«ПраеКТОрыЯ» Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі дапамагае школьнікам у выбары прафесіі

- 14:11Новости, Приложение, Шестой день

У праекце “ПраеКТОрыЯ” Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўдзельнічаюць 12 устаноў адукацыі Мастоўшчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прафарыентацыйны праект шостага школьнага дня “ПраеКТОрыЯ”, які стартаваў у верасні 2021 года, накіраваны на аказанне падтрымкі навучэнцам 9—10 класаў у працэсе выбару профілю навучання і сваёй будучай прафесійнай дзейнасці. Кожную з 12 устаноў адукацыі ў праекце прадстаўляе творчая група навучэнцаў. Школьнікі стварылі акаўнты груп у сетцы Instagram, дзе дзеляцца атрыманымі ведамі, уражаннямі ад сустрэч са знакамітымі людзьмі Мастоўшчыны. Перад дзецьмі выступаюць захопленыя сваёй справай прафесіяналы.

Па словах аўтара праекта намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце раённага цэнтра творчасці Наталлі Гарох, развіццё цікавасці да будучай прафесіі, фарміраванне ў вучняў гатоўнасці да ўсвядомленага выбару прафесійнага шляху адбываецца з дапамогай як вочных, так і анлайн-сустрэч з прадстаўнікамі арганізацый Мастоўскага раёна.

Так, пазітыўныя эмоцыі ў школьнікаў выклікалі сустрэчы з супрацоўнікамі Мастоўскага райаддзела МНС, на якіх яны даведаліся пра факультэты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Прафарыентацыйная сустрэча ўдзельнікаў праекта з начальнікам Мастоўскага раённага аддзела Следчага камітэта У.Л.Матысам прайшла з асаблівым захапленнем. Старшакласнікі даведаліся пра спецыфіку работы следчага і азнаёміліся з крыміналістычнай лабараторыяй на колах. Таксама дзеці змаглі паспрабаваць сябе ў ролі рэдактара і адказнага сакратара, наведаўшы рэдакцыю раённай газеты “Зара над Нёманам”. Адным з самых цікавых было мерапрыемства, дзе дзеці прымяралі на сябе прафесіі бацькоў.

У мінулым навучальным годзе ў рамках праекта вывучалі асаблівасці “прафесій у пагонах”. Штомесяц арганізоўваліся прафарыентацыйныя пляцоўкі сумесна з прадстаўнікамі Мастоўскага раённага ваеннага камісарыята, раённага аддзела ўнутраных спраў, аддзела ідэалогіі і па справах моладзі, Мастоўскага аддзялення Дэпартамента аховы, раённай арганізацыі Асвод. Старшакласнікі цікавіліся спецыяльнасцямі, якія можна атрымаць у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, вышэйшых навучальных установах сістэмы МУС, задавалі пытанні пра ваенную службу.

У бягучым навучальным годзе да праекта праявілі цікавасць дэпутаты маладзёжнага парламента пры Мастоўскім раённым Савеце дэпутатаў. Яны знаёмяць удзельнікаў з эмацыянальнай прафарыентацыяй. Размяшчаюць відэаролікі, пасты, у якіх расказваюць аб эмацыянальным і сацыяльным інтэлекце, прафесійных тыпах, прапануюць лепш сябе пазнаць, прайшоўшы тэст па QR-кодзе. Юныя парламентарыі правялі інтэлектуальную гульню, у якой спаборнічалі каманды ўстаноў адукацыі раёна. Сярод конкурсных заданняў трэба было распрацаваць анлайн-гульню аб прафесіях, квест-гульню пад дэвізам “Прафесія кожная — самая важная”, а ацэньвалі вынікі самі дэпутаты.

У апошні час удзельнікі праекта накіраваліся да самых маленькіх і пайшлі ў дзіцячы сад № 3. Старшакласнікі распрацавалі дыдактычныя гульні і ў даступнай форме расказваюць дзецям, хто такі аграном, настаўнік, пра прафесіі іх бацькоў. І дзецям вельмі цікава. Выхавальнікі падтрымалі праект, распрацавалі маляўнічыя дыдактычныя гульні. Далей плануецца задзейнічаць навучэнцаў пачатковай школы.

— Праект накіраваны на тое, каб дзеці пачынаючы з дзіцячага сада і потым у пачатковай школе не толькі даведаліся пра існуючыя прафесіі, але і адчулі, да чаго ляжыць душа, тады ў старшых класах ім будзе лягчэй зрабіць свядомы выбар, — падкрэсліла дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Радкевіч.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара