Навучэнцы сярэдняй школы № 8 Крычава ўмеюць здзіўляць, яны рэалізавалі ўжо не адзін незвычайны праект. Дзеці прыдумалі свой варыянт карысных снэкаў, апрабавалі спосабы рацыянальнага вырошчвання цюльпанаў і выступілі з ідэяй для развіцця турызму ў родным раёне.
Перспектыўныя ініцыятывы школьнікі распрацоўваюць пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі Інгі Іўкінай і настаўніцы біялогіі Ірыны Кісялёвай. Педагогі даўно працуюць у творчым тандэме, мэта якога — далучэнне вучняў да праектнай і даследчай дзейнасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Так, школьнікі вывучаюць спосабы атрымання поліцукрыднага сіропу. Гэты праект накіраваны на імпартазамяшчэнне.
— Тэмай зацікавіліся, калі даведаліся, што значная частка буракоў для вырабу цукру закупляецца з іншых краін. Між тым замену цукру можна атрымаць з распаўсюджанай у Беларусі бульбы, калі дакладней — з бульбянога крухмалу. З яго магчыма вывесці поліцукрыдны сіроп — цалкам натуральны прадукт без якіх-небудзь дабавак, — кажа Ірына Кісялёва.
Ужываць поліцукрыдны сіроп можна ўсюды: дабаўляць у чай, варыць варэнне ці пячы пірагі. Зараз вучні пад кіраўніцтвам педагогаў шукаюць спрыяльныя варыянты атрымання сіропу.
— Разглядаем розныя спосабы. Пакуль падчас эксперыментаў выявілі, што самыя аптымальныя — ферментатыўны і пры дапамозе арганічных кіслот, — адзначыла Інга Іўкіна.
Праект па вырабе поліцукрыднага сіропу 8-я крычаўская школа ў хуткім часе плануе прадставіць на рэгіянальны адбор конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, прычым прэзентаваць зноў як бізнес-ідэю.
— Усе нашы праекты стараемся рабіць перспектыўнымі для рэалізацыі. У іншым рэчышчы нельга. Навучэнцы павінны разумець, што іх ініцыятыўнасць і прадпрымальнасць заўсёды могуць знайсці прымяненне ў рэальным жыцці, — упэўнены педагогі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі