Вялікі тэатр Беларусі рыхтуе новую пастаноўку для дзяцей — оперу “Пінокіа”.

Хто з нас у дзяцінстве не чытаў казку Аляксея Талстога пра драўлянага хлопчыка з доўгім носам і яго тату Карла. Усе мы з заміраннем сэрца глядзелі і пераглядалі фільм “Прыгоды Бураціна”, зняты рэжысёрам Леанідам Нячаевым на кінастудыі “Беларусьфільм”. Але ці ўсе ведаюць, што правобразам савецкага “Залатога ключыка” стала казка італьянскага пісьменніка Карла Калодзі “Прыгоды Пінокіа. Гісторыя драўлянай лялькі”, напісаная ажно ў 1881 годзе. Гэтая казка выклікала настолькі моцную цікавасць, што пачалі з’яўляцца самыя розныя яе варыянты. За 140 гадоў “Пінокіа” ператварыўся ў адну з самых папулярных гісторый на свеце. Па гэтай казцы ставіліся фільмы, спектаклі і нават ствараліся коміксы. Яна стала адной з найлюбімейшых гісторый многіх пакаленняў хлопчыкаў і дзяўчынак. Таму і нядзіўна, што мы зноў і зноў вяртаемся да яе. Паглядзець па-сучаснаму на гісторыю хлопчыка з палена зусім хутка змогуць і юныя беларусы з бацькамі ў новай пастаноўцы “Пінокіа” Вялікага тэатра Беларусі, якую рыхтуе рэжысёр Наталля Бараноўская.
На пачатку вясны генеральны дырэктар Вялікага тэатра Аляксандр Пятровіч анансаваў, што ў чарговым сезоне будзе прадстаўлены новы спектакль для сямейнага прагляду — дзіцячая опера Г. Бруні “Пінокіа”, якая абяцае быць дзівоснай, павучальнай і сентыментальнай. Галоўны вобраз Пінокіа і сама казка прыцягваюць публіку, чытачоў і рэжысёраў сваёй шматпланавасцю і разнастайнасцю. Гэта даволі жорсткая, але напоўненая аптымізмам гісторыя, у якой кожны зможа знайсці нешта блізкае. У оперы гучыць вершаванае лібрэта рэжысёра Наталлі Бараноўскай, напісанае па матывах нямецкага лібрэта У.Шэфлер і казкі К.Калодзі, і музыка нямецкага кампазітара Глорыі Бруні.
— Гісторыя пра Пінокіа, напісаная ў канцы ХІХ стагоддзя, не перастае быць актуальнай і зараз. Працэс ператварэння лялькі ў сапраўднага чалавека, апісаны Карла Калодзі, прымусіць суперажываць маленькіх гледачоў. Бо дзеці будуць задаваць сабе і бацькам пытанні: чаму гэта з ім адбылося, а што было б, калі б я так зрабіў? Такім чынам у іх, дзякуючы гэтай казцы, будуць фарміравацца правільныя маральныя арыенціры, — пераканана Наталля Бараноўская. — “Пінокіа” для мяне — гэта школа жыцця, дзе дзеці з дапамогай эмацыянальнай датычнасці да героя вучацца на яго памылках і адказваюць для сябе на пытанні, што такое добра, а што дрэнна. Калі ты зрабіў памылку, то лёс пакарае, выправіў яе — атрымаеш падарунак: зразумееш цану дружбы і навучышся любіць. Сучасныя дзеці маюць неабмежаваны доступ да інтэрнэту з неверагоднай колькасцю інфармацыі, пры гэтым яны не маюць такога жыццёвага вопыту, каб зразумець, якая інфармацыя карысная, а якая шкодная, якая праўдзівая, а якая лжывая. Да таго часу, пакуль яны не навучацца размяжоўваць дабро і зло, яны могуць трапляць у небяспечныя сітуацыі і рабіць памылкі, як Пінокіа. Але заўсёды лепш вучыцца на памылках іншых, фарміруючы ў сабе асновы маральнасці, няхай і ў казачным свеце”.
Гісторыю драўлянай лялькі, яе неверагодных прыгод раскажуць і пакажуць каля 40 артыстаў розных узростаў. На працягу 60-мінутнага спектакля яны будуць ператварацца ў персанажаў сусветна вядомай казкі, уцягваючы гледачоў у займальную гульню, імя якой — Тэатр. “У оперы задзейнічаны маладыя салісты тэатра. На мой погляд, казкі — гэта выдатны вучэбны сцэнічны матэрыял для набыцця акцёрскага вопыту. Бо тэатру можна навучыцца толькі ў тэатры”, — дадала рэжысёр. Акрамя дарослых салістаў, у гэтым спектаклі на сцэну выйдуць і юныя артысты — выхаванцы дзіцячага музычнага тэатра-студыі Вялікага тэатра. Прынамсі, дзяцей у гэтым спектаклі занята багата: рэжысёр прыдумала займальныя ролі для ўсіх — ад падлеткаў да малых.
Дзіцячую оперу Глорыі Бруні прыйшлося крыху адаптаваць для лепшага ўспрымання беларускімі гледачамі і слухачамі. “Опера напісана нямецкім кампазітарам для нямецкіх дзетак, якія пачынаюць знаёміцца з сучаснай музыкай з самага дзяцінства. І хоць беларусы таксама імкнуцца да гэтага, але ўсё роўна яны яшчэ не так добра музычна падкаваныя. А таму разам з дырыжорам-пастаноўшчыкам Уладзімірам Авадком мы ўнеслі пэўныя карэктывы, пакінуўшы пры гэтым прынцып Бруні — ад простага да складанага”, — патлумачыла Н.Бараноўская.
“Сучасная дзіцячая опера не азначае спектакль са складанай музыкай. Кампазітар Г.Бруні паспрабавала злучыць сучасную музычную культуру з оперным жанрам. А таму ў “Пінокіа” прагучаць і проста чытка рытмічнага тэксту, і сапраўдны рэп, — дадаў Уладзімір Авадок. — Ідэя кампазітара была ў тым, каб ад вымаўлення сцэнічнага тэксту паступова пераходзіць да спявацкага выканання. І калі на пачатку оперы дастаткова многа дыялогаў, то чым бліжэй да канцоўкі твора, тым больш гэтыя дыялогі ператвараюцца ў спевы і набліжаюцца да опернага выканання. Такім чынам адбываецца незаўважны пераход ад слова да яго вакальнага праяўлення”.
Цудоўныя фантазійныя дэкарацыі прыдумала мастачка Л.Сідзельнікава. Пры гэтым важна было, каб яны хутка збіраліся і разбіраліся і не былі грувасткімі. У спектаклі для ўзмацнення эфекту пагружэння ў казачны свет будуць выкарыстаны пэўныя спецэфекты: відэарад, мультыплікацыя і сцэнічныя трукі, якія, праўда, лепш пабачыць на свае вочы. І хоць да прэм’еры яшчэ паўгода, але ўжо адчуваецца, што для гледачоў, як малых, так і дарослых, рыхтуецца сапраўднае свята музыкі, радасці, прыгажосці і таленту. “Я працую з вельмі вопытным і прафесійным сцэнографам і мастаком Любоўю Сідзельнікавай, якая мысліць нестандартна, а таму, думаю, яе дэкарацыі ўразяць нашых гледачоў, — сказала рэжысёр. — Для мяне галоўнае, каб дэкарацыі былі эстэтычнымі, бо лічу, што дзетак неабходна гадаваць на прыгажосці”.
Дарэчы, хоць для рэжысёра Наталлі Бараноўскай “Пінокіа” — першая оперная пастаноўка на вялікай сцэне тэатра, аднак яна ўжо неаднаразова ставіла іншыя спектаклі. Так, разам з музычнай капэлай “Санорус” яна паставіла “Дамавіка Кузю і куфар казак”, “Пер Гюнта” Э.Грыга і “Ката ў ботах” Ц.Кюі. “Я ўвогуле вельмі люблю казкі і ставіць, і пісаць. Напэўна, я так і не пасталела”, — жартуе яна.
Цудоўная музыка Глорыі Бруні, вершаванае лібрэта рэжысёра Наталлі Бараноўскай, тонкая работа дырыжора Уладзіміра Авадка, адметныя дэкарацыі Любові Сідзельнікавай і бліскучае выкананне роляў як дарослымі, так і юнымі артыстамі, безумоўна, стануць залогам поспеху пастаноўкі. “Усе мы выдатна памятаем тэлевізійную версію савецкага “Бураціна”. Але ў “Пінокіа” асабліва ярка прадстаўлена трансфармацыя неадушаўлёнай эгаістычнай лялькі ў жывога чалавека з сумленнем, які ўмее сябраваць, спачуваць і любіць, — дадаў У.Авадок. — Опера “Пінокіа” настолькі шматгранная, з мноствам захапляльных эпізодаў, што будзе цікавая не толькі дзецям малодшага школьнага ўзросту, але і падлеткам, бо ў ёй сучасныя і музыка, і дзеянні, і спакусы — будзе над чым падумаць гледачам усіх узростаў”.
Вольга АНТОНЕНКАВА.





