Педагогі з розных рэгіёнаў расказалі пра найбольш эфектыўныя метады выхавання будучых абаронцаў Айчыны

- 14:11Новости

Якія формы і метады работы з вучнямі найбольш эфектыўныя для выхавання будучых абаронцаў Айчыны? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.

Ігар ІЛЬЮШЧАНКА, ветэран ваенных дзеянняў у Афганістане, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 2 Чавус, Магілёўская вобласць:

— Асноўная мэта маёй працы — фарміраванне ў юнакоў і дзяўчат патрыятычнага ўсведамлення і маральна-псіхалагічных якасцей, неабходных для абароны нашай Айчыны. Найбольш эфектыўным для гэтага, на мой погляд, з’яўляецца работа клуба “Абаронец” і аб’яднання па інтарэсах “Юны патрыёт”, арганізаваных на базе школы. Дзейнасць клуба ажыццяўляецца па наступных напрамках: сумесныя мерапрыемствы, штомесячныя заняткі з куратарамі клуба — прадстаўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, удзел у рэспубліканскіх акцыях МНС, а таксама ваенна-ідэалагічны кірунак. Я як ветэран вайны ў Афганістане заўсёды выхоўваю маладое пакаленне на асабістым прыкладзе. Разам з падлеткамі аказваем шэфскую дапамогу ветэранам і наводзім парадак на тэрыторыі помнікаў і воінскіх пахаванняў. У верасні сумесна з ветэранскай арганізацыяй воінаў-інтэрнацыяналістаў удзельнічалі ў пасадцы алеі памяці, прысвечанай 35-годдзю вываду войск з Афганістана. На занятках аб’яднання па інтарэсах “Юны патрыёт” вучу моладзь тэхніцы рукапашнага бою, право­джу заняткі па стралковай падрыхтоўцы. На працягу многіх гадоў мы супрацоўнічаем з камандзірамі воінскіх часцей, райваенкаматам. Кожнае лета выязджаем у ваенна-патрыятычныя палатачныя лагеры. Усё гэта спрыяе станаўленню сапраўдных будучых абаронцаў краіны.

Вольга ФІЛАНЮК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы Тэльмы-1 імя А.Т.Хведарука, Брэсцкая вобласць:

— Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — адзін з прыярытэтных напрамкаў сістэмы адукацыі. Яго асноўная задача — фарміраванне ў падрастаючага пакалення пачуцця прыналежнасці і датычнасці да беларускай дзяржавы і грамадства, правільнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму. Усё гэта пачынаецца з пазнання каштоўнасці Радзімы. У працэсе развіцця чалавек паступова ўсведамляе сваю прыналежнасць да калектыву, класа, школы і народа. Лічу вяршыняй патрыятычнага выхавання ўсведамленне сябе грамадзянінам краіны. У нашай школе першарадна ставяцца такія задачы, як вывучэнне і веданне сімвалаў беларускай дзяржавы, выхаванне на прыкладах подзвігаў савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, вывучэнне гісторыі малой радзімы, разуменне традыцый свайго народа, яго культурных каштоўнасцей і звычаяў. Ва ўстанове адукацыі вызначаны аптымальныя формы і метады арганізацыі выхаваўчых мерапрыемстваў: конкурсы малюнкаў, песень, пошукава-даследчая праца, урокі мужнасці, правядзенне акцый, прагляд відэафільмаў, экскурсіі, наведванне тэматычных выстаў, актыўны ўдзел у дзяржаўных святах, такіх як Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень абаронцы Айчыны, Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Выкарыстоўваючы ўсе гэтыя метады патрыятычнага выхавання, мы паказваем вучням прыгажосць роднага краю, вучым любіць малую радзіму і ганарыцца тым, што жывём у такой цудоўнай краіне, як Беларусь.

Алена ШАРОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 45 Віцебска імя В.Ф.Маргелава:

— Кажучы пра будучых абаронцаў Айчыны, мы разумеем, што патрабаванні да іх маральнага і духоўнага аблічча досыць высокія. Спрадвеку павялося, што абаронца Айчыны славіўся сваёй кемлівасцю і справядлівасцю, гонарам і доблесцю. Таму перад нашым калектывам стаіць няпростая задача — захоўваючы слаўныя традыцыі мінулых гадоў, фарміраваць сучасныя традыцыі з улікам духоўна-маральных каштоўнасцей маладога пакалення. Дзяржавай і педагагічнай супольнасцю распрацавана дастаткова метадаў па развіцці духоўна-маральных якасцей асобы. Добрай практыкай у нашай школе стала абарона культурна-пазнавальных праектаў у рамках грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Чацвёртакласнікі прадстаўляюць праект “Мой род — мой гонар”, пяцікласнікі — “Калі б камяні маглі гаварыць”, шасцікласнікі — “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем” і ў старшакласнікаў тэма “Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі маёй краіны”. Штогод у нас праходзіць конкурс-агляд строю і песні “Марш Перамогі” ў рамках месячніка грама­дзянскага і патрыятычнага выхавання. За ўстановай адукацыі замацавана мемарыяльная дошка імя Героя Савецкага Саюза генерала арміі В.Ф.Маргелава. Вучні школы сістэматычна займаюцца добраўпарадкаваннем мема­рыяльнай дошкі. Аднак найбольш эфектыўнай формай работы з навучэнцамі па выхаванні будучых абаронцаў Айчыны з’яўляюцца навучальныя заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы, дзейнасць аб’яднання па інтарэсах “Юнармеец”. Падлеткі знаёмяцца са страявой падрыхтоўкай, элементарнымі навыкамі карыстання зброяй, вучацца хутка і зладжана ўзаемадзейнічаць у камандзе. Выхаванцы гуртка прымаюць удзел у штогадовай традыцыйнай Вахце Памяці. У красавіку 2023 года прайшло ўрачыстае адкрыццё ваенна-патрыятычнага клуба “Гвардыя” для навучэнцаў сярэдняй школы № 45 Віцебска імя В.Ф.Маргелава і ваеннаслужачых вайсковай часці 52287. Прыемна адзна­чыць, што ўдзел у большасці мерапрыемстваў становіцца добрай традыцыяй. Штогод напярэдадні Дня абаронцы Айчыны навучэнцы школы вырабляюць віншавальныя паштоўкі для вайскоўцаў 103-й асобнай Гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Актуальным застаецца фарміраванне інфармацыйнай культуры асобы навучэнца і грамадзянска-пат­рыятычнай кампетэнтнасці. Для гэтага выкарыстоўваюцца папулярныя ў моладзі пляцоўкі. Напрыклад, у Telegram-канале кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юнармеец” Сяргей Сабалеўскі вядзе групу “Маргелаўцы”. Няма нічога больш дзейснага ў выхаванні, чым асабісты прыклад, таму, працуючы з дзецьмі, не варта забываць аб самаўдасканаленні як найбольш эфектыўнай форме выхавання асобасных каштоўнасцей.

Настасся ЧАРКАНАВА