Праект «Запусці сэрца». Школьнікаў будуць вучыць аказваць першую дапамогу людзям з сардэчным прыступам

- 11:15Новости

Унікальны праект стартаваў для дзесяцікласнікаў у Беларусі. Прадоўжыцца ён да 11 мая. Школьнікаў будуць вучыць, як ратаваць жыццё чалавека з сардэчным прыступам, калі лік ідзе на секунды. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Стартавае мерапрыемства праекта адбылося ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ужо на ўваходзе ва ўстанову школьнікаў сустракалі інфармацыйныя білборды: “Вашы рукі могуць рэальна выратаваць чалавека”. Чаму гэта так, медыкі расказалі моладзі на тэарэтычнай частцы сустрэчы. Асноўны пасыл, на якім яны акцэнтавалі ўвагу: сардэчны прыступ — як латарэя, толькі ад таго, хто ў крытычны момант апынецца побач, зале­жыць, выцягне чалавек шчаслівы білет альбо не, дастанецца яму смерць ці жыццё. Усе навыкі, якім вучылі дзяцей, заснаваны на рэкамендацыях Міжнароднага кіраўніцтва па першай дапамозе і рэанімацыі — 2021. Тэарэтычны модуль не быў доўгім, і падлеткі хутка перайшлі да практыкі: трэніраваліся на сучасных трэнажорах і сімулятарах, вучыліся вырашаць сітуацыйныя задачы ў рэальным рэжыме, атрымлівалі важныя ма­нуальныя навыкі рэанімацыі.

Арганізатары падкрэслілі, што асноўная мэта праекта “Запусці сэрца”— навучыць ратаваць жыццё: рабіць гэта павінны ўмець усе, а не толькі людзі з медыцынскай адукацыяй.

— Праект не замяняе курс медыцынскай падрыхтоўкі, якая рэалізуецца ў 10—11 класах, — заўважыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Ён прадугледжвае вучэбную праграму на паўтары гадзіны, якую мы распрацавалі сумесна з Міністэрствам аховы здароўя. Ключавую ролю тут адыгрывае менавіта адпрацоўка практычнага навыку аказання першай дапамогі. Пляцовак праекта ў краіне будзе каля 340, з сучасным абсталяваннем, манекенамі. А прафесіяналы ўсё даступна раскажуць і пакажуць вучням. Акрамя таго, школьнікі пазнаёмяцца з прафесіяй урача, з работай медыцынс­кіх устаноў. Што, вядома, з’яўляецца непасрэднай прафарыентацыяй. Можа, той, хто ў 10 класе збіраўся стаць інжынерам, зразумее, што медыцына яму больш блізкая.

Праект “Запусці сэрца” арганізаваны па ініцыятыве спецыялістаў Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Беларускага таварыства сімуляцыйнага навучання ў медыцыне, пры падтрымцы міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі Рэспублікі Беларусь. У акцыі прымуць удзел каля 20 тысяч навучэнцаў. Падлеткаў у шосты школьны дзень будуць вучыць навыкам першай дапамогі пры астаноўцы сэрца і аказанню базавай сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.

Дзесяцікласніца Паліна Шук з гімназіі № 19 Мінска, якая спрабавала рабіць масаж сэрца, прызналася, што аб прафесіі ўрача пакуль не задумвалася, але сёння яна адкрылася ёй з іншага боку.

— Мне пакуль не даво­дзі­лася аказваць першую дапамогу, але зараз я зразумела, што заўсёды трэба быць да гэтага гатовым, — адзначыла дзяўчына. — Без падрыхтоўкі, калі ў рэальным жыцці здарыцца бяда, будзе складана хутка сарыентавацца. Неабходна дакладна ведаць алгарытм, што рабіць: як правільна знайсці гру­дзіну пры масажы сэрца, куды паста­віць рукі, як, куды і колькі разоў націскаць, а галоўнае — з якой сілай, як рабіць штучнае дыханне. І запомніць усё трэба добра, каб у стрэсавай сітуацыі не разгубіцца.

Многія школьнікі заўважалі: тое, што мы бачым у кіно пра хуткую дапамогу, у жыцці зусім не так проста, як здаецца.

Ганна Заяц, настаўніца англійскай мовы 19-й гімназіі Мінска, расказала, што на мерапрыемства з ёй прыехалі 12 вучняў: 

Самае складанае ў аказанні першай дапамогі — на­б­рацца смеласці, паве­рыць у сябе і не перакладваць адказнасць на некага іншага. Я таксама сёння ўбачыла ўпершыню, як рабіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю.

— Я даведалася, што дапамогу чалавеку з сардэчным прыступам трэба паспець аказаць за 5 мінут, — падзялілася дзесяцікласніца гэтай жа гімназіі Софія Воласава. — Калі пройдзе больш часу, пачынае паміраць мозг. Перш-наперш варта праве­рыць, ці ў прытомнасці чалавек, ці дыхае ён. Калі не — зрабіць штучнае дыханне, пачынаць рэанімацыю з дапамогай абедзвюх рук — 100—120 націсканняў у мінуту.

Дарэчы, адна з мэт праекта — прафесійная арыентацыя.

— Мы хочам, каб у медыцыну ішлі людзі неабыякавыя, — падкрэсліла галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Абельская. — Акцыя ахоплівае вялікую колькасць прадстаўнікоў прафесійнай суполкі: у ёй прыма­юць удзел лячэбныя ўстановы, усе медыцынскія ўніверсітэты і каледжы краіны. Вялікая эфектыўная работа абавязкова прынясе адпаведныя вынікі. Тая мануальная практычная памяць, якую набудуць школьнікі, застанецца з імі на доўгія гады.

Як адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч, кожны хоча, каб, калі яго роднаму ці знаёмаму чалавеку стала дрэнна, побач быў медык. Але гэта не заўсёды магчыма. Таму важна навучыць запускаць хворае сэрца звычайных людзей.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара