Пра паступленне і не толькі: рубрыка «Вам адказвае Міністэрства адукацыі»

- 17:11Новости, Школа управления

На пытанні чытачоў адказала начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.

— Растлумачце, калі ласка, ці ёсць агульныя правілы для ўзроставага абмежавання для паступлення ва УВА? Ці кожная УВА па-свойму ставіць абмежаванне?

— У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі грамадзяне Рэс­публікі Беларусь, незалежна ад полу, расы, узросту, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага, сацыяльнага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў, а таксама ад іншых акалічнасцей, маюць права на атрыманне ў дзяржаўных установах адукацыі на конкурснай аснове бясплатнай вышэйшай адукацыі, калі адпаведную адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту яны атрымліваюць упершыню.

Абмежаванні па ўзросце пры паступленні вызначаны ва ўстановах вышэйшай адукацыі сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяс­пекі, якія ўстаноўлены заканадаўствам аб праходжанні адпаведнай службы.

Дадаткова паведамляем, што, у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 208 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, для асваення зместу адукацыйнай праграмы бакалаўрыята, бесперапыннай адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі на ўсе формы атрымання адукацыі прымаюцца (залічваюцца) асобы, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю, прафесійна-тэхнічную адукацыю (прафесійна-тэхнічную адукацыю з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічную адукацыю на аснове агульнай сярэдняй адукацыі) ці сярэднюю спецыяльную адукацыю.

— Мая дачка ў 2023 годзе спрабавала паступіць у медыцынскі каледж, але не прайшла па конкурсе. У тым жа годзе яна паступіла ў каледж мастацтваў у Магілёве на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці “Бібліятэчная справа”. Здала паспяхова першую сесію, збіраецца ехаць на другую. Але, на жаль, прафесія бібліятэкара ў цяперашні час мала запатрабавана. У сувязі з гэтым хацелася б спытаць: ці можа студэнт-завочнік пасля заканчэння першага курса, у перыяд канікул (ліпень — жнівень), паспрабаваць паступіць у іншую навучальную ўстанову (як, напрыклад, мая дачка — зноў паспрабаваць у медкаледж), але ў выпадку, калі зноў не пройдзе па конкурсе, прадоўжыць вучобу ў тым жа каледжы, дзе вучыцца цяпер? Калі гэта магчыма, то які алгарытм дзеянняў і ці прадугледжана гэта якім-небудзь нарматыўным дакументам?

— У адпаведнасці з пунктам 10 Правіл прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2022 года № 23, абітурыент прадастаўляе ў прыёмную камісію арыгіналы дакумента аб адукацыі і дадаткі да яго.

У каледжы на аснове асабістых спраў паступаючых (абітурыентаў) афармляецца асабістая справа навучэнца, у якой захоўваюцца арыгінал(ы) дакумента(ў) аб адукацыі і дадатку(аў) да яго (іх), дакументаў аб навучанні, прадастаўленыя пры паступленні (да спынення адукацыйных адносін), іх копіі (пасля спынення адукацыйных адносін).

Нормы, якія рэгламентуюць працэдуру выдачы дакументаў аб адукацыі з асабістай справы на пэўны перыяд часу да спынення адукацыйных адносін, заканадаўствам у сферы адукацыі не прадугледжаны.

У выпадку датэрміновага спынення адукацыйных адносін асобы, якія не завяршылі асваенне зместу аднаго з відаў адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі, маюць права на аднаўленне для прадаўжэння атрымання адукацыі, але не раней чым пасля заканчэння навучальнага года, у якім яны былі адлічаны. Аднаўленне ажыццяўляецца на семестр, паўгоддзе, у якіх яны былі адлічаны, або на семестр, паўгоддзе, на якія яны не былі пераведзены, або на больш раннія семестр, паўгоддзе па рашэнні кіраўніка ўстановы адукацыі з улікам неабходнасці асваення зместу адукацыйнай праграмы або ліквідацыі акадэмічнай запазычанасці (пункт 2 артыкула 69 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі).

Пры гэтым трэба адзна­чыць, што, у адпаведнасці з пунктам 4 Палажэння аб парадку і ўмовах адлічэння для пераводу, пераводу навучэнцаў і аднаўлення асоб для прадаўжэння атрымання адукацыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2022 года № 574 (далей — Палажэнне), аднаўленне ажыццяўляецца, як правіла, у перыяд летніх або зімовых канікул.

Умовамі аднаўлення з’яўляюцца наяўнасць свабодных месцаў ва ўстанове адукацыі ў межах колькасці навучэнцаў, прадугле­джанай ліцэнзіяй на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці, і (ці) у рамках кантрольных лічбаў прыёму па гэтай спецыяльнасці і на гэтым курсе навучання; наяўнасць у навучэнца магчымасці ліквідаваць разыходжанні ў вучэбна-праграмнай дакументацыі і (ці) акадэмічныя запазычанасці (пры наяўнасці) ва ўстаноўленыя тэрміны.

Звяртаем увагу, што аднаўленне асоб для атрымання адукацыі ў завочнай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспуб­ліканскага ці мясцовых бюджэтаў ажыццяўляецца ў выпадках, калі гэтыя асобы працуюць на паса­дзе служачага (па прафесіі рабочага), ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць або дзейнасць, якая не адносіцца, у адпаведнасці з заканадаўствам, да прадпрымальніцкай, па выбраным профілі (напрамку) адукацыі (пункт 7 Палажэння).

Аднаўленне ажыццяўляецца на падставе заявы асобы, якая жадае аднавіцца, яе законнага прадстаўніка на імя кіраўніка ўстановы адукацыі. Да заявы дадаюцца наступныя дакументы: арыгінал дакумента аб адукацыі; даведка аб навучанні, іншы дакумент аб навучанні (пры неабходнасці); даведка аб стане здароўя; 6 фатаграфій памерам 3×4 сантыметры; заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі аб адсутнасці супрацьпаказанняў для навучання па выбранай спецыяльнасці (для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў, інвалідаў І—ІІІ групы).

У выпадку падачы заявы ад імя навучэнца або асобы, якая жадае аднавіцца, яго законным прадстаўніком прад’яўляюцца дакументы, якія сведчаць асобу і пацвярджаюць статус законнага прадстаўніка, копія дакумента, які сведчыць асобу навучэнца або асобу, якая жадае аднавіцца.

Заява разглядаецца кіраўніком установы адукацыі не пазней за 15 каляндарных дзён з дня іх паступлення.

Інфармацыя аб наяўнасці свабодных месцаў, колькасці пада­дзеных заяў па спецыяльнасцях і курсах навучання размяшчаецца на афіцыйных сайтах устаноў адукацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт і абнаўляецца па меры змянення кантынгенту навучэнцаў і паступлення заяў.

З улікам сказанага, ваша дачка можа працягнуць навучанне ў каледжы ў рамках аднаўлення пры выкананні ўмоў, названых вышэй.

— Чым перападрыхтоўка на базе вышэйшай эканамічнай адукацыі для атрымання спецыяльнасці “Правазнаўства” адрозніваецца ад атрымання другой вышэйшай адукацыі “Правазнаўства” (кваліфікацыя “юрыст”), перавагі і недахопы, працаўладкаванне ў якасці каго магчыма ў абодвух выпадках, ці можна далей стаць адвакатам пры перапад­рыхтоўцы на базе вышэйшай адукацыі або абавязкова атрымліваць другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Правазнаўства”?

— Згодна з пунктам 28 Палажэння аб бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, зацверджанага па­становай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2022 года № 574 “Аб пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу”, асваенне зместу адукацыйных праграм перападрыхтоўкі не з’яўляецца атрыманнем вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці перападрыхтоўкі.

У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2011 года № 334-3 “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці Рэспублікі Беларусь” адвакатам у Рэспубліцы Беларусь можа быць фізічная асоба, якая з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, якая прайшла ва ўстаноўленых гэтым законам выпадках стажыроўку і здала кваліфікацыйны экзамен, атрымала ліцэнзію на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці і з’яўляецца членам тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі