Педагогі і вучні сталічнай сярэдняй школы № 6 прымалі на беларускай зямлі сваіх сяброў з Электрасталі Маскоўскай вобласці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Расійская дэлегацыя правяла сем насычаных дзён у гасцінным Мінску. Праграма візіту была распрацавана такім чынам, каб азнаёміць гасцей не толькі з найбагацейшай гістарычна-культурнай спадчынай Беларусі, але і з практычным бокам выбранай імі прафесіі.

Навучэнцы здзейснілі падарожжа ў мінулае, наведаўшы знакамітыя замкавыя комплексы ў Міры і Нясвіжы. Магутныя сцены, якія захоўваюць памяць стагоддзяў, з’яўляюцца наглядным урокам гісторыі і культуры для будучых настаўнікаў.
Адной з ключавых падзей сталі майстар-класы педагагічнай накіраванасці, арганізаваныя на базе 6-й школы. Госці змаглі не проста паглядзець, як вучацца іх беларускія аднагодкі, а стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Яны азнаёміліся з мясцовымі методыкамі выкладання, паспрабавалі свае сілы ў правядзенні фрагментаў урокаў і паўдзельнічалі ў сумесных псіхолага-педагагічных трэнінгах. Асаблівую душэўную ноту ў праграму ўнёс абмен экспанатамі паміж школьнымі музеямі. Гэтыя артэфакты стануць першымі цаглінкамі ў стварэнні будучай сумеснай экспазіцыі, прысвечанай дружбе і педагагічнаму братэрству.

Урачыстым і праніклівым момантам стала наведванне Плошчы Перамогі і Паста № 1. Каля Вечнага агню школьнікі аддалі даніну памяці героям, адчуўшы агульную гісторыю і цану мірнага неба, пад якім расце іх пакаленне.
Кульмінацыяй візіту стаў фінал урачыстай цырымоніі пасвячэння ў профільны педагагічны клас, які штогод праводзіцца ў 6-й школе. Разам з беларускімі равеснікамі расійскія навучэнцы паабяцалі з годнасцю несці высокае званне будучага настаўніка, быць прыкладам у вучобе і паводзінах, з павагай адносіцца да сваіх настаўнікаў і з любоўю — да будучых навучэнцаў. Тут жа маладым людзям уручылі заліковыя кніжкі.
— Мы хацелі, каб кожны элемент цырымоніі быў напоўнены глыбокім сэнсам. Важна было паказаць нашым сябрам, што іх прымаюць не як гасцей, а як паўнапраўных членаў нашай вялікай педагагічнай грамадскасці. Гэтая цырымонія — толькі пачатак вялікага шляху, і мы ўжо плануем новыя сумесныя праекты, якія працягнуць гэтую добрую традыцыю: анлайн-сустрэчы, педагагічныя канферэнцыі, візіт беларускіх навучэнцаў у Расію, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Марына Ямаліева.
Такія ініцыятывы даказваюць, што сапраўдная дружба і прафесійная суполка нараджаюцца не ў кабінетах, а ў жывых зносінах, у сумесным вывучэнні гісторыі і ва ўсведамленні агульнай адказнасці за будучыню.
— Гэтая паездка стала для нашых дзяцей сапраўдным прарывам ва ўсведамленні выбранай прафесіі, — падкрэсліла дырэктар сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза У.Д. Карнеева Марына Азарава. — Яны ўбачылі не проста іншую школу, а адкрыты, шчыры прафесійны свет, які сустракае іх як сваіх. Атрымаць пасвячэнне ў педагогі ў Мінску — гэта гонар і велізарная адказнасць. Гэты вопыт немагчыма пераацаніць: жывыя зносіны з аднагодкамі, абмен лепшымі педагагічнымі практыкамі, сумеснае вывучэнне гісторыі. Мы ўдзячны калектыву школы № 6 за сардэчны прыём і прафесіяналізм. Упэўнена, што такія сустрэчы — гэта крок на шляху доўгай і плённай сумеснай работы, якая будзе выхоўваць не проста добрых настаўнікаў, а сапраўдных грамадзян і патрыётаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва сярэдняй школы № 6 Мінска








