Першыя крокі да будучай прафесіі пагост-загародскія дашкольнікі робяць ужо ў дзіцячым садзе

- 14:06Образование

У Пагост­-Загародскім дзіцячым садзе Пінскага раёна лічаць, што дашкольны ўзрост не перашкода для прафарыентацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Першыя крокі да будучай прафесіі хлопчыкі і дзяўчынкі робяць яшчэ ў раннім дзяцінстве, калі прымяраюць на сябе ролю ўрача, прадаўца, кухара, цырульніка, машыніста — прадстаўнікоў прафесій, з якімі най­часцей сутыкаюцца ў жыцці, — гаворыць выхавальніца Святлана Лявошык. — Але знаёмства з імі паспяховае ў тым выпадку, калі дзеці адчуваюць станоўчыя эмоцыі і праяўляюць сябе ў даступных відах дзейнасці.

У рабоце педагог выкарыстоўвае гутаркі-знаёмствы з прафесіямі і прафесійнымі дзеяннямі, чытанне твораў дзіцячай літаратуры і развучванне вершаў пра розныя прафесіі, прагляд тэматычных ілюстрацый, мультфільмаў і прэзентацый з іх наступным абмеркаваннем, выставы дзіцячых малюнкаў, гульні, загадкі, віктарыны, экскурсіі, назіранні, афармленне лэпбукаў…

— Работу па ранняй прафарыентацыі пачынала з падбору неабходнай літаратуры і не толькі, — працягвае Святлана Лявошык. — Падбірала вершы, загадкі, пальчыкавыя гульні, прыказкі і прымаўкі па тэме “Прафесіі”, рыхтавала гутаркі “Якія бываюць прафесіі”, “Кім я хачу стаць”, “Для чаго людзям працаваць?” і “Якія прафесіі ты ведаеш?”, праводзіла настольна-друкаваныя, дыдактычныя і моўныя гульні: “Прафесіі”, “Кім быць”, “Усе прафесіі важныя”, “Кім я хачу стаць”, “Гуляем у прафесію”, “Хто больш ведае прафесій”, “Хто што робіць?”, “Адгадай прафесію па апісанні”.

Педагог актыўна звяртаецца да сюжэтна-ролевых гульняў, якія развіваюць у дзяцей творчыя здольнасці, павышаюць актыўнасць і самастойнасць, дапамагаюць у самарэалізацыі.

— Арганізоўваючы сюжэтна-ролевую гульню, заахвочваю дзяцей самастойна выбіраць атрыбуты і ўскладняць змест, — заўважае Святлана Лявошык. — Даволі часта выхаванцы самі прапануюць новыя сюжэты, а я дапамагаю ўвесці ў гульню новыя ролі ці спецыяльнасці. Так, мы абнавілі атрыбутамі і касцюмамі сюжэтна-ролевыя гульні “Бальніца”, “Магазін”, “Цырульня”, “Супермаркет”, “Мехдвор”, “Бібліятэка”, “Будаўнікі” і “Сям’я”. Падбор гульнявога матэрыялу вельмі важны, таму значнае месца займаюць гульнявыя атрыбуты, самастойна вырабленыя дзецьмі: грошы, бланкі для рэцэптаў, фармуляры для бібліятэкі… Гэта істотна павышае ў дашкольнікаў цікавасць да гульні.

Педагог рэалізуе ў гульнях і задачы поларолевага выхавання, размяжоўваючы мужчынскія і жаночыя ролі. Так, у гульню “Цырульня” гуляюць пераважна дзяўчынкі, а ў гульню “Будаўнікі” — толькі хлопчыкі. У іншых гульнях вызначаюцца мужчынскія і жаночыя ролі. Так, у гульні “Бальніца” ролю доктара ці пацыента выконваюць і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Дашкольнікі не толькі імітуюць дзеянні, уласцівыя пэўнай прафесіі, але і наладжваюць дзелавыя ўзаемаадносіны адно з адным, развіваючы камунікатыўныя ўменні і павышаючы згуртаванасць калектыву.

Цікавай формай работы па азнаямленні дашкольнікаў з прафесіямі з’яўляецца кросенс.

— Работа па гэтай тэхналогіі развівае ў дзяцей зрокавае ўспрыманне, логіку і вобразнае мысленне. Дзеці вучацца аналізаваць і сістэматызаваць прадметы і дзеянні, якія адносяцца да пэўнай прафесіі, — расказвае Святлана Лявошык.

Педагог распрацавала і паспяхова прымяняе ў рабоце кросенсы “Як хлеб да нас прыйшоў”, “Праца доктара” і “Ферма”, дзякуючы якім выхаванцы паглыбляюць веды пра прафесіі, прылады працы. Асаблівая цікавасць дзяцей да кросенса “Ферма” падштурхнула Святлану Лявошык да стварэння ў групе сюжэтна-ролевай гульні
“Мехдвор”.

Па словах педагога, прафарыентацыйная работа дае станоўчыя вынікі: дзеці больш беражліва адносяцца да прадметаў рукатворнага свету, цікавяцца працай і магчымасцямі яе адлюстравання ў гульнях, пашыра­юць свае ўяўленні пра прафесіі, узбагачаюць змест гульняў на аснове хоць яшчэ і невялікага, але ўласнага жыццёвага во-
пыту.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ