Пінск над Пінай, побач Пінкавічы

- 13:00Родная земля

З усіх адметнасцей Піншчыны складана выбраць самую галоўную, самую важную. Легенды і паданні — калі ласка, помнікі архітэктуры — таксама ёсць, прычым у такой колькасці, што па звілістых вулачках сталіцы Палесся можна блукаць гадзінамі і бесперапынна любавацца, здзіўляцца, захапляцца. І ўсё ж аснова пінскай зямлі — рака Піна. Менавіта на яе берагах у даўнія часы пасяліліся людзі. З ракой звязаны многія гістарычныя падзеі, эканамічнае развіццё краю, паходжанне назваў населеных пунктаў. Дапамагае рака і выхоўваць маладое пакаленне.

Першыя спатканні

Памятаеце, як у Коласавай “Дрыгве”: “Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну”. Гэтак жа спакойна і павольна накіроўваецца на сустрэчу з Прыпяццю Піна. Праўда, маштабная меліярацыя мінулага стагоддзя разлучыла раку з балотамі, таму да іх яна ўжо не туліцца. Затое кожны дзень, з году ў год, на працягу стагоддзяў адбываюцца сустрэчы Піны са старажытным Пінскам. Калі ж яны ўпершыню спаткаліся? Можа, у 1097 годзе? Наўрад ці, бо першая згадка пра Пінск у “Аповесці мінулых часоў” — гэта яшчэ не дата заснавання горада. Можа, справядлівым будзе меркаванне археолагаў наконт VIII стагоддзя? Таксама сумніўна. А раптам на тэрыторыі гарадзішча глыбока ў зямлі захоўваюцца прадметы VII ці VI стагоддзяў? Дакладны адказ ведае толькі рака. Адправімся на яе бераг і паспрабуем уявіць падзеі далёкіх часоў.
Адбываліся гэтыя спатканні сярод балот, каля сасновага бору, на тым месцы, дзе цяпер узвышаюцца будынкі францысканскага манастыра. З соснамі звязана і паходжанне назвы ракі. Згодна з легендай, некалі ў гэтым краі з’явіліся людзі, якія займаліся сплавам лесу. Каб растлумачыць карэннаму насельніцтву, дзеля чаго яны завіталі ў іх уладанні, чужакі пачалі паказваць на паваленыя на ваду сосны і гаварыць “пінус”. Мясцовыя жыхары падумалі, што так госці называюць раку. З таго часу назва і распаўсюдзілася сярод палешукоў. Пазней яна трансфармавалася ў “піну”. Некаторыя ж вучоныя мяркуюць, што корань “пін” не лацінскага, а індаеўрапейскага паходжання і абазначае “балота, дрыгву”. На думку іншых навукоўцаў, назва ракі славянская і абазначае “прыпынак, прыстань, запруду, вір”.

Мары палескіх гардэмарынаў

Асаблівасці выхаваўчай работы таго ці іншага рэгіёна залежаць ад яго гістарычных, культурных, прыродных адметнасцей. Так, на Піншчыне адным з напрамкаў пазаўрочнай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў з’яўляецца вывучэнне Піны і яе поймы. Падчас турыстычна-краязнаўчых паходаў даследуюцца прыбярэжныя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, флоры і фаўны. Такая работа вядзецца ў многіх установах адукацыі раёна. Аднак у сярэдняй школе № 1 Пінска рака вывучаецца ў крыху іншым ракурсе. Тут працуе клуб юных маракоў “Палескія гардэмарыны”, дзейнічае народны музей Чырванасцяжнай ордэна Ушакова І ступені Дняпроўскай ваеннай флатыліі і 1-га Вучэбнага атрада ВМФ СССР.
Па словах захавальніка фондаў музея капітана 1-га рангу Анатоля Аляксандравіча Озерава, ініцыятарам стварэння клуба стаў Саюз ветэранаў ваенных маракоў Пінска. Акрамя вывучэння гісторыі ваенна-марскога і рачнога флоту, асноўнай мэтай стварэння клуба было адцягненне дзяцей ад шкодных звычак, негатыўнага ўплыву вуліцы. У 2010 годзе афіцэры звярнуліся да сястрынства, што дзейнічае пры праваслаўным Свята-Варварынскім саборы.
— Удзельнікі сястрынства займаюцца выхаваннем дзяцей з нядобранадзейных сем’яў і дзяцей-сірот. Мы прапанавалі ім сваю дапамогу і ўзяліся за мужчынскае выхаванне 10 хлопчыкаў, потым да іх далучыліся вучні розных школ горада і раёна. Так членамі клуба сталі 30 чалавек. Потым мы дамовіліся з кіраўніцтвам раённага аддзела адукацыі аб тым, што падчас летніх канікул на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Парэчча” нашы выхаванцы будуць займацца ваенна-марской справай. Мы і цяпер вучым іх правілам вязання марскіх вузлоў, карыстання семафорнай азбукай, азбукай Морзэ, адпрацоўваем пярвічныя прыёмы баявога самба, каратэ, разведкі, маскіроўкі, стральбы, кідання вучэбных гранат, — расказвае Анатоль Аляксандравіч.
Вучні ахвотна наведваюць заняткі клуба, бо апрануць бесказыркі і сіне-блакітную форму, а потым прайсціся ў ёй па школьных калідорах — ганарова і пачэсна для любога навучэнца. І гэта толькі адна з прычын таго, што з напаўняльнасцю ў клуба ніколі не існавала праблем. Дзяцей не трэба агітаваць, упрошваць, пераконваць. Дастаткова адзін раз правесці экскурсію па школьным музеі, расказаць сярод арыгінальных макетаў баявых караблёў пра традыцыі Дняпроўскай ваеннай флатыліі, каб скласці чарговы спіс ахвочых асвойваць сакрэты марской справы.
Аднак разам са станоўчымі момантамі ў дзейнасці клуба “Палескія гардэмарыны” ёсць і праблемы. Зразумела, скардзіцца на свае хваробы, нешта ў некага прасіць — не самая прыемная рэч. Аднак кожная справа, якая прыносіць добрыя вынікі, абавязкова павінна развівацца і ўдасканальвацца, практыку трэба абавязкова сумяшчаць з тэорыяй. А як сумясціць, калі няма шлюпак? Пасля расфарміравання вучэбнага атрада ВМФ СССР у 1993 годзе яны пакінулі набярэжную Піны.
— Каб адну са шлюпак ды вярнуць — гэта ж якая была б для нас радасць! — дзеліцца Анатоль Аляксандравіч.
Хочацца адправіцца ў рачное воднае падарожжа, ды няма карабля… Крыўдна, банальна, аднак факт застаецца фактам. Хаця дзе-дзе, а ў Пінску такой праблемы не павінна ўзнікаць. Усё ж горад славіцца не толькі помнікамі архітэктуры, багатай гісторыяй, але і традыцыямі рачнога флоту. Нягледзячы на імклівую камп’ютарызацыю, дзяцей па-ранейшаму вабіць рамантыка водных падарожжаў, таму заўсёды знаходзяцца тыя, хто марыць стаць за штурвал карабля, хоча адчуць сябе капітанам. Аднак у здзяйсненні дзіцячых мар апошняе слова застаецца за мясцовай уладай.
Пакуль што ўдзельнікі пінскага клуба толькі мараць пра выхад на рачную прастору. Заняткі клуба праходзяць у сценах гарадской культурна-спартыўнай установы “Равеснік”, а таксама ў музеі першай пінскай школы. Водныя прасторы — гэта добра, аднак і кіраўніцтву ўстаноў адукацыі юныя маракі ўдзячныя за магчымаць хаця б тэарэтычных заняткаў.

Вандроўныя экспанаты

У сярэдняй школе № 1 Пінска экспазіцыя была размешчана ў 2004 годзе, а да гэтага музей працаваў на базе Пінскага кансультацыйна-дыягнастычнага цэнтра. Вось такі вандроўны лёс у больш чым 3000 экспанатаў. Сярод іх — макеты караблёў, фотаздымкі і ўспаміны ветэранаў-падводнікаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, якія ў 1944 годзе вызвалялі Пінск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе матэрыялы сабраны ў наступных раздзелах: “Гісторыя Дняпроўскай флатыліі”, “Пінская флатылія ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Маракі-дняпроўцы ў аперацыі “Баграціён”, “Маракі-дняпроўцы ў баях за вызваленне Пінска”, “І караблі штурмавалі Берлін”, “Дняпроўцы — Героі Савецкага Саюза”, “Традыцыям Дняпроўскай флатыліі верныя”, “1-ы Чырванасцяжны Вучэбны атрад”, “Маракі 1-га Вучэбнага атрада на флатах і флатыліях ВМФ СССР”, “Баявыя караблі ВМФ СССР”, “Афіцэры і мічманы 1-га Вучэбнага атрада пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку”, “Памяць пра загінуўшы атамны падводны крэйсер “Курск”, “Гісторыя развіцця рускага падводнага флоту”, “Слава маракам-падводнікам”. Кожны з раздзелаў — гэта дзясяткі фотаздымкаў, успамінаў, дакументаў, таму аднаго памяшкання для музея ўжо недастаткова. Для больш якаснага правядзення экскурсій актуальным з’яўляецца пытанне пашырэння плошчы экспазіцыі.
Яе стварэнне, летапісанне гісторыі Дняпроўскай і Пінскай ваенных флатылій пачалося яшчэ ў далёкім 1963 годзе, калі на базе 1-га Вучэбнага атрада ВМФ СССР была створана ініцыятыўная група. Пасля расфарміравання атрада многія экспанаты папросту зніклі. Тыя ж, што засталіся, неабходна было ратаваць. І ў 1998 годзе на пасяджэнні Саюза ветэранаў ваенных маракоў Пінска члены саюза прынялі рашэнне аднавіць музей. 22 лютага 2002 года была праведзена першая экскурсія для навучэнцаў былога банкаўскага каледжа. З таго часу з экспазіцыяй пазнаёміліся тысячы гасцей. На базе музея праводзяцца пасяджэнні яго савета, прэзідыума Саюза ветэранаў ваенных маракоў Пінска. Для пасяджэнняў круглага стала выкарыстоўваецца ваенны трафей — масіўны драўляны стол, прывезены маракамі-дняпроўцамі з Германіі. Сярод іншых каштоўных экспанатаў — макеты баявых караблёў, фотапартрэты маракоў-дняпроўцаў, іх успаміны.
Члены Савета музея і Саюза ветэранаў ваенных маракоў, а таксама юныя маракі праводзяць не толькі экскурсіі, але і падтрымліваюць у належным стане макеты баявых караблёў, праводзяць актыўную грамадскую работу: удзельнічаюць у гарадской Вахце Памяці, ладзяць ва ўстановах адукацыі мерапрыемствы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, за ўласныя сродкі зрабілі і ўсталявалі на месцах баявой славы памятныя знакі ў гонар маракоў-дняпроўцаў. Ды і многія экспанаты — вынік работы ваенных маракоў і іх юных калег.
Напрыканцы нашай размовы Анатоль Аляксандравіч яшчэ раз звярнуўся да неабходнасці развіцця ў краіне клубаў юных маракоў. Па словах капітана 1-га рангу, у кожным горадзе, які знаходзіцца на такіх вялікіх рэках, як Піна, Прыпяць, Днепр, Сож, Нёман, Заходняя Дзвіна, Бярэзіна, ва ўстановах адукацыі варта ствараць падобныя вучнёўскія аб’яднанні, паколькі Беларусь славіцца сваімі традыцыямі рачнога флоту, да таго ж шмат беларусаў служыла і служыць на флатах былога СССР, а цяпер Расійскай Федэрацыі. На пытанне “Чаму нашых грамадзян прываблівае марская рамантыка?” Анатоль Аляксандравіч адказаў: “Дакладна не ведаю, аднак усе беларусы, з якімі мне даводзілася служыць, вылучаліся дысцыплінаванасцю, спакойнасцю, адказнасцю”. Менавіта такія рысы характару і фарміруюцца ў навучэнцаў клубаў юных маракоў, а гэта адна з галоўных прычын для папулярызацыі падобных аб’яднанняў.

Коласава школа

Гутарка на тэму фарміравання станоўчых рыс характару, у тым ліку і ў настаўнікаў, была працягнута ў вёсцы Пінкавічы, праўда, ужо не з ваенным мараком, а з кіраўніком літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа Нінай Рыгораўнай Палавец. Нагод для падарожжа ў Пінкавічы было некалькі. Па-першае, вёска, як і сталіца Палесся, атрымала сваю назву ад ракі Піны, па-другое, у пачатку мінулага стагоддзя тут настаўнічаў Якуб Колас, 130-годдзе з дня нараджэння якога сёлета шырока адзначаецца ў краіне, а па-трэцяе, як пісаў пясняр у сваёй знакамітай трылогіі “На ростанях”, Пінкавічы знаходзяцца ўсяго “ў пяці вярстах ад Пінска”.
Цяпер жа гэтая адлегасць значна меншая, паколькі вёска даўно злучылася з Пінскам і стала яго прыгарадам. Да Пінкавіч лёгка дабрацца на маршрутцы або аўтобусе. Лабановічу ж (адпаведна і Канстанціну Міхайлавічу, паколькі трылогія аўтабіяграфічная), калі ён упершыню прыехаў у Пінск, даводзілася наймаць возчыка. Калі малады настаўнік прыйшоў з гэтай мэтай на Каралінскі рынак (цяпер плошча Леніна), то першы ж мужчына, да якога ён звярнуўся, паглядзеў на незнаёмца пагардліва, нічога не сказаўшы, адвярнуўся і пайшоў па сваіх справах. “Сям-там пападаліся тыповыя постаці палешукоў і паляшучак, надзвычай паважных і нават гордых, бо яны так зняважліва паглядалі на ўсё, што не было палешуком…”, — пісаў пазней Колас. І толькі калі ганаровы паляшук пачуў, што чалавек у просценькім пінжачку з драўляным чамаданам і ёсць пінкавіцкі настаўнік, а значыць, інтэлігент, ён дапамог яму старгаваць возчыка за рубель.
Канстанцін Міцкевіч узгадваў, што калі ён прыехаў у Пінкавічы, то вёска сустрэла яго прыветна бялеючы, шырока раскрытымі аканіцамі. Маладому настаўніку падалося, што лепшага месца для яе нельга было знайсці, паколькі яна стаяла на ўзгорку, каля яе раслі магутныя дубы, вязы. У Пінкавічах і цяпер на месцы той школы будынак. Праўда, не першапачатковы, таго ўжо даўно няма. А вось новы, у якім размяшчаецца музей, мае такі ж знешні выгляд, як і Коласава школа. Адшукаць яго няцяжка: на галоўнай вясковай вуліцы стаіць указальнік. Калі вам давядзецца бываць у Пінску, не пашкадуйце часу, наведайце літаратурна-краязнаўчы музей у вёсцы Пінкавічы. Вялізная бяроза, пасаджаная каля музея братам Канстанціна Міцкевіча Іосіфам, прыветна сустрэне пошумам сваёй лістоты, падорыць лірычны настрой, а экскурсія па музеі пакіне незабыўнае ўражанне. Праўда, цяпер будынак музея знаходзіцца на капітальным рамонце і рэканструкцыі, а яго экспанаты часова захоўваюцца ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна. Аднак сёлета ў юбілейны Коласавы год будынак плануецца адкрыць для наведвальнікаў, і госці зноў змогуць завітаць у Коласаву школу. Асабліва шмат чакаецца вучняў, якія традыцыйна з’яўляюцца самымі актыўнымі экскурсантамі.
— Стварэнне музея было б немагчыма без намаганняў, адданасці такой пачэснай справе былога настаўніка беларускай мовы і літаратуры Пінкавіцкай сярэдняй школы, якая носіць імя песняра, Івана Іосіфавіча Калошы. Цяпер жа актыўную дапамогу ў папаўненні фондаў музея аказваюць яго калегі, сучасныя пінкавіцкія настаўнікі, жыхары Пінкавіч. Спачатку музей размяшчаўся ў невялікім школьным пакойчыку. Афіцыйна ж, ужо ў новым будынку, быў адкрыты 1 лістапада 1990 года, — расказвае Ніна Рыгораўна Палавец. — У тым урачыстым свяце ўдзельнічала шмат ганаровых гасцей, навукоўцаў, літаратараў. У дзень адкрыцця прыязджаў і брат Коласа Іосіф Міхайлавіч Міцкевіч, які некалі вучыўся ў пінкавіцкай школе. Падчас святочнага мерапрыемства гучала шмат прыемных і шчырых слоў. А наш знакаміты мастак Уладзімір Васільевіч Кароль падарыў музею карціну з пінкавіцкімі краявідамі, а таксама прыгожую чаканку з выявай Канстанціна Міцкевіча і аркуша паперы, на якім, замест подпісу пісьменніка, — жытнёвы колас.

Коласаў характар

Тая пагарда, з якой, па словах Ніны Рыгораўны, маладога настаўніка сустрэлі ганарыстыя палешукі, хутка змянілася на любоў і павагу. І ўся справа ў характары Коласа. Асабліва ўразілі сялян адносіны настаўніка да вучняў, у прыватнасці хлопчыка-сіраты Алесіка. У дзіцяці не было ні бацькі, ні маці, і жыў хлапчук са сляпой 90-гадовай бабуляй. Алесік заўсёды хадзіў брудны, непрычэсаны. Канстанцін Міхайлавіч пашкадаваў сірату і неяк папрасіў яго прыйсці ў школу раней за ўсіх дзяцей. Напярэдадні гэтай сустрэчы настаўнік паехаў у Пінск, купіў кашулю і паясочак. Раніцай настаўнік памыў хлопца, пастрыг, прычасаў, бруднае адзенне спаліў у печы, апрануў у новую кашулю, напаіў чаем, пакарміў і пасадзіў у класе. “А што, у нас новы вучань у класе?” — пачалі пытацца дзеці. “Хіба вы не пазналі нашага Алесіка?” — адказаў Канстанцін Міхайлавіч. Пагарда да хлопца з боку равеснікаў змянілася любоўю. Усе гаварылі: “Алесік, пасядзі са мной, Алесік, хадзі да нас”. Але і на гэтым клопат пра сірату не закончыўся. Настаўнік загадаў вучням, каб кожную суботу хлопец ішоў да кагосьці з іх, і матулі аднакласнікаў мылі яго і яго кашулю.
— Побач з нашым музеем жыве жанчына. Дык вось ёй яе бабуля расказвала, што калі Канстанцін Міхайлавіч ішоў па вуліцы, сяляне заўсёды спыняліся, здымалі шапку і нізка кланяліся настаўніку. У школу да Коласа прыходзілі і дарослыя, якіх ён таксама вучыў грамаце, — адзначыла Ніна Рыгораўна.
Больш за стагоддзе мінула з таго часу, як Канстанцін Міцкевіч пачаў працаваць настаўнікам на Піншчыне. Шмат чаго змянілася… Няма з намі пісьменніка, памерлі і яго вучні. Нават тыя, калісьці багатыя рыбай затокі ва ўрочышчы Гусак, з-за якіх, згодна трылогіі “На ростанях”, сяляне вёскі Пінкавічы судзіліся з панам Скірмунтам, даўно абмялелі, зараслі травою. Ды і сама рака Піна, як расказалі палешукі, далёка ўжо не такая паўнаводная і рыбная. За доўгім часам шмат што знікае, забываецца, і ўсё ж памяць пра маладога настаўніка, будучага класіка нашай літаратуры, ушаноўваецца і беражліва захоўваецца дзякуючы пінкавіцкім педагогам. З павагай настаўнікі-палешукі ставяцца і да ракі Піны — асновы пінскай зямлі. А як жа іначай: ад яе пінчане пінчанамі празваліся, ад яе пайшла гісторыя пінскай зямлі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.