Пераможцы конкурсу-фестывалю па вакале і харэаграфіі «Выкрутасы» вызначаны ў 7 намінацыях

- 15:21Новости

Больш за 100 творчых нумароў падрыхтавалі ўдзельнікі ІV адкрытага рэспубліканскага конкурсу­-фестывалю па вакале і харэаграфіі “Выкрутасы” ў рамках праекта “Брэст — маладзёжная сталіца — 2024”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Арганізатарамі відо­вішчнага мерапрыемства, якое праходзіла на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра мала­дзёжнай творчасці, выступілі Магілёўскі абласны тэатр лялек пры партнёрстве з ТАА “Цэнтр падтрымкі талентаў”, Беларускай лігай танца, Рэспубліканскім маладзёжным цэнтрам і Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы.

У конкурсе-фестывалі, пры­меркаваным да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, удзель­нічалі творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы без узроставых абмежаванняў з усіх рэгіёнаў краіны. Аднак завадатарам свята песні і танца ўсё ж такі была моладзь. Гэта нядзіўна, бо мерапрыемства праводзілася найперш з мэтай папулярызацыі сучаснай дзіцячай і юнацкай творчасці, павышэння эстэтычнага ўзроўню юных артыстаў, абмену цікавым вопытам і падтрымкі таленавітых выканаўцаў.

Вакалісты прэзентавалі акадэмічныя, народныя, эстрадныя і джазавыя спевы, аўтарскія і патрыятычныя песні, сусветныя хіты, рэтрашлягеры і песні з мультфільмаў і кінафільмаў. Харэаграфічныя нумары былі прадстаўлены сюжэтна-гульнявымі, народнымі, класічнымі, бальнымі, вулічнымі, усходнімі і эстраднымі танцамі, а таксама арыгінальным жанрам. Майстэрства выканаўцаў ацэньвала журы з ліку вядомых артыстаў, музыкантаў, рэжысёраў і кампазітараў, удзельнікаў тэлепраектаў “Х-фактар”, “Еўрабачанне”, “Голас” і “Танцуюць усе”, фестывалю “Славянскі базар” і конкурсу “Новая дзіцячая хваля”.

Пераможцы конкурсу-фестывалю вызначаліся ў 7 намінацыях. Па выніках творчага спаборніцтва ўладальнікамі гран-пры сталі выхаванцы Цэнтра сучаснай творчасці “Атмасфера” Барысава, Глеб Стасюк з StudioPLAY Брэста і Маргарыта Філіпава з вакальнай студыі “7 нот” Брэста. Акрамя дзяцей, спецыяльнымі прызамі былі адзначаны і педагогі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара