Навуковая навізна, тэхнічная значнасць, перспектыва, камерцыялізацыя даследаванняў — усё гэта ёсць у работах загадчыка кафедры прыкладной механікі і інжынернай графікі, кандыдата тэхнічных навук, дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Рамана Бондарава.
Раману Аляксандравічу ўсяго 32 гады, але на яго рахунку ўжо нямала прафесійных дасягненняў. За свае навуковыя распрацоўкі ён станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта, узнагароджваўся спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама. Наватарскія ідэі гэтага маладога вучонага таксама былі адзначаны на шэрагу міжнародных канферэнцый, прадстаўлены ў многіх навуковых выданнях, адзначаны медалямі і дыпломамі на прэстыжных конкурсах.
Сёння за свае поспехі Раман Бондараў уваходзіць у склад савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. А між тым ён нават не думаў, што звяжа будучую прафесію з навукай.
— Нейкага мэтанакіраванага імкнення да таго, каб займацца навукай або стаць вучоным, у мяне не было. А вось універсітэт і спецыяльнасць выбіраў свядома. Тут важную ролю адыграў прыклад бацькі. У свой час ён таксама скончыў механічны факультэт нашай УВА, — паведаміў Раман Аляксандравіч.
Далучыўся да навуковай дзейнасці Раман Бондараў менавіта ў студэнцтве. Да навукі яго прыцягнуў цяперашні рэктар універсітэта Максім Аляксандравіч Кіркор.
— Калі рабіў свае першыя крокі ў навуцы, мне вельмі пашанцавала з навуковымі кіраўнікамі. Напэўна, гэта ў многім і абумовіла маё далейшае жыццё, — расказаў Раман Аляксандравіч.
Першая навуковая работа Рамана Бондарава была звязана са стварэннем новага абсталявання для абсмажвання арахісу. Пазней гэтая ўстаноўка стала асновай для дыпломнага праекта.
— У той рабоце навуковая дзейнасць цесна перапляталася з наватарскімі канструктарскімі рашэннямі. Гэта мяне вельмі захапіла, захацелася займацца такім кірункам і далей. Таму вырашыў ісці ў магістратуру, а потым і ў аспірантуру, — адзначыў Раман Аляксандравіч.
Паводле яго слоў, падчас вучобы істотна дапамагала дзяржаўная падтрымка. Гранты ад Міністэрства адукацыі, стыпендыя Прэзідэнта вельмі матывавалі на плённую працу. Адпаведна, з’явіліся і вынікі. Яшчэ ў гады вучобы Раман Бондараў атрымаў свае першыя патэнты, распрацаванае ім абсталяванне і ўстаноўкі былі паспяхова ўкаранёны на шэрагу прадпрыемстваў рэгіёна.
— Працую над стварэннем натуральных харчовых дабавак для прадуктаў нацыянальнага значэння.
Цяпер Раман Аляксандравіч сур’ёзна займаецца вывучэннем працэсаў перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны на шматдысперсныя парашкі. Кірунак вельмі перспектыўны і актуальны.
— Працую над стварэннем натуральных харчовых дабавак для прадуктаў нацыянальнага значэння. У нашай краіне шырокая сыравінная база для вытворчасці натуральных фарбавальнікаў і араматызатараў, карысных для арганізма. Але іх стварэнне — дастаткова працаёмкі працэс, бо трэба не проста высушыць і здрабніць сыравіну, але і аддзяліць тонкадысперсныя часціцы. Памер гэтых часціц — менш за 50 мікрон. У гэтым і заключаецца галоўная складанасць. Неабходнае абсталяванне для гэтага распрацоўваў даволi доўга. Такая тэхнічная задача нідзе раней не рэалізоўвалася, таму даводзілася зыходзіць з тэарэтычных ведаў і вырабляць розныя канструкцыі з выкарыстаннем сучасных сродкаў мадэлявання і адытыўных тэхналогій. Было распрацавана нямала доследных мадэлей. У выніку ўдалося стварыць унікальны сушыльна-драбільны комплекс, дзе з аднаго боку загружаецца сыравіна, а з другога — атрымліваецца ўжо гатовы прадукт. Прычым прадукт вельмі дарагі. Кошт 1 кг натуральнай харчовай дабаўкі даходзіць да 400 еўра. Пакуль у асноўным закупка ажыццяўляецца за мяжой. Распрацаваны комплекс будзе дазваляць вырабляць свой айчынны прадукт, які ні ў чым не саступае па якасці імпартнаму, — падкрэсліў малады вучоны.
Навука займае першачарговае месца ў жыцці Рамана Бондарава. Але ён вядзе яшчэ і актыўную выкладчыцкую дзейнасць: чытае лекцыі па профільных дысцыплінах на розных патоках для студэнтаў з 1 па 4 курс. А яшчэ — курыруе дыпломнае праектаванне і магістрантаў, перыядычна з’яўляецца адказным сакратаром прыёмнай камісіі ўніверсітэта. Да ўсяго гэтага ў ліку яго штодзённых задач — кіраўніцкая работа. Ужо больш за тры гады Раман Аляксандравіч узначальвае ўніверсітэцкую кафедру.
— Загрузка часам бывае каласальнай. Спраўляцца з усім дапамагае тое, што я сапраўды займаюся тым, што мне падабаецца, — адзначыў Раман Бондараў.
У Рамана Аляксандравіча мноства планаў на будучыню. Але ўсе яны зводзяцца да аднаго — працягваць удасканальваць свае напрацоўкі ў выбранай навуковай сферы і ўкараняць перадавыя інавацыйныя тэхналогіі ў харчовую прамысловасць краіны.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.