Праект «Біб­лія­тэчнае падарожжа Сумкі-умкі» запусціла Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага

- 15:20Образование

Выхаванцы дзіцячага сада № 110 Гродна адправіліся ў падарожжа з кнігамі ад Сумкі­-умкі.

Новы праект “Біб­лія­тэчнае падарожжа Сумкі-умкі” запусціла Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага. Праект накіраваны на фарміраванне пазіцыі актыўнага чытача і папулярызацыю чытання сярод выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі.

У бібліятэчнай гарэзы Сумкі-умкі ўжо ёсць сотні сяброў па ўсім гора­дзе. Кніжную вандроўніцу радасна сустракалі і выхаванцы нашага дзіцячага сада. Хлопчыкі і дзяўчынкі адразу здагадаліся, што супрацоўнікі бібліятэкі прыехалі з нечым вельмі цікавым. Разам з вясёлымі загадкамі і казачнымі пераўвасабленнямі нашых юных чамучак чакаў сапраўдны сюрпрыз: 20 новых дзівосных кніг, з якімі яны адправяцца ў захапляльнае падарожжа па гарадах Беларусі, палічаць усе зоркі і планеты, даведаюцца пра добрыя манеры, знойдуць, дзе логіка, і вызначаць, колькі літар у беларускім алфавіце. Яны з лёгкасцю адгадвалі загадкі, шукалі збеглых кніжных герояў, расказвалі пра любімыя казкі і, вядома ж, усе ра­зам чыталі адну з самых цікавых кніг, якую прывезла Сумка-умка.

Выхаванцы нашага дзіцячага сада актыўна ўдзельнічалі ў праекце. Два тыдні госця з бібліятэкі радавала малышоў цікавымі гісторыямі, вясёлымі вершамі і чароўнымі казкамі. Педагогі разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі не толькі чыталі кнігі, але і выконвалі заданні, якія падрыхтаваў для іх міньён Антон, абмяркоўвалі прачытанае, разглядалі ілюстрацыі і замалёўвалі ўпадабаныя ўрыўкі. І вось усе кнігі прачытаны, заданні выкананы. Цяпер кніжную вандроўніцу радасна будуць сустракаць іншыя дзеці.

Галіна АЛЯХНОВІЧ,
загадчыца дзіцячага сада № 110 Гродна