Пра рэалізацыю модульных праектаў падчас канікул расказалі педагогі сярэдняй школы №2 г.п. Акцябрскі

- 15:10Репортаж

Дарогамі касмічных арбіт. Так называўся модульны праект, які быў рэалізаваны ў міжведамасным лагеры сацыяльна­-педагагічнага профілю “Правазнавец” сярэдняй школы № 2 гарадскога пасёлка Акцябрскі. Над ім выхаванцы лагера працавалі разам са сваімі бацькамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

За 15 дзён, пакуль доўжылася змена, у лагеры адпачылі 45 дзяцей. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Мядзведзева расказала, што яго наведвалі вучні ад 6 да 13 гадоў.

“Выбар профілю і назвы лагера не былі выпадковымі, — звярнула ўвагу А.Мядзведзева. — Летам дзеці больш часу праводзяць на вуліцы, ім прадастаўлена многа свабоды, а значыць, яны могуць здзяйсняць супрацьпраўныя ўчынкі. Наша задача — заняць усе катэгорыі дзяцей, асабліва з мнагадзетных сем’яў, а таксама тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з групы рызыкі”.

У “Правазнаўцы” былі сфарміраваны тры атрады: “Светлячкі”, “Ратавальнікі”, “Сябры”. У рабоце з імі педагогі аддавалі перавагу такой форме ўзаемадзеяння, як модульныя праекты. Яны лагічна звязвалі паміж сабой мерапрыемствы, што праводзіліся падчас змены.

“За два тыдні былі рэалізаваны праекты “Беларусь стваральная”, “Сям’я: я і мае карані”, “Дарогамі касмічных арбіт”, — працягвае намеснік дырэктара. — Для апошняга навучэнцы стваралі з бацькамі макеты Сонечнай сістэмы, планеты”.

Акрамя сумеснай сямейнай творчасці, педагогі школы праводзілі для сваіх выхаванцаў акцыі, віктарыны, конкурсы, трэнінгі і інш.

“Вялікая колькасць мерапрыемстваў была прысвечана тэме грамадзянска-патрыятычнага выхавання, — дадала А.Мядзведзева. — У плане выхаваўчай работы знайшла адлюстраванне і тэматыка Года якасці. Вялікая ўвага ў лагеры ўдзяляецца правілам бяспечных паводзін. Рэалізоўваць план выхаваўчай работы дапамагае міжведамаснае ўзаема­дзеянне з ДАІ, РАУС, РАНС, Асводам, у рамках якога право­дзяцца сустрэчы, сумесныя акцыі, інструктыўныя экскурсіі”.

Акцэнт у лагеры быў зроб­лены і на праектна-творчай дзейнасці. Яе вынікам стаў выпуск насценгазеты і выраб плакатаў.

“Дзеці разам з выхавальнікамі і бацькамі працавалі над такімі тэмамі, як “Мой радавод”, “Акцябрскі ў лічбах”, “Чырвоная кніга Акцябрскага раёна”, “Дзіўны космас”, — падагульніла настаўніца. — У плане выхаваўчай работы адлюстраваны значныя даты ў гісторыі Беларусі, дзяржаўныя святы, юбілеі вядомых людзей”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА