, хлебная лапата, маслабойка, драўляныя вёдры, швейная машынка, мноства саматканых ручнікоў, гліняны посуд, адзенне з векавой гісторыяй і яшчэ шмат таго, што было неабходна кожнай гаспадыні ў хаце. Дарэчы, адна з экспазіцый знаёміць з нацыянальнымі ўбраннямі. Прадстаўленаму святочнаму жаночаму ўбору — больш за 120 гадоў, а пашыла яго прабабуля аднаго з педагогаў.

Выхавальніца дзіцячага сада Таццяна Захаранка зачаравала ўсіх прысутных прадстаўленым рукадзеллем — лялькамі-абярэгамі, прычым кожная з лялек унікальная і напоўнена асаб­лівымі старажытнымі сімваламі.

У канцы экскурсіі Руслан Смірноў адзначыў непаўторнасць края­знаўчага музея, які адкрыўся, а таксама акцэнтаваў увагу на тым, што ў будучыні пляцоўка абавязкова стане цэнтрам пат­рыятычнага выхавання, а прадстаўленыя артэфакты прыцягнуць да вывучэння дзецьмі і дарослымі гісторыі роднага краю.

— Музей аформлены з густам, бачна, што работа праведзена вялікая, над стварэннем працавала каманда педагогаў і ўклалася ў яго з душой. Поспехаў у рабоце і росквіту “Спадчыне”! — пажадаў Руслан Іванавіч.

Шчырыя словы віншавання з адкрыццём музея прагучалі і ад Ларысы Вераксіч, якая ўрачыс­та ўручыла “Знак якасці” новаму музею за высокую ацэнку работы ўстановы па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні. У сваю чаргу загадчыца дзіцячага сада запэўніла прысутных, што края­знаўчы музей стане цэнтральнай пляцоўкай для правядзення займальных экскурсій, мерапрыем­стваў і майстар-класаў, дзе маленькія чамучкі змогуць далучацца да культурнай спадчыны, даведвацца ўсё самае цікавае аб традыцыях беларускага народа.

За краіну і будучыню

Працягам сустрэчы стала правядзенне дыялогавай пляцоўкі, дзе педагогі Светлагорскага раёна дзяліліся вопытам фарміравання ў дзяцей грама­дзянскай ідэнтычнасці праз інтэрактыўныя формы работы. Што цікава, мадэратарамі выступілі выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 22, юныя карэспандэнты прэс-цэнтра “Дзіцячы час”. Падчас дыялогу начальнік аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама Жанна Чэркас адзначыла, што вопыт па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту ў рэгіёне багаты: адкрыта патрыятычная група дзіцячага сада № 25, дзіцячае лясніцтва, два музейныя пакоі, раённыя праекты “Юныя грамадзяне Светлага горада” і “Юныя чыркаўчане”, выставачныя залы і інавацыйныя пляцоўкі па грамадзянска-патрыя­тычным выхаванні.

— Сістэма дашкольнай адукацыі нашага раёна мае сваю пэўную рэпутацыю ў Гомельскай вобласці, — сказала Жанна Васільеўна. — Гэтаму садзейнічае творчы патэнцыял і прафесіяналізм педагагічных работнікаў. Трымаць руку на пульсе, быць першымі ў любых пачынаннях — гэта, напэўна, асноватворны матыў і вектар напрамку руху да поспеху. Прыемна ўсведамляць, што сёння мы першыя шмат у чым. Напрыклад, нашы юныя карэспандэнты — удзельнікі прэс-цэнтра “Дзіцячы час” — адзіныя ў вобласці і рэспуб­ліцы, малышы паспяхова займаюцца ў студыі “Дзіцячы эфірчык”, мультстудыі “Жывыя карцінкі”, выдаюць газету “Жыццё выдатных дзяцей”.

Цікава, што ў кожнай да­школьнай установе ёсць свая фішка, якая дазваляе не толькі адрознівацца ад іншых, але і быць выніковымі ў тым ці іншым напрамку. Напрыклад, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 на працягу больш як 10 гадоў рэалізуецца праект “Юныя грамадзяне Светлага горада”.

— Гэты праект — наш брэнд, — адзначыла загадчыца ДЦРД № 1 Ніна Захаранка. — На працягу навучальнага года з дзецьмі праводзяцца музейныя заняткі, квест-гульні, віртуальныя падарожжы ў гістарычна-края­знаўчыя музеі, сумесна з бацькамі дзеці актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах і акцыях. У Міжнародны дзень абароны дзяцей пасвячаем нашых выхаванцаў у рады юных грамадзян Светлагорска. Лічу, важна і неабходна расказваць дзецям, што родны горад славіцца сваёй гісторыяй, традыцыямі, славутасцямі, унікальнымі мясцінамі і лепшымі людзьмі. У гэтым і заключаецца асаблівы сэнс выхавання любові да Радзімы: у пазнанні, разуменні, павазе сваіх вытокаў, месца, дзе нарадзіўся і вырас. Па выніках работы ў праекце штогод з’яўляюцца новыя цікавыя мерапрыемствы, якія з цягам часу становяцца для нас традыцыйнымі. Напрыклад, сёлета распрацавалі віртуальную карту “Шацілінскі маршрут”, карта ўключае ў сябе тры напрамкі і знаёміць малышоў з памятнымі месцамі Светлагорскага раёна, стварае маршруты выхаднога дня — арыенцір баць­кам для наведвання цікавых месцаў у выхадныя і будныя дні. Праваслаўнае краязнаўства прадстаўляе сюжэты аб храмах Светлагорскага благачыння.

Па выніках семінара госці не толькі высока ацанілі вопыт і інавацыі светлагорскіх педагогаў, але і запэўнілі, што хацелі б азнаёміць з сістэмай работы загадчыкаў дашкольных устаноў, каб лепшыя практыкі ўкара­ніць у сваіх раёнах. Завяршылася сустрэча на патрыятычнай ноце — светлагорскія педагогі сталі ініцыятарамі правядзення абласнога чэленджа “Патрыёт сваёй справы”, які прадугледжвае знаёмства з людзьмі, адданымі сваёй справе, тымі, хто ўласнымі дасягненнямі папоўніў скарбонку перамог Гомельскай вобласці.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара