Начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра падрыхтоўку да ўшанавання знамянальнай даты — 80-годдзя Вялікай Перамогі.
— Віктар Паўлавіч, значэнне вялікіх гістарычных дат цяжка пераацаніць. Іх ушанаванне з’яўляецца яскравым прыкладам аб’яднання нацыі ў захаванні гістарычнай памяці як асновы выхавання патрыятызму і грамадзянскасці кожнага з нас.
— Выхаванне грамадзяніна і патрыёта Рэспублікі Беларусь знаходзіцца ў цэнтры сістэмнай і мэтанакіраванай дзейнасці галіновага міністэрства. Такія напрамкі з’яўляюцца фундаментальнымі ў працэсе адукацыі падрастаючага пакалення. Найбольшы пік выхаваўчай работы сярод навучэнцаў прыпадае менавіта на правядзенне мерапрыемстваў, якія прысвячаюцца святкаванню 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, дзе ўвасоблены найлепшыя напрацоўкі. Нашы праекты, акцыі, розныя выхаваўчыя мерапрыемствы знайшлі водгук у навучэнскай моладзі. У іх арганізацыі і правядзенні Міністэрства адукацыі актыўна супрацоўнічае з іншымі міністэрствамі і ведамствамі, грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі, задзейнічаны ўсе рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй і навучальныя ўстановы.
— Тэматыка мерапрыемстваў па ўшанаванні перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне дамінавала і ў папярэдні год у рамках тых праектаў, якія прысвячаліся 80-годдзю вызвалення Беларусі.
— Так, многія мерапрыемствы гэтай тэматыкі праводзіліся ў мінулым годзе (і раней) і будуць працягвацца ў гэтым. Гэта культурна-адукацыйны патрыятычны праект “Цягнік Памяці”, які пачаўся яшчэ ў 2022 годзе і за гэты час набыў сярод навучэнскай моладзі вялікую папулярнасць. Патрыятычная акцыя аб’яднала моладзь Беларусі і Расіі і стала наглядным урокам гісторыі для маладога пакалення. Каб вызначыць удзельнікаў праекта “Цягнік Памяці”, распаўсюдзіць вопыт паспяховай работы яго лідараў, з 2023 года праводзіцца рэспубліканскі конкурс “Я патрыёт сваёй краіны”. Па яго выніках мы і вызначаем удзельнікаў “Цягніка Памяці”. У мінулым годзе старт акцыі адбыўся 21 чэрвеня ў Брэсце. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 55 прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі, 55 — Беларусі, па 15 удзельнікаў Арменіі, Кыргызстана, Узбекістана, Азербайджана і Таджыкістана.
— Якія праекты па ўшанаванні гістарычных падзей сталі ўжо традыцыйнымі?
— Сярод іх рэспубліканская выстава-конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці “PROвызваленне”. Па выніках яе правядзення найбольш адметныя работы канкурсантаў размяшчаюцца ў выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, і з імі могуць азнаёміцца ўсе жадаючыя. Прывабным для школьнікаў і студэнтаў стаў рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі-2024”, які праводзіцца пад дэвізам “Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні”. Акрамя таго, сумесна з Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў і Беларускім фондам міру штогод праводзіцца рэспубліканскі конкурс дзіцячага малюнка “Нам мір завешчана берагчы”. У рамках 80-годдзя вызвалення Беларусі праходзіла рэспубліканская патрыятычная АРТ-ініцыятыва “Вы мір прынеслі маёй Беларусі!”. Яе творчыя работы размешчаны на інтэрнэт-рэсурсах, у сацыяльных сетках устаноў адукацыі. У мінулым годзе падхапіў эстафету Перамогі рэспубліканскі маладзёжны патрыятычны форум “Цытадэль Памяці”, які аб’яднаў больш за 140 студэнтаў з 29 універсітэтаў Беларусі і 7 — Расійскай Федэрацыі. Ім была прадстаўлена насычаная патрыятычная і культурна-адукацыйная праграма. 22 чэрвеня гэтага года адбудзецца чарговае адкрыццё форуму ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, у якім прыме ўдзел студэнцкая моладзь Беларусі і Расіі. Арганізатарам форуму выступае Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.
— Што стане цэнтральным, аб’ядноўваючым праектам у гэтыя знамянальныя дні? Якія акцыі будуць праведзены ўпершыню?
— Загалоўнай, кансалідавальнай з’яўляецца рэспубліканская героіка-патрыятычная акцыя “Вялікай Перамозе — 80!”, якая накіравана на фарміраванне ў навучэнцаў патрыятычных і духоўна-маральных якасцей на прыкладах баявых і працоўных подзвігаў беларускага народа. У рамках гэтага маштабнага праекта будзе праводзіцца шэраг творчых і даследчых конкурсаў, аб’яднаных тэмай Вялікай Перамогі, у якія можа ўключыцца кожны навучэнец. Упершыню будзе праводзіцца фестываль Саюзнай дзяржавы “Калі табе “кіжаватавец” імя — імя мацуй справамі сваімі”. Каардынатарам мерапрыемства ад нашай краіны стане Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Новы міжнародны праект 2025 года “Вайна. Перамога. Памяць” аб’яднае навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краін СНД. У гэтым годзе будзе дадзены старт рэспубліканскай ваенна-прыкладной гульні “Прарыў” для студэнцкай моладзі, арганізаванай нашым міністэрствам сумесна з Міністэрствам абароны, аблвыканкамамі, Беларускім саюзам афіцэраў, ГА “БРСМ”, Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь”.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена наведванню турыстычных аб’ектаў, накіраваных на фарміраванне ў навучэнцаў патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, правільнага грамадска-палітычнага погляду на падзеі і вынікі Другой сусветнай вайны, захаванне гістарычнай памяці. У гэтым годзе мерапрыемствы накіраваны на комплекснае даследаванне мясцовага краязнаўчага матэрыялу, гісторыі населеных пунктаў у гады вайны (конкурс “Летапіс Вялікай Перамогі”). У рамках экскурсійных маршрутаў і турыстычных паходаў выхаднога дня, іх прэзентацыі будуць наведаны памятныя аб’екты і праведзена іх добраўпарадкаванне (конкурс “Дарогамі воінскай славы”), увекавечанне памяці аб земляках — удзельніках Вялікай Айчыннай вайны праз стварэнне інфармацыйных інтэрактыўных даведнікаў, каталогаў (конкурс “Іх імёны ў гісторыі Перамогі”).
З мэтай далейшага ўдасканалення сістэмы патрыятычнага выхавання моладзі праз далучэнне яе да турыстычна-экскурсійнай і экспедыцыйнай дзейнасці стартаваў 5-ы этап Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” (праводзіцца ва ўстановах адукацыі краіны ў перыяд з лютага па снежань 2025 года), а таксама рэспубліканскі конкурс турыстычных відэаролікаў “Падарожнічай разам з намі!” (праводзіцца ва ўстановах адукацыі краіны ў перыяд са студзеня па лістапад 2025 года).
— Наколькі актывізавана ва ўстановах адукацыі работа па стварэнні музейных экспазіцый і выстаў, прысвечаных генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны?
— Работа вядзецца эфектыўна і мэтанакіравана. У цэлым па стане на студзень 2025 года атрымалі пашпарты 1437 музеяў, створаных у сістэме адукацыі. Музеі дзейнічаюць па пяці профілях, сярод якіх 213 музеяў маюць гістарычны (вайскова-гістарычны) профіль, 136 музеям устаноў адукацыі прысвоены статус “народны”. Пад кіраўніцтвам педагогаў навучэнцы вывучаюць прадметы і матэрыялы, якія знаходзяцца ў фондах музеяў, ажыццяўляюць перапіску з роднымі загінуўшых у гады вайны, устанаўліваюць новыя факты ў гісторыі сваёй малой радзімы і захоўваюць яе для будучых пакаленняў. Цяпер створаны 2772 тэматычныя экспазіцыі, 5936 выстаў, якія прысвечаны тэме генацыду беларускага народа. Патэнцыял экспазіцый выкарыстоўваецца ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, у тым ліку пры вывучэнні вучэбных прадметаў.
Паспяхова рэалізуецца праект па наведванні навучэнцамі дзяржаўных музеяў у рамках устаноўленага Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам культуры адзінага бясплатнага дня (апошняя серада месяца). Штогод больш за 400 тысяч навучэнцаў наведваюць музеі сферы культуры ў адзіны бясплатны дзень.
— Нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася чарговая выстава экспазіцый музеяў устаноў адукацыі. Што ў ёй асаблівага?
— Выстава адкрылася 13 лютага і працягнецца да 3 красавіка. Яна мае назву “Час. Спадчына. Памяць” і прысвечана тэме генацыду беларускага народа ў гады вайны. Экспанаты прадаставілі ўстановы адукацыі з усіх куткоў нашай краіны. На выставе экспануюцца ўнікальныя музейныя прадметы, якія раскрываюць гісторыю акупацыі і знішчэння мірнага насельніцтва, прадстаўляюцца рэчавыя доказы трагічных падзей у гісторыі беларускага народа. У экспазіцыях сабраны дакументы і асабістыя рэчы вязняў канцэнтрацыйных лагераў і гета, прадстаўлены матэрыялы па тэме Халакосту і подзвігу Праведнікаў народаў свету. Выставу актыўна наведваюць навучэнцы ўстаноў адукацыі, іх бацькі, педагогі.
— Якая роля адводзіцца кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні?
— Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні па праве лічыцца цэнтральнай фігурай выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуе 1730 кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 168. У мэтах выяўлення, абагульнення і распаўсюджвання лепшага вопыту работы ў лістападзе мінулага года прайшоў першы рэспубліканскі конкурс “Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні”, які яшчэ раз пацвердзіў, што яго работа надала новы імпульс патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў.
Аснову патрыятычнага выхавання складае захаванне гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Установамі адукацыі актыўна вядзецца пошукава-даследчая работа па вывучэнні гісторыі вайны, устанаўленні і ўвекавечанні памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны. Паспяхова працуюць пошукавыя клубы, атрады і групы. Праводзіцца актыўная работа з ваенкаматамі, упраўленнямі ўнутраных спраў аблвыканкамаў, абласнымі ўпраўленнямі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пагранзаставамі па стварэнні ваенна-патрыятычных клубаў.
На базе сілавых ведамстваў функцыянуе больш за 250 ваенна-патрыятычных клубаў, якія наведваюць больш за 8 тысяч навучэнцаў. Важна, каб выхаваўчыя мерапрыемствы набылі не толькі маштабны характар, але і былі напоўнены практычным патрыятычным зместам, а да іх правядзення павінен быць далучаны кожны навучэнец і студэнт. Адным з напрамкаў выхаваўчай работы па падрыхтоўцы да абароны Айчыны з’яўляецца ўдзел навучэнцаў у ваенізаваных гульнях “Зарнічка”, “Зарніца”, “Арляня”, якія праводзяцца сумесна з Міністэрствам абароны і маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял.
У 2025 годзе з мэтай прэзентацыі эфектыўных практык і дасягненняў пошукавых аб’яднанняў запланавана правядзенне рэспубліканскага агляду-конкурсу ваенна-патрыятычных аб’яднанняў. Яе вынікам стане рэспубліканскі злёт пераможцаў, які пройдзе ў ліпені 2025 года і збярэ лепшыя ваенна-патрыятычныя аб’яднанні з усіх абласцей і Мінска.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА