Першыя крокі

- 11:03Авторские колонки, Мнение

Вольга ДУБОЎСКАЯ

 

 

 

 

 

“Хутка 1 верасня, і мне страшна. А раптам нічога не атрымаецца? Адчуваю, што не хапае ведаў па методыцы арганізацыі ўрока”, — прызналася нядаўна пачынаючы педагог.

Я, канечне, яе падбадзёрвала як магла. Доказы розныя прыводзіла. Маўляў, дапамогуць, падтрымаюць, не хвалюйся. Пачала сыпаць прыкладамі са свайго журналісцкага вопыту. І на памяць прыйшло адно з апошніх інтэрв’ю з дырэктарам сярэдняй школы № 6 Бабруйска, якая адзначыла, што яе намеснік па вучэбнай рабоце с кожным маладым настаўнікам працуе індывідуальна. Там за руку вядуць усіх. Вучаць працаваць з дакументамі (запоўніць класны журнал без памылак — тое яшчэ майстэрства!), карэкціру­юць планы-канспекты ўрокаў, ды і проста гавораць пра жыццё.

Нармальныя чалавечыя адносіны, падтрымка патрэбны кожнаму з нас. А пачынаючым маладым спецыялістам тым больш. Ім страшна, яны перажываюць і пракручваюць у галаве ўяўныя памылкі, адчуваюць сорам і прафесійную бездапаможнасць. Ім здаецца, што так можна загадзя псіхалагічна падрыхтавацца да фіяска, каб не было гэтага жахлівага мандражу.

А мне здаецца, што шлях адаптацыі, знаёмства з дзецьмі і бацькамі будзе значна лягчэйшым, калі з маладымі актыўна папрацуюць дарослыя калегі да пачатку навучальнага года. І гаворка не пра цёплыя размовы з усмешкамі, хоць гэта таксама вельмі важна. А пра прафесійную дапамогу ў межах псіхалагічных трэнінгаў, майстар-класаў, дзелавых гульняў. Як, напрыклад, зрабілі на Гродзеншчыне.

Тут на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі запусцілі школу маладога педагога “Формула поспеху”, у праграме якой якраз і значацца тыя самыя майстар-класы, трэнінгі, лекцыі-дыялогі, дзелавыя гульні, арганізаваныя пры актыўным удзеле супрацоўнікаў ІРА, удзельнікаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, “Дыямент-студыі” (настаўнікаў-метадыстаў Гродзенскага рэгіёна), лаўрэатаў і пераможцаў конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года”.

У выніку маладыя педагогі Гродзеншчыны азнаё­мяцца з сучаснымі падыходамі да арганізацыі адукацыйнага працэсу, да праектавання і правядзення вучэбных заняткаў, з новымі адукацыйнымі тэхналогіямі, інавацыямі ў адукацыі. Яны стануць больш падкаванымі і ўпэўненымі ў сабе. Таму ў класы свае пойдуць не са страхам, а з цікавасцю і натхненнем.

Канечне, тут можна напісаць, што дыпламаваныя настаўнікі яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэтах павінны праходзіць праз агонь, ваду і медныя трубы ў перыяд педагагічных практык. А з іншага боку, напэўна, ні адзін універсітэт не рыхтуе ідэальнага выпускніка, здольнага адразу на выдатна выкон­ваць свае прафесійныя абавязкі. Усе мы давучваемся працуючы.

Універсітэт развівае нашы інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, тут мы атрымліваем спецыяльную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Хацелася б, канечне, больш практыкі, асабліва педагагічнай. Як, напрыклад, у профільных каледжах. Даўно вядома, што выпускнік педагагічнага каледжа дасць фору свайму калегу з універсітэцкім дыпломам, бо метадычнай практыкі ў вучэбным плане гэтай установы ў разы больш. Магчыма, нашым універсітэтам, якія рыхтуюць настаўнікаў, было б карысна пераняць такі вопыт. Хаця б часткова.

Успамінаецца яшчэ адно нядаўняе інтэрв’ю з навучэнкай 3 курса Рэчыцкага педагагічнага каледжа. Мы сустрэліся ў летніку, дзе яна праходзіла педагагічную практыку. Дык вось, гэтая дзяўчына, дзякуючы набытым практычным навыкам падчас навучання ў сваёй установе, з лёгкасцю змагла арганізаваць атрад з 40 дзяцей.