Прафарыентацыйныя суботы

- 14:02Прафарыентацыя, Сацыяльны ракурс

У свеце шмат розных прафесій, якія вучаць лячыць людзей, здабываць нафту і газ, будаваць дамы і дарогі, працаваць на зямлі, даглядаць жывёлу… Усе яны важныя. На асаблівым рахунку прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай. Падрыхтоўкай такіх спецыялістаў на працягу 70 гадоў займаецца Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, дзе вялікую ўвагу ўдзяляюць прафарыентацыі школьнікаў.  

— Раней, каб выканац­ь план набору на бю­джэтную форму навучання, мы арганізоўвалі рэгіянальную прома-акцыю “Будучыня краіны — у тваіх руках”, — расказвае дырэктар ліцэя Алена Талашка. — Гэтая ідэя з’явілася яшчэ ў 2012 годзе. Тады акцыя праходзіла на базе сельгаспрадпрыемства “Савушкіна”. Галоўная мэта штогадовага мерапрыемства — сарыентаваць вучняў на працоўную дзейнасць, павысіць іх сацыяльную актыўнасць у прафесійным самавызначэнні пры выха­дзе на рынак працы. Іншымі словамі, мы імкнуліся паказаць старшакласнікам перавагі сельскагаспадарчых прафесій, выклікаць цікавасць да непапулярных, на першы погляд, спецыяльнасцей. Прома-акцыі стваралі станоўчы імідж рабочых прафесій, фарміравалі пазітыўны вобраз чалавека працы. Мерапрыемства традыцыйна наведвалі дзевяцікласнікі ўстаноў адукацыі Маларыцкага, Брэсц­кага, Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў, а таксама абласнога цэнтра. Сёлета мы змянілі фармат мерапрыемства: праводзім з сакавіка прафарыентацыйныя прафесійныя суботы.

— Прафарыентацыя па суботах — важны кірунак работы, які ажыццяўляецца з улікам запытаў сучаснага рынку працы, запатрабаванасці прафесій і патрэб вучняў і іх бацькоў, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ліцэя Аксана Мірчук. — На прафарыентацыйных прафесійных суботах пабывалі ўжо вучні сярэдніх школ №№ 1 і 2 Маларыты, сярэдняй школы № 14 Брэста, сярэдніх школ №№ 6 і 8 Кобрына.

У праграме профільных субот “Зрабі выбар у прафесіі” шмат розных мерапрыемстваў: экскурсіі па вучэбным корпусе і інтэрнаце ліцэя, азнаямленне са спартыўнай базай установы (трэнажорнай і спартыўнымі заламі), майстар-класы “Электразваршчык ручной зваркі” і “Трактарыст-машыніст”, выстава тэхнічнай і інавацыйнай творчасці навучэнцаў, выступленні агіттэатра “Аграрый”… Кожная субота абавязкова завяршаецца ў сталовай, дзе школьнікаў частуюць смачным абедам. 

Прафарыентацыйныя прафесійныя суботы дазваляюць убачыць умовы для вучобы і адпачынку, створаныя ва ўстанове адукацыі. Школьнікі пераконваюцца, што ў прафліцэі выдатная база для набыцця прэстыжнай прафесіі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.