Педагогі сярэдняй школы № 1 Жабінкі імя І.М.Зубачова актыўна ўкараняюць у адукацыйную практыку розныя анлайн-сэрвісы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Удзельнікі творчай групы Ірына Тур і Наталія Баброва (стаяць), Ганна Станкевіч, Алена Букса і Таццяна Падрубная (сядзяць)
З гэтай мэтай ва ўстанове адукацыі працуе творчая група настаўнікаў пачатковых класаў, якой кіруе Алена Букса. Удзельнікамі групы з’яўляюцца педагогі, якія добра валодаюць камп’ютарам, шырока выкарыстоўваюць ІКТ у вучэбным працэсе і пастаянна ўдасканальваюць свае веды, у тым ліку ў рабоце з анлайн-сэрвісамі на ўроках і пазакласных мерапрыемствах. Настаўнікі апрабоўваюць гэтыя рэсурсы ў розных класах і назапашваюць скарбонку найбольш выніковых.
— У рабоце творчай групы імкнуся да таго, каб матэрыялы, якія прапануюцца калегам, былі не толькі цікавымі, але і карыснымі, — расказвае Алена Букса. — На аснове анлайн-сэрвісаў педагогі рыхтуюць матэрыялы для візуалізацыі ўрокаў, складаюць планы-канспекты, ствараюць сцэнарыі пазакласных мерапрыемстваў і мультымедыйныя прэзентацыі, кантралююць і ацэньваюць работу вучняў. Галоўная задача — падабраць такія анлайн-сэрвісы, якія дапамагаюць у стварэнні якаснай нагляднасці, аператыўнай кантрольна-ацэначнай дзейнасці ў класе і падрыхтоўцы цікавых планаў і сцэнарыяў заняткаў.
Анлайн-сэрвіс Core (https://coreapp.ai/) — гэта рускамоўная платформа, інтуітыўна зразумелая для работы і настаўніку, і вучням.
Канструктар інтэрактыўных урокаў дазваляе педагогу будаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю для кожнага школьніка, прапануючы заданні рознай ступені складанасці.
Вучні могуць праходзіць анлайн-урок з любых прылад: пачаць на камп’ютары, прадоўжыць на смартфоне і закончыць на планшэце.
— Гэтая платформа падыходзіць як для паўнацэннага дыстанцыйнага ўзаемадзеяння, так і для стварэння звычайных заняткаў, выкарыстання мадэлі перавернутага ўрока і анлайн-курсаў, атрымання водзываў на праведзеныя майстар-класы, арганізацыі выніковых тэстаў па пэўным раздзеле праграмы, маніторынгу праходжання заданняў і вызначэння выніковасці, што істотна эканоміць час, неабходны для праверкі адказаў, асабліва калі ў класе 25—30 дзяцей, — удакладняе Алена Букса.
Платформа адкрывае шырокія магчымасці для візуалізацыі інфармацыі. Так, ва ўмовах дыстанцыйнага навучання педагог можа не толькі весці ўрок, але і наглядна паказваць інфармацыю, дзякуючы якой матэрыял становіцца больш зразумелым. Вучні выконваюць заданні па чыстапісанні, на паўтарэнне і тлумачэнне новага матэрыялу, займаюцца слоўнікавай работай. У якасці прыкладу настаўніца прапануе азнаёміцца з канспектам урока рускай мовы, якім карысталася ў рабоце з другакласнікамі, што адсутнічалі на занятках.
— Абапіраючыся на створаны ўрок, можна разнастаіць праверку дамашняга задання (пераказ па складзеным плане), выбраўшы асобныя старонкі з ілюстрацыямі і тэстам, — працягвае Алена Букса. — У адвольным парадку націскаючы на старонкі, абазначаныя зялёнымі штрыхамі ў прэзентацыі, вучні, у залежнасці ад ілюстрацыі, выразна чытаюць ці пераказваюць пазначаную частку ці адказваюць на заданні тэста, што дазваляе візуалізаваць праверку дамашняга задання.
Пры вывучэнні на ўроках беларускай мовы відаў сказаў па мэце выказвання настаўніца дадала ў канструктар практыкаванне з анлайн-сэрвісу LearningApps.org “Хто хоча стаць мільянерам?”, паказаўшы, як інтанацыйна правільна вымаўляць пытальныя сказы.
— Дзякуючы інтэрнэт-рэсурсу Core, можна візуалізаваць маніторынг, бо ён паказвае ўсіх вучняў, якія прайшлі ці праходзяць урок, і колькасць балаў, набраных кожным школьнікам, — заўважае Алена Букса. — Для таго каб паглядзець, як вучні праходзяць урок, трэба адкрыць укладку ў меню яго настроек. У рэжыме прагляду можна азнаёміцца са статыстыкай па ўсім класе, а клікаючы па імёнах у спісе — з вынікамі вучняў паасобку.
З дапамогай канструктара інтэрактыўных заняткаў Core ўдзельнікі творчай групы стварылі ўрокі “У.Суцееў. Палачка-выручалачка” па літаратурным чытанні ў 3 класе, “Замацаванне ведаў па тэме “Дзеяслоў” па рускай мове ў 4 класе, “Рашэнне задач на рух” па матэматыцы ў 4 класе і “Правапіс раздзяляльнага мяккага знака” па рускай мове ў 2 класе.
— Анлайн-сэрвіс Canva (www.canva.com) дазваляе ствараць інфаграфіку на розныя тэмы, што дапамагае развіваць навыкі работы з інфармацыяй і вучыцца прэзентаваць яе ў зручным для ўспрымання выглядзе, — гаворыць Алена Букса. — Так, пры вывучэнні тэмы “Стужка часу” па курсе “Мая Радзіма — Беларусь” выкарыстоўваецца адзін з інструментаў анлайн-сэрвісу — інфаграфіка “Часавая шкала”, якая дапамагае вучням лепш зразумець храналогію падзей. Акрамя таго, пры дапамозе Canva можна ствараць паштоўкі, запрашэнні, граматы, сертыфікаты, дыпломы, гексы, маўленчыя воблакі, сцяжкі і расцяжкі, а таксама вучэбныя матэрыялы — карткі з рэбусамі, анаграмамі і матэматычнымі задачамі. Анлайн-сэрвіс дапамагае ствараць і фотакалажы, што дазваляе вучыцца спалучаць розныя элементы, фарміраваць прыгожыя кампазіцыі, плакаты для класных і пазакласных мерапрыемстваў. З гэтым рэсурсам, даступным на камп’ютары і мабільнай прыладзе, можна працаваць у любым месцы і ў любы час. А створаныя з дапамогай Canva займальныя матэрыялы павышаюць цікавасць дзяцей да вучобы, аблягчаюць падрыхтоўку да заняткаў і робяць іх больш эфектыўнымі і захапляльнымі.
Калі гэты анлайн-сэрвіс пазбаўлены магчымасці аўтаматычнага ацэньвання заданняў, то Plickers, наадварот, уяўляе сабой сістэму заданняў з імгненным ацэньваннем як усяго класа, так і асобных вучняў. У аснове праграмы — мабільны дадатак, сайт і раздрукаваныя карткі з QR-кодамі. Вучні атрымліваюць па картцы, кожнаму баку якой адпавядае свой варыянт адказу (A, B, C, D), пазначаны на ёй. Педагог задае пытанне, а дзеці выбіраюць правільны варыянт адказу і падымаюць картку адпаведным бокам уверх, пасля чаго настаўнік з дапамогай мабільнага дадатку сканіруе адказы ў рэжыме рэальнага часу. Вынікі захоўваюцца ў базе даных і даступныя не толькі ў мабільным дадатку, але і на сайце для аператыўнага ці адкладзенага аналізу.
— Макеты картак можна спампаваць на афіцыйным сайце, — расказвае Алена Букса. — Даступныя пяць розных набораў. У любым з іх кожная картка ўнікальная і мае ўласны парадкавы нумар. Гэта дазваляе выдаць картку канкрэтнаму вучню і адсачыць пры неабходнасці яго поспехі, зрабіўшы апытанне персаніфікаваным.
Вынікам работы ўдзельнікаў творчай групы сталі пытанні-тэсты па рускай і беларускай мовах і літаратурах, матэматыцы і прадмеце “Чалавек і свет”. Педагогі вывучаюць таксама магчымасці нейрасетак для стварэння індывідуальных аўтарскіх наглядных матэрыялаў для адукацыйнага працэсу. Сярод іх — “Шэдэўрум”. Гэта дадатак, які генерыруе выявы, тэксты і відэа з дапамогай нейрасетак YandexArt і YandexGPT. “Шэдэўрум” працуе з промтамі — рускамоўнымі тэкставымі запытамі. Педагогі апрабавалі розныя нейрасеткі для стварэння карцінак, але ўрэшце спыніліся на гэтым сэрвісе, бо ён бясплатны і змяшчае арыгінальныя матэрыялы.
Анлайн-сэрвіс CopyMonkey, які таксама працуе на базе нейрасетак, прызначаны для генерацыі тэкстаў і дазваляе карыстальніку выбіраць шаблон тэксту, што робіць стварэнне кантэнту зручным і простым. Акрамя таго, сэрвіс дапамагае настроіць тон і стыль тэксту, каб ён максімальна адпавядаў запатрабаванню настаўніка.
— Анлайн-сэрвіс Paraphraser.io ўмее перафразаваць тэкст на чалавечым узроўні, дзякуючы чаму канчатковы вынік будзе чытэльным, без памылак і пазбаўленым плагіяту, — гаворыць Алена Букса. — Заслугоўвае ўвагі і рэсурс “Загадкі Акінатара”, здольны разгадаць любую персаналію ці героя мастацкага твора. Гэты рэсурс даступны на розных мовах і карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод не толькі школьнікаў, але і дашкольнікаў. Важна, што праграма саманавучаецца, даруе памылкі, падбірае пытанні, уяўляючы сабой мадэль штучнага інтэлекту.
А вось сэрвіс Gamma. app дапамагае стварыць ці палепшыць гатовую прэзентацыю, а таксама згенерыраваць карцінкі.
Гэта вельмі зручна, паколькі падбіраць іх для прэзентацый бывае даволі няпроста. Gamma.app з гэтым паспяхова спраўляецца: генерыруе ілюстрацыі і робіць інфаграфіку для слайдаў на аснове 12 відаў схем. У сэрвісе ёсць кругавыя і слупковыя дыяграмы, карткі з крокамі, таймлайны. Штучны інтэлект імкнецца зрабіць прэзентацыю цікавай, таму выкарыстоўвае розныя варыянты схем і графікаў. Разам з тым у Gamma.app можна на аснове тэксту ствараць новыя элементы — карцінкі, схемы і табліцы. Калі клікнуць на тэкст двойчы, яго можна самастойна перапісаць ці папрасіць нейрасетку змяніць паведамленне, зрабіўшы яго больш дэталёвым, ці простым і сціслым.
Па словах настаўніцы, апрабацыя розных анлайн-сэрвісаў дапамагла ўдзельнікам творчай групы падабраць цікавыя і карысныя праграмы і дадаткі. Яны склалі каштоўную метадычную скарбонку матэрыялаў, якая папаўняецца з кожным пасяджэннем групы.
— Адны дадаткі становяцца запатрабаванымі, а іншыя — не. Але галоўнае, што ўсе педагогі працягваюць вучыцца, удасканальваюць свае ўменні і навыкі, а значыць, і ўменні і навыкі вучняў, — падагульняе Алена Букса, якая, акрамя школьнай творчай групы, узначальвае і раённы пастаянна дзеючы семінар, накіраваны на павышэнне якасці выкладання шляхам выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій па пытаннях функцыянальнай дасведчанасці малодшых вучняў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара