Подзвіг не забыты

- 15:25Выхаванне, Выхаваўчая работа

Рэспубліканскі злёт пошукавых атрадаў “Мы — нашчадкі Перамогі” аб’яднаў актывістаў пошукавага руху з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Старонкі ваеннай гісторыі

Удзельнікамі злёту сталі 42 члены аб’фяднанняў ваенна-патрыятычнага профілю. Яны прадставілі свае дружыны на конкурсах “Візітоўка каманды”, “Герояў памятаем імёны”, “Маршрутамі Перамогі”, паўдзельнічалі ў канферэнцыі “І памятае свет выратаваны” і ў віктарыне “Старонкі ваеннай гісторыі”.

Адкрыццё рэспубліканскага злёту пошукавых атрадаў прайшло ў Мінску на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Масюкоўшчына”. Тут прагучалі вершы на ваенную тэматыку, а таксама адбылося ўскладанне кветак да помніка ахвярам, якія загінулі ў канцэнтрацыйным лагеры Шталаг-352.

— Пошукавыя каманды вывучаюць подзвігі герояў Вялікай Айчыннай вайны, — расказаў навучэнец магілёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы № 12 Ілья Радчанка. — У Магілёўскай вобласці ёсць некалькі асоб, якія ўяўляюць для нас асаб­лівую значнасць, — Канстанцін Сіманаў і Мікалай Цярохін. Мы вывучалі іх подзвігі, даследавалі газеты, рабілі запыты ў Міністэрства абароны, гутарылі з кіраўнікамі музеяў, як магілёўскіх, так і пензенскіх. К.Сіманаў родам з Пензы, таму неабходна было шукаць дзесьці там. Біяграфію такіх людзей вельмі важна вывучаць, таму што, дзякуючы ім, мы зараз можам радавацца жыццю.

Рэспубліканскі злёт паказвае дасягненні навучэнцаў у галіне пошукавай і даследчай дзейнасці.

Сістэмнасць і эфектыўнасць

Акрамя разнастайных конкурсаў, для ўдзельнікаў мерапрыемства былі арганізаваны адукацыйныя экскурсіі. Самымі маштабнымі сталі праграма “У памяці пакаленняў”, у якую ўвайшло наведванне тэрыторыі створанага ў гады вайны канцэнтрацыйнага лагера Масюкоўшчына і тэматычнай экспазіцыі храма Узвышэння Крыжа Гасподняга; экскурсія “Мы памятаем. Мы шануем”, падчас якой удзельнікі злёту наведалі мемарыяльны комплекс “Трасцянец”; праграма “Даведнік у свет прафесій”, якая дазволіла зазірнуць у Нацыянальны архіў і музей Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

— Дзейнасць пошукавых аб’яднанняў са­дзейнічае сістэмнасці і эфектыўнасці работы па выхаванні патрыятызму, далучэнні моладзі да пошукавай і даследчай дзейнасці, — паведаміла галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Драпакова.— Ва ўсіх рэгіёнах краіны функцыянуюць пошукавыя клубы, атрады і пошукавыя групы, створаныя пры музеях устаноў адукацыі, навуковыя таварыствы па вывучэнні ваеннай гісторыі малой ра­дзімы. Усяго ва ўстановах адукацыі краіны створана больш за 300 пошукавых аб’яднанняў.

Ведаць мінулае дзеля будучыні

Адным з найважнейшых этапаў рэспубліканскага злёту пошукавых атрадаў стала канферэнцыя “І памятае свет выратаваны”, на якой удзель­нікі аб’яднанняў ваенна-патрыятычнага профілю расказвалі аб сваёй дзейнасці. Напрыклад, навучэнка сярэдняй школы3 Гомеля імя Д.Н.Пенязькова Аляксандра Каўганава правяла даследаванне звестак аб пахаванні на тэрыторыі ўстановы адукацыі афіцэра Чырвонай Арміі Фядота Дзмітрыевіча Бугаёва. З дапамогай архіўных дакументаў ёй і яе таварышам з пошукавай групы “Пунсовыя пагоны” ўдалося знайсці шмат важнай інфармацыі.

— Зацікавілася гэтай тэмай яшчэ летам 2020года, — падзялілася Аляксандра. — Да нас у школу паступілі звесткі аб тым, што зусім побач пахаваны афіцэр Чырвонай Арміі Фядот Бугаёў. Наша пошукавая група “Пунсовыя пагоны” вырашыла правесці маштабнае даследаванне. Мы звярнуліся да архіўных дакументаў, сабралі шмат інфармацыі. Напрыклад, высветлілі, як ён сюды трапіў. Таксама даведаліся, што афіцэр родам з украінскага горада Роўна і прыбыў на тэрыторыю БССР яшчэ ў 1941 годзе. У адным з баёў атрымаў цяжкія раненні, несумяшчальныя з жыццём. А пахавалі яго на тэрыторыі шпіталя, дзе цяпер стаіць наша школа.

Пасля паспяховага расследавання пошукавы атрад гомельскай сярэдняй школы № 3 імя Д.Н.Пенязькова вырашыў пашырыць сваю дзейнасць і звярнуў увагу на вуліцу Барыкіна, на якой знахо­дзіцца гэтая ўстанова адукацыі. Члены групы “Пунсовыя пагоны” раскапалі дакументы спецыяльнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецкіх карнікаў і іх памагатых.

— Іх пільны аналіз паказаў, што падчас акупацыі Гомеля пацярпела мноства мірных жыхароў,— падкрэсліла Аляксандра.— Вуліца Барыкіна не стала выключэннем. З акта Гомельскай гарадской камісіі вынікае, што асноўная маса загінуўшых мясцовых жыхароў была расстраляна за горадам на Рэчыцкай шашы, на восьмым кіламетры каля ся­дзібы машынна-трактарнай майстэрні і ў лясніцтве “Ляшчынец”. Акрамя таго, нам удалося знайсці сведку тых падзей, якая расказала, як у дзяцінстве яна разам з бацькамі хадзіла на могілкі і ўскладала там кветкі. Таксама дарослыя забаранялі дзецям набліжацца да іх без нагляду.

Дзякуючы расследаванню Аляксандры і пошукавай групы “Пунсовыя пагоны”, атрымалася лакалізаваць месцазнаходжанне некалькіх пахаванняў часоў Вялікай ­Айчыннай вайны.

— Мне вельмі спадабалася весці пошукавыя работы, — адзначыла дзяўчына. — Гэта не толькі цікава, але і карысна, бо дапамагае зразумець увесь жах тых падзей. ­
А яшчэ дазваляе ўвекавечыць ахвяру нашых салдат і афіцэраў, якія аддалі жыццё за мірнае неба. Упэўнена, што вельмі важна ведаць мінулае, каб не паўтараць яго памылак у будучыні.

Вечны ўрок

Галоўнай мэтай даследчай работы навучэнкі сярэдняй школы № 22 Мінска імя С.І.Грыцаўца Валерыі Заяц было вызначыць ролю і маштаб подзвігу беларусаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны дзеля захавання гераічнай памяці аб подзвігу нашага народа. Дзяўчына расказала пра работу ў пошукавай камандзе і пра свайго прадзеда Анатоля Іосіфавіча Куракова, які праходзіў службу ў 462-м стралковым палку на 2-м Беларускім фронце.

— Я актыўна ўдзельнічаю ў жыцці школы і з’яўляюся старшынёй савета школьнага музея,— падзялілася Валерыя. — Мне падабаецца пазнаваць нешта новае з гісторыі таго часу, удзельнічаць у пошуках інфармацыі і тэматычных тэатралізаваных пастаноўках. Акрамя таго, мой прадзед удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Ён ваяваў на 2-м Беларускім фронце пад камандаваннем маршала Канстанціна Ракасоўскага. Анатоль Іосіфавіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Славы І ступені, медалем “За перамогу над Германіяй”. Заўсёды буду памятаць пра яго подзвіг, імкнуся, каб пра яго ведалі іншыя.

Арганізатарамі рэспубліканскага злёту пошукавых атрадаў выступілі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Тройка наймацнейшых

Пераможцам рэспуб­ліканскага злёту пошукавых атрадаў  “Мы — нашчадкі Перамогі” стала каманда Гомельскай вобласці, прадстаўленая навучэнцамі сярэдняй школы № 3 Гомеля імя Д.Н.Пенязькова пад кіраўніцтвам Васіля Васільевіча Крывянкова.

2-е агульнакаманднае месца — у каманды з Мінска, прадстаўленай навучэнцамі сярэдняй школы № 22 імя С.І.Грыцаўца. Кіраўніком дружыны выступіла Настасся Барысаўна Сальнікава-Гарагляд.

На 3-й прыступцы раз­мясцілася каманда Брэсцкай вобласці, у якую ўвайшлі навучэнцы сярэдняй школы Здзітава Бярозаўскага раёна пад кіраўніцтвам Святланы Мікалаеўны Казадаевай.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.