Прафарыентацыя, патрыятызм, адзінства і цэласнасць — складнікі іміджу Ражанкаўскай сярэдняй школы

- 16:17Пресс-тур «Настаўніцкай»

З чаго складаецца імідж Ражанкаўскай сярэдняй школы імя Г.К.Хрыптовіча, што ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Апошнія 18 гадоў Ражанкаўскую сярэднюю школу ўзначальвае Аліна Цівінская — кампетэнтны і тактоўны кіраўнік. Яна пераканана, што дырэктар у адказе не толькі за жыцці дзяцей і калектыву, але і за іх станаўленне і бяспеку.

— Фарміраванне ў вучняў і калег імкнення да здзяйсненняў і самаразвіцця — напрамак, якім неабходна займацца што­дня. Дасягаць самых неверагодных вышынь можна толькі тады, калі побач з табой аднадумцы, якія падтрымліваюць цябе, а ты — іх. Наладзіць даверлівыя адносіны з вучнямі, іх бацькамі і калегамі мне дапамагае ўменне дзяліцца з імі тым, што любіш і чым ганарышся. Усё, што адбываецца не толькі ў школе, але і ў сем’ях навучэнцаў, педагогаў, прама ці ўскосна закранае і кіраўніка, — прызналася Аліна Тадэвушаўна.

Яе школа аб’ядноўвае не толькі бацькоў навучэнцаў, але і ўсіх жыхароў аграгарадка. Бо яны ідуць у яе як на святочныя мерапрыемствы, так і для атрымання неабходных сельскаму жыхару паслуг.

Адзінства і цэласнасць

— Ражанкаўская сярэдняя школа — сацыяльна-культурны цэнтр. Наша асноўная задача — не толькі выхоўваць дзяцей, фарміраваць у іх пэўныя ўменні і навыкі, але і вучыць іх жыць у сучасным грамадстве. Наш цэнтр курыруе работу ўсіх школьных структур, а таксама падтрымлівае сувязь з прадпрыемствамі, — сказала Аліна Цівінская.

У цэнтры створаны клуб “Жыць здорава”. Дзякуючы яму, жыхары аграгарадка далучаюцца да вырашэння праблем школы, тут умацоўваюцца сувязі паміж бацькамі і дзецьмі. Разам яны бавяць вольны час і наведваюць спартыўна-масавыя мерапрыемствы, развіваюць культуру і захоўваюць спадчыну.

— Акрамя гэтага, у клубе мясцоваму насельніцтву аказваюцца паслугі па дробным рамонце адзення, ксеракапіраванні і навучанні камп’ютарнай грамаце. Яшчэ ў нас ёсць дзве трэнажорныя залы. У іх займаюцца бацькі, педагогі, шмат пажылых жыхароў аграгарадка, — дадала дырэктар.

Па яе словах, імідж са­цыяльна-культурнага цэнтра можна ахарактарызаваць так: цікава разам бавіць час з карысцю. Дзеля гэтага былі створаны дадатковыя ўмовы для адпачынку і зносін навучэнцаў, каб яны былі занятыя падчас перапынкаў і перад урокамі. Так, школьныя калідоры ператварыліся ў інтэрнэт-бібліятэку з камфортнай чытальнай залай. Падаконнікі пераабсталяваны ў зону свабоднай прасторы для дзяцей, дзе яны могуць памаляваць, паўтарыць дамашняе заданне і заняцца творчасцю. На дэкаратыўных палічках для іх пад­рыхтаваны алоўкі, папера, крэйда. На сілуэтнай фрэсцы ў фае, дзе размешчана дзяржаўная сімволіка, намаляваны абрысы знакавых помнікаў беларускай архітэктуры і культуры.

— Наш сацыяльна-культурны цэнтр — вялікае аб’яднанне. У кастрычніку побач са школай быў адкрыты дом-музей сельскага побыту аграгарадкоў Ражан­ка і Васілішкі. Сабрана шмат экспанатаў, якія выклікаюць ціка­васць у школьнікаў рознага ўзросту. А калі туды заходзяць бабулі і дзядулі, то заўсёды дзякуюць за магчымасць акунуцца ў сваё дзяцінства і з настальгіяй прыгадаць былыя гады, — падкрэсліла дырэктар школы.

Прафесійная арыентацыя

Яшчэ адзін складнік іміджу Ражанкаўскай школы — аграрныя класы, якія функцыянуюць з 2018 года. Прычым навучанне ў іх адбываецца ў цесным супрацоўніцтве з ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Старшакласнікі рэгулярна быва­юць на вытворчасці, сустракаюцца са спецыялістамі, знаё­мяцца з сакрэтамі і тонкасцямі сельскагас­падарчых прафесій.

— Кіраўніцтва прадпрыемства дапамагае нам у навучанні школьнікаў агракласаў, арганізоўваючы сустрэчы і экскурсіі. Лепшых вучняў заахвочва­юць і падтрымліваюць грашовымі прэміямі. Летась чатыры выпускнікі атрымалі мэтавыя накіраванні, — праінфармавала Аліна Цівінская.

А яшчэ з 2019 года вучні 10-х класаў маюць магчымасць асвоіць прафесію кухара. Прычым гэты факт паспрыяў пераходу ўстановы на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання.

— Калі мы задумаліся пра эстэтычны складнік школьнай сталовай, то вырашылі перафарбаваць і размаляваць сцены. Пасля набылі новыя касцюмы і фартухі для кухараў, а харчаблок аснасцілі сучасным посудам і цялежкамі для раздачы ежы, — дадала Аліна Тадэвушаўна.

Прафарыентацыйнай работай займаюцца і маладыя педагогі, якія сваім прыкладам натхняюць старшакласнікаў.

— Мы вельмі ганарымся тым, што за апошнія пяць гадоў усе маладыя спецыялісты замацаваліся за нашай школай. Калектыў амалоджваецца, узрост 18 з 35 педагогаў — да 40 гадоў. У нас арганізавана настаўніцтва, мы дапамагаем моладзі ўдзельнічаць у розных конкурсах, — сказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Андруцэвіч.

З пачатку бягучага навучальнага года Ражанкаўская сярэдняя школа ўключылася ў рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання гатоўнасці педагога да кіраўніцкай дзейнасці”. Малады настаўнік музыкі і выяўленчага мастацтва Л.А.Дробыш унесена ў віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў Шчучынскага раёна і Гродзенскай вобласці. Пад кіраўніцтвам Лізаветы Анатольеўны навучэнцамі былі заваяваны 14 раённых і 3 абласныя ўзнагароды розных конкурсаў.

— А з верасня 2022 года наша школа стала ўдзельніцай рэспуб­ліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Адзін з модуляў работы па рэалізацыі гэтага праекта — павышэнне ўзроўню кампетэнтнасці педагагічных работнікаў. За мінулы год нашы настаўнікі атрымалі 27 сертыфікатаў за ўдзел у абласных і рэспубліканскіх семінарах, — не без гордасці паведаміла А.Т.Цівінская.

Патрыятычны вектар

У Ражанкаўскай школе створаны ўсе ўмовы для гарманічнага развіцця навучэнцаў і выхавання дастойных грамадзян краіны. Педагогі і навучэнцы ўдзельніча­юць у абласных, рэспуб­ліканскіх праектах і конкурсах. Пад кі­раўніцтвам настаўніцы Марыны Казіміраўны Вялічка вучаніца Ангеліна Матавая атрымала дыпломы на абласным і заключным этапах ІІІ Рэспуб­ліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”. За гэта яна ўдастоена стыпендыі Гро­дзенскага абласнога грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”.

Ужо тры гады ў школе рэалізуецца маштабны праект “#расцём_патрыётамі”. У яго рамках у лютым мінулага года ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта парта героя — воіна-інтэрнацыяналіста Генрыха Хрыптовіча, які ў свой час быў вучнем гэтай установы. На жаль, 22 чэрвеня 1980 года ён загінуў у Афганістане і пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

— Намі праведзена вялікая пошукавая работа, каб установа адукацыі атрымала імя былога вучня. У нас было шмат сустрэч і гутарак з педагогамі і жыхарамі аграгарадка. У выніку летась 14 жніўня імя Г.К.Хрыптовіча было прысвоена нашай школе, а 20 лютага адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар героя, — сказала Аліна Цівінская.

Педагогі і вучні школы зараз працуюць над праектам “Па­мяць пакаленняў”. Ён прысвечаны 80-годдзю Перамогі і накіраваны на выхаванне патрыятызму. Старт яму быў дадзены 15 лютага — у дзень вываду войскаў з Афганістана, а завяршыцца ў Дзень Незалежнасці. Увогуле, у пошукавую дзейнасць установы ўключаны амаль усе навучэнцы, бацькі і педагогі. Так, у лютым быў прэзентаваны друкаваны варыянт летапісу Ражанкі, які складаецца з 60 старонак. На іх — уся гісторыя аграгарадка, школы, мясцовых прадпрыемстваў і ветэранаў. Да 9 Мая плануецца прадставіць і электронную версію летапісу на сайце школы.

— У нас працуе пошукава-даследчы атрад “Нашчадкі Перамогі”. Мы сабралі шмат матэрыялу пра воінаў-інтэрнацыя­налістаў нашай зямлі, які аформілі ў выглядзе музея ў чамадане. У ім знаходзяцца ўзнагароды, лісты, дакументы, фатаграфіі афганцаў Ф.Самусенкі і М.Пазняка, — праінфармавала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Вячаславаўна Дашкевіч.

Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што задачы патрыятычнага выхавання вырашаюцца і на ўроках, і ў час правядзення пазакласных мерапрыемстваў. Напрыклад, настаўніца пачатковых класаў Ірына Аркадзьеўна Самусенка, працуючы ў 3 класе, рэгулярна выкарыстоўвае методыку інтэрактыўных квадратаў.

— Фарміраванне сапраўднага грамадзяніна — мая галоўная задача як класнага кіраўніка. Дзеці ў пачатковых класах цікавяцца ўсім. Важна не страціць гэтую цікавасць, падтрымаць яе і развіць. Паколькі вучні яшчэ малыя, то на кожным уроку прыдумваю нешта новае, стараюся нацэліць іх на спазнанне сваёй краіны. Каб па-сапраўднаму любіць Радзіму, яе трэба ведаць, таму мы арганізоўваем паходы і экскурсіі. Пасля іх у нас застаецца шмат фота- і відэаматэрыялаў, якія мы потым афармляем у інтэр­актыўныя цаглінкі-перакрутышы, з якіх плануем да канца 4 класа скласці будынак нашых ведаў пра Радзіму, — адзначыла педагог.

Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Валянціна Пятроўна Лісай пераканана, што і дашкольнікам трэба расказваць пра падзеі Вялікай Айчыннай, але простай і даступнай мовай:

Дзецям больш зразумела, калі яны могуць убачыць і памацаць штосьці рукамі. Для гэтага мы і стварылі панарамнае палатно са здымнымі дэталямі. Дзякуючы гэтаму, дзеці ўключаюцца ў сюжэтна-ролевую гульню. Нашы дашкаляты ўжо добра разуме­юць, што вайна — гэта страшна.

Дарэчы, у школьны патрыятычны клуб “Факел” уваходзяць і дашкольнікі. Яны ўдзельнічаюць у святочных урачыстых мерапрыемствах: лінейках, мітынгах, шэсцях, канцэртах. Для малых нават форму пашылі, што дапамагае выхаваць у іх дысцыплінава­насць.

Даведка

У бягучым навучальным годзе ў Ражанкаўскай сярэдняй школе атрымліваюць адукацыю 158 навучэнцаў і 55 дашкольнікаў. З 2019 па 2024 год Ражанкаўская школа займала 1-е месца ў раённым конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі сярод сельскіх школ.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА