Зусім мала часу застаецца да пачатку міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills у Бразіліі, таму падрыхтоўка нашай нацыянальнай зборнай ідзе поўным ходам і ва ўзмоцненым рэжыме. І не дзіўна. У такім грандыёзным сусветным спаборніцтве Беларусь удзельнічае ўпершыню і мае здаровыя амбіцыі. Перамога там можа стаць рэальнай, бо наша нацыянальная каманда сфарміравана з пераможцаў WorldSkills — СНД+. Сярод удзельнікаў нашай зборнай — Вольга Закрэўская, навучэнка Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, уладальніца “золата” ў Казані ў намінацыі “Дызайн адзення”.
Ужо год прайшоў з дня майго знаёмства з Вольгай Закрэўскай. Мы пазнаёміліся на першым Нацыянальным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства, які можна назваць рэспубліканскім WorldSkills. На, здавалася б, бясконцым подыуме спаборніцтва, дзе канкурсанты прадстаўлялі свае ўменні і навыкі ў розных намінацыях, нельга было прамінуць пляцоўку пад назвай “Дызайн адзення”. На ёй, як гаспадыня, завіхалася навучэнка Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці Вольга Закрэўская. Да гэтага часу засталіся ў памяці тыя ўхвальныя пачуцці, якія нарадзіліся ў час выступлення Вольгі. Невысокага росту, але вельмі жвавая і імклівая, яна рабіла раскрой будучага адзення і спрытна, амаль маланкава, валодала іголкай і ніткай. Рухі пальцаў рук былі дакладна адпрацаваны, і здавалася, што яны не шыюць, а нібы іграюць на музычным інструменце. А так і ёсць. Для Вольгі швейная вытворчасць сугучная творчасці, якая з’яўляецца прыродным талентам дзяўчыны. Амаль з маленства яна адчула ў сабе творчы дух, які імкнуўся вырвацца ў свет з яе душы. Нельга было яго ўтрымліваць. І вось вынік — у 7 класе Вольга атрымала першую перамогу на алімпіядзе па працоўным навучанні, а далей перамагаць стала для яе своеасаблівай звычкай.
За час навучання ў каледжы Вольга прыняла ўдзел у самых разнастайных конкурсах, і заўсёды яе почырк, яе індывідуальнасць і прафесійнае майстэрства былі заўважаны гледачамі і членамі журы. Усе вырабы Вольгі занялі ганаровае месца на рэспубліканскіх выставах і ў музеях мастацкай творчасці і тым самым сталі своеасаблівым узорам, на якім вучацца іншыя навучэнцы.
— Найбольш запамінальным і дарагім быў для мяне выраб беларускай лялькі, якую я зрабіла ў час вучобы на першым курсе, — дзеліцца сваімі пачуццямі Вольга. — Калі зрабіла яе сілуэт, адразу ўзніклі ідэя за ідэяй, якім будзе яе ўбранне. Лёгкую льняную сукенку я аздобіла вышыўкай нацыянальных матываў і самаробнымі карункамі. Але самае цікавае, што для сваёй лялькі я сама спякла каравай, які яна трымала на ручніку.
Колькі такіх цудоўных вырабаў у Вольгі Закрэўскай?! Ужо і не злічыць, але кожнаму з іх уласціва тая чароўная непаўторнасць, якую стварылі рукі сапраўднага майстра.
Беларуская майстрыха паказала клас і на спаборніцтве WorldSkills — СНД+, і яе адразу заўважылі масцітыя эксперты з усяго свету. Вольга расказала, што пры ўсім яе конкурсным вопыце ўдзел у спаборніцтве такога ўзроўню ўсё ж выклікаў буру эмоцый і ледзь-ледзь удалося справіцца з хваляваннем. Заданне было не з простых і складалася з некалькіх модуляў. У першым модулі трэба было сканструяваць спадніцу і пашыць яе за 8 гадзін. Другі модуль меў на ўвазе выраб дэкору майкі з выкарыстаннем тканіны, рознакаляровых стужак, кнопак, гузікаў і іншай фурнітуры. Трэцім модулем стаў выраб муляжа жакета з дапамогай іголачнай наколкі (замест швоў дэталі адзення замацоўваюцца іголкамі). Жакет павінен быў мець рукавы ў фасоне рэглан і падыходзіць па стылі і колеры да майкі і да спадніцы. Канкурэнтаў у гэтай намінацыі было шмат. Яны былі вельмі добра падрыхтаванымі, стваралі дастойную канкурэнцыю адно аднаму. Але журы было аднадушным, і лепшага за нашу Вольгу не было нікога. Заданне па ўсіх модулях яна выканала бездакорна. Асабліва выклікала захапленне ў экспертаў філігранная работа дзяўчыны па наколцы жакета. Яна настолькі была адмысловай, што жакет з іголкавымі наколкамі можна было апранаць так, як быццам ён быў сшыты. А магчымасць узняць руку ў рукаве з наколкамі лічыцца найвышэйшым пілатажам у швейнікаў. Такі ўзровень уласцівы і Вользе. Добрыя вынікі паказала і другая наша канкурсантка Марыя Фінская, навучэнка гэтага ж каледжа, якая, дарэчы, пераможна выступіла ў першым нацыянальным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства ў Мінску.
Крыху больш як месяц застаецца да спаборніцтваў у Бразіліі. Вольга заслужана ўвайшла ў склад нацыянальнай зборнай Беларусі, і цяпер ідзе напружаная падрыхтоўка да конкурсу. Трэніроўкі праходзяць кожны дзень. Выкладчык каледжа Ірына Уладзіміраўна Марозава, трэнер Вольгі, выходзіць разам з дзяўчынай з установы апошняй. Вольга трэніруецца яшчэ і дома, напрыклад, да аўтаматызму адпрацоўвае выраб петляў уручную.
Менавіта такая норма выстаўлена ў заданні спаборніцтва WorldSkills у Бразіліі, якое ўжо атрымана нашымі канкурсантамі, але з умовай, што 30 працэнтаў яго будзе зменена непасрэдна на спаборніцтве.
Папярэдне вядома, што трэба будзе намаляваць серыю эскізаў адзення. Магчыма, гэта будуць мадэлі адзення “ад куцюр” (з французскай haute couture —“высокая мода”), мадэлі так званага сярэдняга раду або мадэлі “хуткай” моды. Акрамя таго, Вользе неабходна будзе выканаць наколку рамантычнай кактэйльнай сукенкі, а потым па гатовых лякалах яе пашыць. З якой тканіны яна будзе зроблена, пакуль застаецца сакрэтам. У далейшым для сукенкі неабходна будзе прыдумаць жакет, потым намаляваць яго, раскроіць і пашыць. Але пры гэтым ён не павінен быць адвольным. Прадстаўленыя крытэрыі па гэтым вырабе маюць на ўвазе, што жакет павінен мець рукавы, каўнер, мяккія складкі, абкіданыя петлі. Пры пашыве жакета можна праявіць і сваю ініцыятыву, але пры яго ацэнцы будуць улічвацца толькі выстаўленыя крытэрыі. Апошнім заданнем будзе “Тайная скарбонка”, у якой будуць захоўвацца стужкі, карункі, бісер, стразы, гузікі, кнопкі і іншая фурнітура, з якой канкурсанты павінны будуць стварыць модны аксесуар, каб ён гарманіраваў са зробленымі сукенкай і жакетам. Вось такое, у агульных рысах, заданне чакае нашу канкурсантку.
— Мы сёння прапрацоўваем гэтае заданне і згодна з ім робім эскізы, наколкі адзення, кроім і шыем, — расказала Ірына Уладзіміраўна. — Вользе ўсё гэта даецца з лёгкасцю, яна вучыцца ў каледжы 4 гады і выдатна асвоіла тэхніку канструявання і мадэлявання. Акрамя таго, дзякуючы Рэспубліканскаму інстытуту прафесійнай адукацыі, спецыяльна для Вольгі з Парыжа быў “выпісаны” міжнародны эксперт па дызайне адзення, які тэсціраваў нашу канкурсантку і застаўся вельмі задаволены яе ўзроўнем падрыхтоўкі.
Безумоўна, у гэтым заслуга і Ірыны Уладзіміраўны, якая, як кажуць, уклала душу ў сваю навучэнку.
Ірына Уладзіміраўна бачыць у Вользе саму сябе, такую ж апантаную творчасцю, калі хочацца тварыць і ствараць кожны дзень. Ірына Уладзіміраўна Марозава з’яўляецца, па сутнасці, своеасаблівым брэндам прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Яе імя ведаюць не толькі ў Мінску, але і далёка за яго межамі. Ірына Уладзіміраўна ўпершыню публічна заявіла аб сабе на выставах мастацкай творчасці, дзе ад яе вырабаў з батыка, адзення з вышыўкай у нацыянальным стылі нельга было адарвацца. Потым яе імя прагучала ў першым рэспубліканскім конкурсе “Майстар года”, дзе яна з бляскам перамагла. Краіна высока ацаніла талент Ірыны Уладзіміраўны. Педагог мае шэраг узнагарод. Сярод іх медаль “За працоўныя заслугі”, які яна атрымала з рук прэзідэнта краіны і пасля гэтай падзеі была асабліва шчаслівай.
Але шчасце не можа быць абсалютным. Напэўна, яшчэ адным яго складнікам стала электроннае пісьмо ад Вольгі Закрэўскай, якое яна даслала свайму педагогу з Казані пасля спаборніцтваў: “Ірына Уладзіміраўна, я стала першай у конкурсе! Я падзяляю гэтую перамогу разам з вамі. Вялікі вам дзякуй”.
Эх, так хочацца такое пісьмо атрымаць і з далёкай Бразіліі… Будзем чакаць!
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.