Пра гісторыю сярэдняй школы № 1 Касцюковіч паведамяць высокія разгалістыя ліпы

- 17:06Новости

Гэтыя дрэвы былі пасаджаны больш за 60 гадоў назад клапатлівымі рукамі настаўнікаў і вучняў і даўно сталі сапраўднай візітоўкай школы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Утульная атмасфера

Кожны дзень гэтыя дрэвы вітаюць педагогаў і дзяцей. Ціха шапочуць пажаўцелым лісцем восенню, у маі праводзяць выпускнікоў у дарослае жыццё маладой зелянінай, а спякотным летнім днём пад іх цяністай кронай любяць адпачываць удзельнікі прышкольнага лагера.

Сучасны выгляд прышкольнай тэрыторыі

Невыпадкова дырэктар школы Святлана Анатольеўна Касцянкова свой аповед пра гісторыю ўстановы пачала такімі словамі:

— Адразу пасля ўзвядзення ў 1960 годзе новага будынка па ініцыятыве тагачаснага дырэктара Васіля Фаміча Чахоўскага і настаўнікаў каля школы была пасаджана ліпавая алея. Для мяне гэтыя дрэвы асабліва дарагія яшчэ і тым, што саджаў іх мой тата, на той час вучань.

Нядаўнія першакласнікі станавіліся выпускнікамі, маладыя спецыялісты — карыфеямі педагагічнай справы… Змяняліся пакаленні, эпохі, але нязменным на працягу ўжо шасці дзесяцігоддзяў застаецца любоў настаўнікаў і вучняў да ліп. Гэтыя дрэвы даўно сталі адным з сімвалаў школы, яе свое­асаблівай візітоўкай.

Падчас закладкі школьнага сквера

— А вось і фота таго часу, — працягвае Святлана Анатольеўна, гартаючы фотаальбом. — Здымак чорна-белы, таму складана вызначыць пару года. Хутчэй за ўсё, ранняя вясна 1961-га. Можна ўбачыць настаўнікаў у доўгіх паліто і капелюшах, дзяўчат-старшакласніц з бантамі, хлопцаў у кепках. Старэйшым школьнікам, як бачым, дапамагаюць малодшыя таварышы. Вунь хлопчык бяжыць з рыдлёўкай. Адразу відаць, што закладка сквера была агульнай справай.

Здымак, як цяпер модна га­варыць, атмасферны. Нібыта ма­шына часу, ён пераносіць на 63 гады назад. Здаецца, ты таксама ўдзельнічаеш у добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі і, узяўшы ў рукі рыдлёўку, накіроўваешся да дружнай кампаніі нас­таўнікаў і вучняў. Дарэчы, пра атмасферу. Калі сёння заходзіш у будынак найстарэйшай школы Касцюковіч, быццам адчуваеш подых мінулых эпох. І гэта пры тым, што ўнутраны выгляд кабінетаў, калідораў сучасны. Адразу падумалася: “Яск­равы прыклад сумяшчэння традыцый з сучаснасцю”. Тут адчуваецца нейкі спакой, не так шумна і мітусліва, як у вялікіх гарадскіх школах. Нядзіўна, што настаўнікі, як і вучні, любяць сваю школу.

Многія мае калегі з’яўляюцца яе выпускнікамі. Я сама хоць і скончыла 3-ю школу, але тут некалі вучыўся мой тата, цётка. Так што 1-я школа для мяне родная. Да таго ж гэта практычна адзінае месца маёй працы. Сюды я прыйшла маладым спецыялістам у 1997 го­дзе, тут прафесійна ўзрастаю, — адзначыла Святлана Анатольеўна.

З любоўю да Радзімы

Школы пад нумарам адзін звычайна самыя старэйшыя ў тым ці іншым горадзе. Не выключэнне і Касцюковічы. Яшчэ ў 1826 го­дзе тут было адкрыта аднакласнае вучылішча. У пачатку ХХ стагоддзя ўстанова называлася вышэйшым пачатковым вучылішчам, школай першай ступені, затым другой. У 1925 годзе — пачатковая школа, далей сямігадовая. 1930 год знакавы для ўстановы — яна размяшчаецца ў будынку па вуліцы Ленінскай. Наступнае наваселле школа справіла ў 1960 годзе, пераехаўшы на вуліцу Бонч-Бруевіча, дзе знаходзіцца і цяпер. Цікавы факт: напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны са школай развіталіся аж чатыры 10-я класы.

— Многія выпускнікі, а таксама настаўнікі змагаліся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах. Вядомы імёны і тых, хто загінуў, абараняючы Радзіму. Гэта настаўнікі Антон Антонавіч Банькоўскі, Гаўрыіл Іванавіч Фаянкоў, Мінай Нічыпаравіч Корбань. Ганарымся мы і тымі, каму пашчасціла вярнуцца дадому. Як расказвалі мне старэйшыя калегі, гэта былі сапраўдныя інтэлігенты, патрыёты. Прайшоўшы праз ваенныя выпрабаванні, яны цудоўна ведалі цану такім паняццям, як жыццё, доўг, вернасць, абавязак, любоў да Радзімы. Гэтаму яны вучылі і сваіх вучняў, — працягвае Святлана Анатольеўна.

Многія з іх былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод. Напрыклад, ордэнам Леніна ўзнагароджаны Парфён Васільевіч Васілеўскі, Барыс Рыгоравіч Крупадзёраў, Вольга Сямёнаўна Кузьміна, Вера Дзямідаўна Рабцава. Былі сярод настаўнікаў 1-й школы і ўзнагароджаныя ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак пашаны”. І канечне, сярод іх заслужаныя настаўнікі школы БССР, выдатнікі народнай асветы. Імя кожнага з іх займае пачэснае месца ў школьным летапісе.

Імя ў летапісе

Гісторыя школы — гэта ў першую чаргу лёсы людзей — нас­таўнікаў, вучняў, бацькоў. У ся­рэдняй школы № 1 Касцюковіч склаліся нават вучнёўскія дынастыі. Многія бацькі, бабулі з дзядулямі, якія самі некалі вучыліся ў школе, прыводзяць сюды ў 1 клас дзяцей і ўнукаў, нярэдка да сваіх жа нас­таўнікаў. Адным з такіх педагогаў, пра якога захоўваюцца добрыя ўспаміны ў жыхароў Касцюковіч розных пакаленняў, з’яўляецца Павел Аляксеевіч Цітоў. Яго жыццёвы шлях быў дасканала даследаваны ў рамках раённага конкурсу “Раскажы пра ветэрана”.

— Наша школа шэфствуе над многімі ветэранамі працы, таму выбраць галоўнага героя даследавання было няпроста. Але калегі вырашылі звярнуць увагу на тых, хто стаяў ля вытокаў жыцця нашай школы ў сённяшнім будынку. Таму выбар быў зроблены на карысць Паўла Аляксеевіча Цітова, — паведаміла Святлана Анатольеўна.

С.А.Касцянкова знаёміць са старонкамі школьнага летапісу

Лёс гэтага чалавека, як і ўсіх, хто нарадзіўся ў перадваенны час, быў няпростым. У 1 клас 1-й касцюковіцкай школы ён пайшоў у 1937 годзе. Вялікая Айчынная вайна ўнесла карэктывы ў навучанне, таму выпускны званок для яго прагучаў у 1949 годзе. Паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне ў Суражскі настаўніцкі інстытут, які скончыў з адзнакай. Пасля размеркавання тры гады працаваў у Казахскай ССР, дзе асвойвалася цаліна. Вярнуўся ў родную школу ў верасні 1954-га. У гэты час установа размяшчалася ў некалькіх драўляных будынках, не было ні спартыўнай, ні актавай залы, аднак гэта не перашкаджала педагогам весці заняткі на высокім узроўні.

Павел Аляксеевіч знаходзіўся ў пастаянным прафесійным пошуку і руху. Для павышэння ўзроўню сваёй адукацыі завочна паступіў у 1957 годзе ў Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М.Кірава. Акрамя выкладання матэматыкі і фізікі ў школе, у гарадскім Доме піянераў вёў гурткі кінадэманстратараў, па фотасправе і авіямадэлізме. Працаваў намеснікам дырэктара, а ў момант сыходу на пенсію ў 1989 годзе — настаўнікам фізікі. З сярэдняй школай № 1 Касцюковіч у яго было звязана 35 гадоў педагагічнага стажу і 10 гадоў вучнёўства.

— Калі згадваем гэтага чалавека, то абавязкова робім акцэнт на тым, што яго лёс абпаліла вайна. На пачатак Вялікай Айчыннай яму было 12 гадоў. Шмат выпрабаванняў выпала Паўлу Аляксеевічу. Яго бацька і старэйшыя браты ваявалі на фронце, адзін загінуў, іншыя родзічы таксама змагаліся з акупантамі, а сам ён таемна насіў ежу яўрэйскім дзецям у гета, дапамагаў партызанскім сем’ям. Пасля вызвалення Касцюковіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у школе размяшчаўся шпіталь. Павел Аляксеевіч з аднагодкамі былі частымі гасцямі ў палатах, дзе ляжалі параненыя, дапамагалі, як маглі, — паведаміла Святлана Анатольеўна.

Сардэчным, добрым, уважлівым, клапатлівым ён быў і ў часы настаўніцтва. Яго адданасць педагогіцы не засталася незаўважанай з боку дзяржавы. Ён атрымаў званні выдатніка народнай асветы БССР, настаўніка-метадыста школ БССР, быў узнагароджаны шматлікім граматамі рэспуб­ліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў. Але самай галоўнай узнагародай для Паўла Аляксее­віча была любоў з боку былых вучняў і калег. Яны часта тэлефанавалі яму, прыходзілі ў госці. Гасцям педагог любіў паказваць сваю багатую нумізматычную, філатэлічную калекцыю, розныя старажытныя артэфакты, якія збіраў на працягу многіх гадоў. З вялікім энтузіязмам ён успрыняў інфармацыю пра аднаўленне школьнага музея, падарыў экспазіцыі некаторыя прадметы са сваіх калекцый. Яшчэ дапамог у стварэнні школьнага летапісу: дапоўніў яго старонкі сваімі ўспамінамі, склаў спісы педагогаў розных часоў.

Памяць сэрца

Павел Аляксеевіч Цітоў таксама ўдзельнічаў у пасадцы ліпавай алеі. Ужо будучы на пенсіі, любіў прагуляцца ў школьным скверы пад дрэвамі, згадаць гады сваёй настаўніцкай працы.

Праз 10 гадоў дрэўцы падраслі…

Сённяшнія педагогі таксама любяць паслухаць шапаценне ліп, успомніць і Паўла Аляксеевіча, і іншых калег, тых, каго ўжо няма побач, але вобразы, словы якіх па-ранейшаму жывуць у сэрцы. Так і захоўваецца памяць пакаленняў, так і складаецца школьны летапіс.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва школы