Прадстаўнікі «Педагагічнай прэсы» пабывалі ў Віцебску ў гасцях у ветэрана педагагічнай працы Марыны Троіцкай

- 16:14Новости

Прадстаўнікі “Педагагічнай прэсы” далучыліся да акцыі “Ад усёй душы” і павіншавалі з надыходзячымі святамі ветэрана педагагічнай працы Марыну Лельеўну Троіцкую. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Калі напярэдадні Новага года ўявіць пражытыя 12 месяцаў у выглядзе галоўнага сімвала надыходзячага свята, то на рэдакцыйнай ёлцы “Педагагічнай прэсы” адразу за­ззяе мноства дарог і сустрэч з цікавымі людзьмі — героямі публікацый. Нядаўняе віцебскае знаёмства з Марынай Лельеўнай Троіцкай, безумоўна, будзе ў гэтым сузор’і адной з самых яскравых, дарагіх сэрцу зорак. А ў ёй — напоўнены цеплынёй і любоўю да жыцця сусвет чалавека шчодрай душы і няпростага лёсу, настаўніка па прызванні і таленавітага майстра, чулай і мудрай суразмоўніцы. У госці да ветэрана педагагічнай працы мы завіталі дзякуючы рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”. І трапілі ў казку!

У кватэры Мікалая і Марыны Троіцкіх сёння ўладараць чарадзейныя гісторыі, дзе персанажы і інтэр’еры выраблены залатымі рукамі гаспадыні: Дзед Мароз і Зюзя Паазерскі, Шчаўкунчык, прынцэсы і феі, гномы і снегавікі, размаляваныя пернікі, кветкі і сняжынкі… Захапленне ад убачанага як на добрай выставе ў музеі, калі кожны экспанат хочацца доўга разглядаць, спасцігаючы яго таямніцы. Усё створана з клопатам пра сям’ю, на радасць блізкім. Наша гутарка была прасякнута адчуваннем чыстай каляднай радасці, судакранання з сапраўдным цудам і незвычайнымі адкрыццямі.

Што можа павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі? Дакладна вам скажу — не грошы. Яны важныя, хто ж паспрачаецца. Але галоўнае іншае. Педагог робіць сябе сам або паважаным, або не. І, колькі ні ўзнімай прэстыж прафесіі звонку, пачынаць трэба з сябе. Іншага не дадзена.

За кубачкам духмянай кавы з хатняй выпечкай пагаварылі пра жыццё, прафесію настаўніка, захапленні і грамадскую дзейнасць, справы сямейныя і музей сям’і ў гімназіі № 7 Віцебска імя П.Я.Кандраценкі, ля вытокаў якога стаяла наша гераіня.

— Ведаеце, гэта жыццё падказала, — разважае Марына Лельеўна. — У канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі я працавала намеснікам дырэктара, мы імкнуліся актыўней далу­чаць бацькоў навучэнцаў да жыцця ўстановы адукацыі. Між тым час ой які складаны… Хаця, калі ён быў просты? Большасці татаў і мам было тады зусім не да нас: праблема, як грошы зарабіць, а дзіця аддалі ў школу — вучыце і выхоўвайце! Мы паспрабавалі змяніць сітуацыю праз музей сям’і. Задума ўзнікла падчас размовы ў абласным інстытуце развіцця адукацыі, куды мы прыйшлі параіцца па новых эксперыментальных напрамках работы. Напэўна, адным з ключавых пунктаў адліку стаў конкурс візітовак пра сямейны радавод, дзе нашы вучні прадставілі вынікі сваіх даследаванняў. “Несмяротны полк” яшчэ не пачаў набіраць абароты, але ідэя паступова выспявала. Мы прапанавалі дзецям распытаць родных: можа, хтосьці ў сям’і быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны? Помню характэрны эпізод, калі другакласніца прыбегла да мяне — узрушаная, вочы велізарныя — і дакладвае: “Я даведалася: аказваецца, мой стрыечны дзядуля таксама быў на фронце, ён герой!” Уяўляеце: дзяўчынка ўпершыню пра гэта пачула! У нас потым па сцэнарыі дзеці выхо­дзі­лі на сцэну з фатаграфіямі сваіх дзядуляў і бабуль — ветэранаў вайны, расказвалі пра іх лёсы.

Вучнёўскія даследаванні ўвайшлі ў музейны фонд. Паступова вакол музея з’ядналіся ветэраны мікрараёна, навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў занатоўвалі іх успаміны і дзяліліся развагамі, пісалі сачыненні, захапіліся пошукавай справай. Так, разам зрабілі музейную залу Славы. Зразумела, адзіным напрамкам энтузіясты не абмяжоўваліся: яны ж хацелі працягнуць руку сям’і, пасябраваць. Таму зацікавіліся прафесіямі бацькоў, сямейнымі захапленнямі і хобі, нацыянальнымі беларускімі традыцыямі і рамёствамі  — адсюль стартавала многа прадукцыйных праектаў. Нетыповы музей установы адукацыі набыў пэўныя абрысы клуба па інтарэсах і ператварыўся ў эфектыўны рэсурс для работы з сям’ёй.

Марына Троіцкая вырасла ў сям’і ваенных і замуж выйшла за ваеннага. Лёс кожнага з яе родных варты не тое каб асабнай публікацыі — тут захапляльная кніжка атрымаецца! Так, дзядуля Марыны Лельеўны пачынаў афіцэрскую службу пад камандаваннем Івана Чарняхоўскага, прайшоў фінскую і Вялікую Айчынную войны. Муж палкоўнік Мікалай Троіцкі — баявы афіцэр, воін-інтэрнацыяналіст. Дванаццаць гадоў Мікалай Уладзіміравіч аддаў педагагічнай дзейнасці. Між іншым, па першай спецыяльнасці Марыне Лельеўне давялося працаваць на радыёзаводзе, у канструктарскім бюро — і ёй гэта вельмі падабалася. Аднак потым лёс зрабіў круты паварот, і яна паглыбілася ў педагагічную дзейнасць.

Дырэктар Выдавецкага дома Кацярына Дубінская ўручыла Марыне Троіцкай памятныя сувеніры ад “Педагагічнай прэсы”. А ў рэдакцыйную калекцыю адправіліся надзвычайнай прыгажосці навагоднія цацкі, створаныя рукамі гасціннай гаспадыні. Несумненна, самым каштоўным агульным здабыткам сталі нашы цёплыя ўспаміны. Ад усёй душы дзякуй, Марына Лельеўна!

 Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара