Прадстаўнікі Выдавецкага дома «Педагагічная прэса» пабывалі ў прэс­-туры па Мінскай вобласці

- 11:20Новости

На працягу двух дзён прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” былі ў прэс­-туры па Мінскай вобласці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Пачалося прэс-падарожжа з Клецкага раёна. Першым пунктам візіту стала гімназія Клецка, дзе госці азнаёміліся з вопытам работы педагогаў уста­новы з адоранымі навучэнцамі, сістэмай падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд, міжнародных конкурсаў і інш. Сваімі дасягненнямі таксама па­дзяліўся тэатральны калектыў “ЛіМат”. Яго ўдзельнікі паказалі фрагмент пастаноўкі “Помніць страшна. Забыць нельга” па матывах твора “Мы з вогненнай вёскі”.

У Клецкім сельскагаспадарчым каледжы дырэктар установы Фёдар Хачанкоў азнаёміў з падрыхтоўкай спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытвор­часці. Акрамя гэтага, у каледжы была арганізавана сустрэча з прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў, на якой навучэнцы змаглі задаць спецыялістам пы­танні, якія іх цікавяць.

Наступнымі ў маршруце сталі навучальныя ўстановы, што знаходзяцца ў вёсках Клецкага раёна. Цікавым вопытам даследчай ра­боты падзяліліся педагогі Заастравецкай сярэдняй школы. Дарэчы, тут працуе ўнікальны ў Мінскай вобласці гісторыка-этнаграфічны музей. А ў Грыцэвіцкай сярэдняй школе прадстаўнікі медыяхолдынга наведалі гістарычна-края­знаўчы музей і рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні.

Завяршыла першы дзень прэс-­туру наведванне Рассветаўскай сярэдняй школы — тут вучацца дзеці з Нясвіжскага і Клецкага раёнаў. Рассветаўская сярэдняя школа — сучасная ўстанова адукацыі, візітнай карткай якой з’яўляецца актыўнае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе інфармацыйных тэхналогій.

“Нашы навучэнцы штогод паступаюць на інжынерныя спецыяльнасці ў вядучыя УВА краіны, — расказаў дырэктар школы Сяргей Дубман. — Таксама ў школе працуе медыяцэнтр з сучасным абсталя­ваннем. Навучэнцы з задавальненнем вучацца мантажу, здымаюць навіны і вядуць свой YouTube-канал”.

Другі дзень прэс-туру прадоўжыўся знаёмствам з установа­мі адукацыі Нясвіжа і Нясвіжскага раёна. Першым пунктам у маршруце быў дзіцячы сад № 1 Нясвіжа “Чароўная краіна”. STEM-цэнтр, рэсурсны цэнтр асноў бяспекі жыццядзейнасці, спартыўная зала, пляцоўка для навучання гульні ў шахматы — гэта толькі частка таго, што паспелі ўбачыць прадстаўнікі медыяхолдынга падчас наведвання сада.

Наступнай установай адукацыі, якая значылася ў маршруце прэс-­туру, стала Сноўская сярэдняя школа. Тут пачынаючы з 1989 года працуюць класы педагагічнай на­кіраванасці. Настаўніца рускай мо­вы Іна Віннік паказала фрагмент заняткаў з будучымі настаўнікамі.

У Нясвіжскай гімназіі галоўны рэдактар часопіса “Народная асвета” Святлана Мазурына правяла для настаўнікаў горада і раёна майстар-клас “Інфармацыйная культура педагога: падрыхтоўка матэрыялаў для публікацыі ў навукова-метадычным часопісе”.

Акрамя таго, у гімназіі прайшла сустрэча прадстаўнікоў Выдавецкага дома з педагогамі, дзе абмяркоўваліся пытанні больш цеснага супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай”.

У сярэдняй школе № 1 Нясвіжа прадстаўнікі медыяхолдынга пагаварылі аб стварэнні і дзейнасці ­ваенна-патрыятычных клубаў як аднаго з элементаў патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

Апошняй установай адукацыі, якой завяршыўся прэс-тур па Міншчыне, стаў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. Яго дырэктар Алена Жураўлёва азнаё­міла журналістаў з гісторыяй музея, які дзейнічае ва ўстанове, з матэрыяльна-тэхнічнай базай, а таксама з вопытам творчай і спартыўнай работы з навучэнцамі. Так, каманда каледжа па міні-гольфе мае шэраг перамог на спаборніцтвах рознага ўзроўню.

Асаблівая гордасць каледжа — народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжачнікі”. У склад ансамбля ўваходзяць хлопцы, якія тут вучацца. Яны займаюцца музыкай з выдатным педагогам і музыкантам Уладзімірам Сухавеем. Калектыў выконвае народную музыку, пераклады твораў сучасных кампазітараў і нават класіку, у тым ліку пад танцавальнае і акрабатычнае суправаджэнне.

Падрабязней аб прэс-туры вы зможаце пачытаць у найбліжэйшых выпусках “Настаўніцкай газеты”.

Наталля САХНО